Дэкаратыўна-прыкладная творчасць – гэта адно з лепшых хобі, за якім чалавек можа правесці свой вольны час. Ткацтва, разьба па дрэве, пляценне – далёка не поўны спіс заняткаў, якімі можна захапіцца і авалодаць іх сакрэтамі. Станоўчыя водгукі выклікае і тое, што людзі, маючы багаты вопыт у гэтай справе, перадаюць яго малодшым пакаленням. Вось і ў Імянінскай сярэдняй школе існуе гурток “Мастацкая вышыўка”, на занятках якога вучні з цікавасцю пераймаюць асновы прыкладной творчасці. А выкладае іх настаўніца замежнай мовы Марыя Міхайлаўна Харытанюк.
Наша суразмоўніца вучылася вышываць з самага дзяцінства. А перадавала Марыі Міхайлаўне свае навыкі яе маці, Любоў Тарасаўна. Ёй зараз каля васьмідзесяці гадоў, але жанчына і сёння час ад часу бярэцца за любімы занятак. Любоў Тарасаўна раней займалася і ткацтвам – вырабляла прыгожыя рэчы. У прыватнай калекцыі матулі і дачкі ёсць нямала характэрных экземпляраў. Найбольш прывабны з вырабаў – вясельны ручнік, вышыты яшчэ ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, які Любові Тарасаўне перад шлюбам падарыла яе хросная маці.
Жанчына з дапамогай іголкі, нітак і палатна робіць прыгожыя карціны, ручнікі, сурвэткі і інш. Як распавядае сама наша суразмоўніца, для яе гэта найлепшы спосаб з захапленнем правесці час. Вышываць яна можа цэлы дзень запар, і натхненне да гэтага не пакідае жанчыну. Работы Марыі Харытанюк неаднаразова былі на выставах у гарадскім Доме культуры: да Дня пажылых людзей, Дня настаўніка. У гэтым годзе яна прымала ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”, па выніках якога жанчына атрымала сертыфікат пераможцы.
Марыя Міхайлаўна з радасцю прывівае любоў да гэтага рамяства вучням Імянінскай школы. Заняткі гуртка “Мастацкая вышыўка” наведваюць дзяўчаты і хлопцы з пачатковых класаў, а таксама некалькі пяцікласнікаў. Сярод поспехаў дзяцей у мінулым навучальным годзе можна назваць два першыя месцы ў раённым конкурсе “Прывітанне, свет”, а руплівая вучаніца Насця Капанько стала лепшай у раённых этапах конкурсаў “Баку-2015” і “Вясёлкавы калейдаскоп”. Нядаўна вырабы гурткоўцаў былі адзначаны на занальным этапе конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Радавод”, і ў хуткім часе дзеці прымуць удзел у абласным спаборніцтве. Настаўніца і вучні школы часта наведваюць і віншуюць з юбілейнымі датамі ветэранаў педагагічнай працы і кожнаму абавязкова дораць вышыванкі, зробленыя сваімі рукамі.
Жанчына раней вучыла вышываць і сваіх дачок, а зараз перадае асновы гэтага рамяства траім унучкам. Яны заўсёды прыязджаюць да бабулі на канікулы і часта разам праводзяць вечары за любімым заняткам.
Марыя Міхайлаўна з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі Імянінскага сельскага Савета. У будынку ўстановы ў яе ёсць уласны кабінет, сцены якога ўпрыгожваюць вышыванкі нашай суразмоўніцы, а таксама вырабы мясцовых ветэранаў.
– Хацелася б, каб большая колькасць пенсіянераў займалася прыкладной творчасцю. Гэта вельмі карысны занятак, таму што выклікае добры настрой і радасныя эмоцыі, – лічыць Марыя Міхайлаўна.
Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА