Зноў апрануліся ў белую квецень сады, запалымнелі цюльпаны, пачалі раскрываць свае пялёсткі пяшчотныя бэзавыя гронкі, і плыве ў паветры лёгкі водар кветак вясны, кветак жыцця і Перамогі. Крочыць па зямлі май – месяц, які ў разуменні беларусаў стаў сімвалам “радасці са слязамі на вачах”, сімвалам свята, якое на многія дзесяцігоддзі ўсталявала на нашай зямлі мір і спакой. І заканамерна, што ў гэтыя вясновыя дні – асаблівая павага і ўшанаванне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія сваёй крывёю і потам адстаялі родную зямлю, вызвалілі яе ад варожай навалы, аднавілі з руін і попелу, адбудавалі і прадоўжылі жыццё.
Да шматлікіх віншаванняў далучыліся і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ала Юльянаўна Камісарчук разам з бухгалтарам Святланай Васільеўнай Дуньковіч у гэтыя перадсвяточныя дні наведалі ветэранаў-інвалідаў, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы і на сваіх плячах вынеслі не толькі цяжар вайны, але і пасляваеннага станаўлення вёскі. Яны пабывалі ў самых розных кутках раёна, выслухалі дзясяткі бясцэнных успамінаў жывых сведкаў тых гераічных і трагічных дзён.
На жаль, з кожным годам ветэранскі строй змяншаецца, і ёсць населеныя пункты, дзе ўжо не засталося салдат мінулай вайны. Але вёска Валавель – добрае выключэнне з гэтага правіла. На адной з яе вуліц і зараз жывуць два ветэраны, якіх многае аб’ядноўвае: і Канстанцін Іванавіч Дзеранчук, і Сцяпан Трафімавіч Угляніца падтрымлівалі сувязь з партызанамі, ваявалі на фронце, атрымалі раненні, і па сённяшні дзень ім баляць аднолькавыя раны. У пасляваенны час яны асвоілі самую мірную прафесію – сталі будаўнікамі, займаліся сваёй гаспадаркай, і здаецца, што менавіта пра такіх, як яны, складзена вядомая песня:
“Было ў салдата два полі.
Поле, дзе кветкі ірваў,
бегаў з сябрамі на волі,
і поле, дзе ён ваяваў…”
Пажылога вяскоўца Канстанціна Іванавіча Дзеранчука, 1922 года нараджэння, мы засталі на падворку: ён па прывычцы шукаў сабе занятак.
“Да нядаўняга часу ён яшчэ карову трымаў. А зімой прадалі яе, і работы паменшала. Але ж бацька без хатняй гаспадаркі слабець пачаў, сумуе…Ён усё жыццё ў клопатах правёў, і ніяк не можа змірыцца з тым, што ў такім узросце трэба крыху дбаць і пра адпачынак”, – са шкадаваннем расказвае яго дачка, якая пераехала ў вясковы дом, каб дагледзець блізкага чалавека.
Калі ж размова заходзіць аб вайне і аб тым, што з тых дзён больш за ўсё памятаецца, ветэран прыгадвае эпізод бітвы пад Варшавай. У наступленне пайшлі фашысцкія танкі. Баец заняў зручную пазіцыю і пачаў страляць з супрацьтанкавай зброі, адбіваючы атаку. Некалькі машын было падбіта, а потым у Канстанціна скончыліся патроны. Яго напарнік пабег за боепрыпасамі і недзе затрымаўся. А ў гэты момант танк прама з горкі паімчаўся да акопа, дзе заняў пазіцыю Дзеранчук. Ён даехаў акурат да месца, дзе знаходзіўся наш баец, гусеніцамі зачапіў шынель і развярнуўся, падмяўшы салдата. Пад гусеніцу трапіла супрацьтанкавае ружжо, якое стрымала асноўны цяжар жалезнай махіны і нейкім цудам уберагло яго ногі. Потым падышла падмога, Дзеранчука адкапалі з зямлі, і ён чуў, як нехта здзіўлена прамовіў: “Глядзі ты, жывы!”
Пазней было яшчэ адно цяжкае раненне – у шыю. Доктар, паглядзеўшы на хлопца, упэўнена сказаў: “Не жылец”. Але ж Канстанцін Дзеранчук аклямаўся,больш за паўгода правёў у шпіталі, і ў маі 1945-га яму далі водпуск, каб далячыўся. Ён прыехаў дадому, дзе і сустрэў Перамогу.
