…У гэтыя выхадныя ва ўтульнай хаце Яўгена Дзям’янавіча і Зоі Мікалаеўны Авадок з вёскі Пярковічы будзе шумна і весела. Яе напоўняць дзіцячы смех і сапраўднае мора цёплых слоў, віншаванняў ад блізкіх ім людзей – сыноў з нявесткамі, любімых унукаў… Нагода для гэтага – самая што ні ёсць сур’ёзная і прыемная. Роўна 50 гадоў лёс моцна і назаўжды сваімі “ніткамі кахання” звязаў маладых Яўгена і Зою. Праз усё жыццё яны пранеслі свае пачуцці. А зараз святкуюць “залатое вяселле”!
Размясціўшыся на мяккай канапе, яны, усміхаючыся, апавядаюць пра свае жыццёвыя падзеі…
– Так атрымалася, што з маім будучым мужам мы былі знаёмыя з дзяцінства. Бацька Яўгена, знакаміты каваль, жыў у Пігасах. З усіх вёсак ішлі да яго са сваімі гаспадарчымі патрэбамі людзі, у ліку якіх быў і мой тата з Людвінова. Паступова мы сталі сябраваць сем’ямі. Памятаю, многа жартавалі, весела бавілі вольны час, – успамінае Зоя Мікалаеўна. А потым усклікае:
– У майго Яўгена не закахацца было немагчыма! Ён быў відны хлопец не толькі ў вёсцы, але і на ўсю акругу. Працавіты, шчыры, без дрэнных звычак…
… Пасля наступлення паўналецця, юнака прызвалі ў войска. Яўген, які ўжо меў вопыт працы токарам, апынуўся на доўгія 5 гадоў далёка ад родных мясцін і сваёй каханай дзяўчыны: служыў на ваенным заводзе ў Баку. Затым займаўся выпрабаваннямі наладкі ракетных установак. Там і напаткала Яўгена няшчасце. У выніку выбуху салдат атрымаў пералом пазваночніка.
–Ох, і многа ж прыйшлося перажыць! Лячэнне было слабое. Шмат ляжаў у шпіталях, бальніцах, перанёс некалькі аперацый, – гаворыць Я.Д. Авадок.
Праз пэўны час пасля вяртання Яўгена дахаты маладыя пажаніліся. Сям’я вырашыла пасяліцца ў Пярковічах, дзе Зоя Мікалаеўна ўжо працавала ў мясцовым доме-інтэрнаце завучам. Муж жа працаўладкаваўся ў Драгічын токарам, затым інжынерам, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі – энергетыкам у раён электрасетак.
…Імгненна праляцеў час. Бог падараваў сям’і Авадок двух сыноў, якія сталі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Андрэй – падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, а Аляксандр вырашыў звязаць свой лёс з медыцынай. Зараз ён загадвае рэанімацыяй у аддзяленні перасадкі коснага мозгу ў 9-й клінічнай бальніцы Мінска. За свае прафесійныя дасягненні Аляксандру прысвоена ганаровае званне “Выдатнік аховы здароўя Беларусі”.
Безумоўна, поспехі сыноў, якія знайшлі сваё прызначэнне ў жыцці, радуюць іх бацькоў. Яўген Дзям’янавіч і Зоя Мікалаеўна гавораць, што калі родную хату наведваюць дзеці і ўнукі (а іх у пенсіянераў чацвёра!) – гэта заўжды свята для яе пажылых гаспадароў!
Напрыканцы нашай гаворкі яны прызнаюцца, што пражылі сваё жыццё нездарма: рупліва працавалі, выгадавалі дзяцей, якімі можна ганарыцца ў старасці. І зараз Яўген Дзям’янавіч і Зоя Мікалаеўна Авадок – шчаслівыя разам…
Аляксей НАУМАВЕЦ
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА