Тая частка жыцця, што засталася ў мінулым і стала радкамі яе біяграфіі, не была дарэмнай, бо і ў рабоце, і ў паўсядзённым побыце вясковай жанчыны ўсё ішло сваім звыклым парадкам: дзе цяжэй, дзе лягчэй, дзе – са скрухаю і перажываннем, а болей – з радасцю. І як бы там ні было, але многае ў жыцці Галіны Трафімаўны Жыгавец збылося і спраўдзілася. У прафесіі яна – добры і любімы дзецьмі выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў Радастаўскай школе і прадаўжальнік сямейнай педагагічнай дынастыі, у асабістым жыцці – прыкладная гаспадыня і спагадлівая жонка, клапатлівая дачка для аўдавелага бацькі і нястомная берагіня для сваіх дачок і іх сем’яў, дзе ўжо гадуецца чацвёра ўнукаў. І сёння яна, Галіна Трафімаўна, адзначае свой 50-гадовы юбілей…
Месцам яе нараджэння стала аддаленая вёска Какорыцы, з усіх бакоў акружаная возерам і балотамі. Расла Галіна ў шматдзетнай сям’і сельскіх настаўнікаў – Трафіма Іванавіча і Марыі Іванаўны Зіновіч (цяпер ужо нябожчыцы), і іх жыццёвы прыклад і адказнае стаўленне да работы выкладчыкаў сельскай школы паўплывалі і на прафесійны выбар дачкі, якая таксама паступіла ў педагагічны інстытут.
Пачынаючы з 1984 года, Г.Т.Жыгавец працавала ў розных навучальных установах Радастаўскага сельсавета, куды выйшла замуж і дзе звіла сваё сямейнае гняздзечка, з якога пазней выпырхнулі ў самастойнае жыццё тры дачушкі. Старэйшая, Вольга, мае адукацыю медыка і псіхолага, Даша прадоўжыла сямейную педагагічную дынастыю і пасля заканчэння ўніверсітэта выкладае замежную мову ў суседнім, Іванаўскім, раёне, а малодшая Янка працуе ў Следчым камітэце. Дочкі выйшлі замуж, жывуць сваімі сем’ямі, і толькі тады, калі дзеці, зяці і ўнукі збіраюцца разам, дом Жыгаўцоў поўніцца гоманам і смехам.
А на рабоце, у школе, спатканне Галіны Трафімаўны з дзяцінствам працягваецца. Яна – класны кіраўнік у дзявятым класе, і лічыць, што ёй пашанцавала з дзецьмі: каго з хлапчукоў ці дзяўчынак не вазьмі – суквецце талентаў, з якімі любая справа спорыцца. “А можа, я іх проста вельмі люблю і яны мне здаюцца такімі асаблівымі”, – зазначае Г.Т.Жыгавец.
Ёсць у Галіны Трафімаўны і яшчэ адно захапленне – кветкаводства. Імі ўпрыгожаны не толькі дом і ўласнае падвор’е сельскай настаўніцы, але і яе класны кабінет. Асабліва добра паўсюль прыжыліся рознакаляровыя фіялкі, і на нядаўнім семінары дырэктароў, які праходзіў на базе Радастаўскай школы, госці атрымалі па букеціку гэтых хатніх кветак. Як добры напамін пра мерапрыемства, як часцінку паўсядзённага старання вопытнейшага педагога гэтай навучальнай установы Галіны Трафімаўны Жыгавец і яе калег.
Але сёння – яе свята, яе слынны юбілей. Родныя нашай суразмоўніцы, яе вучні і іх бацькі ад душы зычаць Галіне Трафімаўне здароўя і аптымізму, таленавітых і працавітых выхаванцаў, жыццёвых і прафесійных поспехаў і здзяйсненняў.
Далучаемся да віншаванняў!
Галіна ШАФРАН
Фота Дар’і БАЙДУК