Пасля вайны ажаніўся, гадаваў дзяцей, працаваў у саўгаснай будоўлі і нават на пенсіі, у сталым узросце, па першаму поклічу выходзіў на дапамогу тутэйшаму сельгаспрадпрыемству. Праўда, апошнім часам былы франтавік усё часцей і часцей скардзіцца на тое, што “…нямее нага. І марозу няма, а яна ўсё мерзне.”
Незагойныя раны засталіся і на целе Сцяпана Трафімавіча Угляніцы, 1923 года нараджэння. Яшчэ да вайны хлопец стаў камсамольцам, і ў 1940-м годзе яго разам з іншымі актывістамі накіравалі ў Беласток дапамагаць ваенным пагранічнікам будаваць жыллё і памежныя ўмацаванні. Калі пачалася вайна, ён разумеў, што яму пагражае расправа з боку акупантаў. І пачаў хавацца ў лесе.
Наш суразмоўнік памятае, як аднойчы падчас аблавы ён разам са сваім аднавяскоўцам Сцяпанам Макаравічам Рапінчуком ратаваліся ўцёкамі… Той служыў у польскай арміі і падказваў хлопцу: “Як толькі пачуеш стрэл – падай. І адпаўзай убок, бо будуць цэліцца ў тое месца, дзе ты ляжыш”.
Так Сцяпан Угляніца дабег тады да выратавальнага лесу. Пазней хлопец наладзіў сувязь з партызанамі атрада Шыша, удзельнічаў у абароне Дняпроўска-Бугскага канала. Ён памятае, як яны трымалі бой на ўчастку Ляхавічы-Кублік-Селішча, як цяжка было супрацьстаяць узброеным карнікам. Потым паступіў загад адыходзіць, і яны праз балоты, дапамагаючы мірным жыхарам, якія пражывалі ў партызанскай зоне і якім пагражала расправа, перабіраліся на вызваленую тэрыторыю Украіны. Там злучыліся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, і малады партызан С.Т.Угляніца папоўніў яе рады. Байцоў абмундзіравалі, выдалі зброю – і на перадавую. Сцяпан Трафімавіч вызваляў Гродна, потым – Прыбалтыку. “Як хутка ў 41-м гітлераўцы ішлі да Масквы, так хутка ў 44-м яны ўцякалі назад”, – заўважае ветэран.
У адным з баёў яго параніла ў нагу. Паляжаў у шпіталі, падлячыўся, і зноў на фронт – пад Кёнігсберг. Але потым іх знялі з пазіцый, пагрузілі ў вагоны і накіравалі ў Маскву. Там Угляніца і сустрэў Перамогу.
Байцоў сталі рыхтаваць да вайны з Японіяй, але неўзабаве Квантунская армія капітуліравала. Аднак С.Т.Угляніца працягваў службу: ахоўваў важнейшыя аб’екты сталіцы, і толькі ў 1949-м годзе яго дэмабілізавалі.
Вярнуўшыся дадому, былы франтавік, як і многія з яго землякоў, пачаў ездзіць у заробкі, дзе за працу плацілі збожжам. А потым, калі саўгас умацаваўся, тутэйшы старшыня сабраў майстравітых вяскоўцаў і кажа: “Хопіць на чужбіну ездзіць. Давайце тут, на месцы, працаваць і зарабляць”.
Так С.Т.Угляніца аказаўся ў будаўнічай брыгадзе, а потым стаў і яе брыгадзірам. У 1955-м былы франтавік ажаніўся на вясковай дзяўчыне Ніне, якая была на 11 год маладзейшай за яго, зладкаваў свой дом, дзе хапіла і радасці, і скрухі…
Толькі праз чвэрць веку пасля вайны медыкі змаглі выявіць прычыну, чаму так часта баліць і крываточыць нага ветэрана, і дасталі з калена Сцяпана Трафімавіча кулю. Аднак поле пакутлівай памяці былога партызана і франтавіка не зарастае. Як у той даўняй песні:
“Два полі было ў салдата.
Адно зелянела травой,
другое было ўзарата
вайной і паліта крывёй…”
І так будзе, пакуль жыве ветэран – да скону яго дзён…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара