У той час, як на задымленых, зруйнаваных вуліцах беларускай сталіцы ішлі баі за яе вызваленне ад фашысцкіх акупантаў, у невялічкай вёсцы Сукачы на Брэстчыне, яшчэ захопленай ворагам, у сялянскай сям’і Вольгі Рыгораўны і Сяргея Міхайлавіча чакалі папаўненне. Дзяўчынку, якая з’явілася на свет 3 ліпеня 1944 года, назвалі Аляксандрай. Але ніхто тады ў палескай глыбінцы яшчэ не ведаў, што Мінск ужо ачышчаны ад гітлераўцаў і набыў жаданую свабоду, і што пазней гэты дзень стане галоўным дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Таму і атрымалася, што свой асабісты 70-гадовы дзень нараджэння Аляксандра Сяргееўна Фіцук сёлета адзначыць разам з адметным нацыянальным юбілеем.
Што памятае яна са свайго маленства? Як складвалася жыццё дзяўчынкі, якая расла і сталела разам са сваёй краінай?
Наша суразмоўніца ўзгадвае бацьку, яго франтавыя ўспаміны. Сяргея Міхайлавіча прызвалі на вайну напрыканцы лета 1944-га, пасля нараджэння дачкі, але ён з баямі прайшоў паў-Еўропы, быў моцна паранены, падлячыўся і Перамогу сустрэў у Берліне. Як расказвае Аляксандра Сяргееўна, бацька быў увогуле непісьменным: ён ведаў усяго дзве літары, якія пры патрэбе скарыстоўваў замест роспісу. У яго было па-сялянску простае стаўленне да жыцця. “Галоўнае – каб чалавек быў здаровым і мог працаваць на зямлі”, — гаварыў вясковец, і гэта сваё перакананне ён імкнуўся данесці дзецям. Таму і Аляксандру, і яе братоў – старэйшага і малодшага – з маленства прывучалі да сельскай работы. “Сена для хатняй жывёлы нарыхтоўвалі ўсёй сям’ёй. Побач стаяла вядро халоднай вады. Горача – выліў на сябе – і далей пайшоў шчыраваць граблямі ці віламі. Калі надыходзіла восень і трэба было капаць бульбу, – пра школу і мовы быць не магло. Тыднямі маглі не хадзіць на заняткі. Бо галоўным набыткам па тым часе лічыліся не веды, а тое, што ўзята з зямлі. Але хто хацеў вучыцца, той дамагаўся свайго”, — расказвае А.С.Фіцук.
Вось і Аляксандра мела вялікую схільнасць да навукі. У іх невялікай вясковай хаціне быў адзін пакой на ўсіх. Дарослыя лягуць, бывала, спаць, а яна возьме лямпу, прытушыць крыху – і чытае паўночы: Пушкіна, Някрасава, “Новую зямлю” Якуба Коласа. Маці прачнецца, насварыць, што лямпу так доўга паліць, а дзяўчынка прытушыць святло, пачакае, пакуль усе паснуць – і зноў за чытанне.
Памятае наша суразмоўніца і смак пасляваеннага ласунку — цукерак, якія называліся “падушачкамі”. Вясковыя дзеці выпрошвалі ў матулі пару-другую курыных яек – і беглі ў краму, каб абмяняць іх на салодкія прысмакі. “А цяпер жа ідзеш да каго ў госці, дык спачатку імкнешся даведацца, якія там цукеркі ці шакалад любяць. Нам і не снілася такая раскоша!” – заўважае Аляксандра Сяргееўна.
Памятае жанчына і свае першыя юначыя туфелькі. “Ідзем, бывала, з мамай да царквы ў Зёлава, дык я абутак здымала і да самай вёскі беражліва ў руках несла. Дабіраешся да месца, ногі вадой спаласнуў, і тады ўжо абуваешся. А назад зноўку басанож вяртаешся, каб туфелькі не стаптаць, каб іх надаўжэй хапіла. Але ж цяпер людзі даўно ўжо забыліся пра тое. А маладзейшыя і не ведаюць нястачы… Таму зараз часцей прыходзіцца назіраць іншую сітуацыю, калі ў хаце — поўная шафа адзення, а нам з вялікага выбару здаецца, што няма чаго апрануць. Грашым перад Богам, самі таго не разумеючы…” – разважае А.С.Фіцук.
А як весела раней было ў сельскай ваколіцы! У яе роднай вёсцы, у Сукачах, — прыпамінае наша суразмоўніца,— прама ў цэнтры сяла была пляцоўка. “У выхадныя і святочныя дні там збіраліся вясковыя мужчыны, і пачыналі гуляць у валейбол. Жанчыны з малымі дзеткамі прыходзілі ў якасці балельшчыкаў. А ў нас, падлеткаў, былі свае забавы. Нехта прыносіў мяч, пашыты з ануч, і мы пачыналі граць у сваю гульню. “Два агні” яна называлася: частка дзяцей была ў цэнтры, а астатнія з двух бакоў мячом імкнуліся выбіць ігракоў з поля. Ледзь на нагах трымаліся ад стомы, але дамоў з вуліцы не спяшаліся. А зараз дзеці больш ля камп’ютараў, не выходзячы з хаты, забаўляюцца…”—зазначае Аляксандра Сяргееўна.
Пасля заканчэння школы яе ўзялі працаваць ў бібліятэку, і дзяўчына завочна прадоўжыла вучобу ў тэхнікуме. А потым, ужо разам з мужам, Аляксандра Сяргееўна паступіла ў педінстытут. Так склалася іх настаўніцкая сям’я. Працавалі яны ў Дзеткавіцкай школе: ён выкладаў біялогію, яна – мову і літаратуру. Там абуладкавалі сваё жыллё, выгадавалі дачок, адна з якіх выйшла замуж за вайскоўца і цяпер жыве з сям’ёй у Расіі, недалёка ад Ніжняга Ноўгарада, другая – замужам у Антопалі. У старэйшай, Элеаноры, —трое сыноў, і ўсе яны закончылі ці вучацца ў вышэйшых навучальных установах. Днямі госці з Расіі наведалі родныя мясціны, каб павіншаваць сваю любую матулю і бабулю з юбілеем.
Сын малодшай дачкі, Таццяны, з якой зараз жыве А.С.Фіцук, таксама студэнт, вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску, а яе дачушка Анечка – школьніца. Можна лічыць, што менавіта ўнучка поўнасцю перайначыла жыццё бабулі. К таму часу, як нарадзілася Анечка, Аляксандра Сяргееўна ўжо аўдавела і жыла ў Дзеткавічах адна. Кароўку трымала, мяркуючы такім чынам дзецям дапамагчы. Але малодшая ўнучка часта хварэла, і аднойчы дачка сказала: “Мама, калі сапраўды хочаш дапамагчы, прадавай кароўку і перабірайся да нас. Мне на работу пара выходзіць, а Анечку даглядаць некаму трэба…”
Так жанчына з Дзеткавіч пераехала ў Антопаль, і ўжо каля дзясятка гадоў жыве ў сям’і малодшай дачкі. Аднак і пра дзеткавіцкую сядзібу Аляксандра Сяргееўна і яе родныя не забываюць: падкошваюць, даглядаюць, агародчык садзяць, каб зямелька не пуставала… Вельмі добрыя ўзаемаадносіны склаліся ў яе і з зяцем, і з новымі людзьмі-суседзьмі, і з унучкай, якую яна падгадавала ўжо да чацвёртага класа… А, можа, таму і ўтульна паўсюль жанчыне, што сама яна – пазітыўны і працалюбівы, добразычлівы і шчыры чалавек, які нікому не зайздросціць, які ўмее радавацца за іншых, спачуваць бліжнім, які нясе ў сваім сэрцы святло і любоў. І гэта заканамерна, што жыццё і людзі ў такім выпадку адказваюць узаемнай прыхільнасцю…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара