spot_img

Матуліна радасць

Дата:

У раёне завяршаецца Тыдзень маці, на працягу якога ў школах і ўстановах культуры, у калектывах і сем’ях з удзячнасцю ўзгадвалі і ўшаноўвалі тых, каго мы называем зямнымі анёламі і берагінямі – нашых дарагіх матуль. Непасрэдна ў святочны дзень, на Пакровы, старшыня райсавета дэпутатаў, кіраўнік раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Святлана Уладзіміраўна Барташ разам з актывістам гэтай грамадскай структуры, дырэктарам ТЦСАН Надзеяй Якаўлеўнай Камаровай наведалі сям’ю Лінік з Нямержы, каб павіншаваць Таццяну Цімафееўну і Валерыя Аляксеевіча з нараджэннем пятага сыночка. І гаспадыня, пяшчотна люляючы на руках немаўлятка, ахвотна расказала сваю сямейную гісторыю…

IMG_1182
Па сутнасці, усё пачыналася з Танінай мамы, што таксама самаахвярна прысвяціла і аддала сваё жыццё дзецям. У свой час да жанчыны, якая адна гадавала сына, пасватаўся ўдавец з Леснікоў, на ўтрыманні якога знаходзілася чацвёра дзетак. І яна рашыла проста зайсці ў той дом, каб глянуць, што і да чаго. “А як адчыніла дзверы, як кінулася да мяне на рукі самая маленькая з сіротак – двухгадовая Ірынка, то выйсці з хаты і пакінуць усё, як было, я ўжо не змагла”, – неаднойчы прызнавалася вясковая жанчына. Але гэта будзе намнога пазней, калі ў той сям’і народзіцца і падрасце сумеснае дзіцятка – дачушка Таня, наша цяперашняя суразмоўніца.
Па сутнасці, і жаніха для Тані выглядзела менавіта мама. Малады хлопец Валерый Лінік пераехаў у іх мясціны з Украіны, да родзічаў, уладкаваўся ў мясцовы калгас механізатарам. А Таніна мама аднойчы выпісала трактар, каб вывезці на соткі арганіку. Прыехаў Валерый, разгаварыўся з жанчынай, якая таксама была родам з Украіны, і тая – не то ў бок дачкі, якая пасля заканчэння школы працавала сельскім паштальёнам, не то ў бок госця – прагаварыла: “Добры ты хлопец. Мне б такога зяця…”
А года праз паўтара пасля той размовы, восенню 2000-га года, Таццяна і Валерый сапраўды пажаніліся: Хутка яны адзначаць 15-годдзе сумеснага жыцця.
На першай пары мясціліся ў маміным доме, у Лесніках. Там нарадзіўся і падрос Дзіма, які зараз вучыцца ў дзявятым класе і з’яўляецца школьным актывістам. А тады, калі яму толькі падышла пара ісці ў першы клас, Таццяна Цімафееўна і Валерый Аляксеевіч рашылі купляць жыллё і абжывацца ў Нямержы, дзе ёсць школа, дзіцячы садок, іншыя жыццёва неабходныя аб’екты. Набылі домік, а два гады таму назад, калі ў Лінікаў было ўжо чацвёра сыноў (Міхаіл зараз вучыцца ў чацвёртым класе, Аляксей – другакласнік, Цімафею споўнілася 4 гадкі), яны справілі наваселле ў новым сучасным катэджы, што быў пабудаваны для іх у адпаведнасці з дзяржаўнай Праграмай падтрымкі шматдзетных сем’яў.
“Ёсць дапамога з боку дзяржавы, але стараемся і самі. Муж працуе на дзвюх работах, трымаем вялікую гаспадарку: толькі гэтым летам выгадавалі і прадалі 22 парасяці. І дзяцей змалку прывучаем да сялянскай працы. Кожны з іх ужо ведае свае абавязкі: летам мае хлопцы паднімаліся і браліся кожны за сваё: старэйшы ўпраўляўся ў двары, малодшыя пад яго наглядам кармілі хатнюю птушку і іншую жыўнасць. Дзімка, калі бацька быў на рабоце, увогуле за гаспадара заставаўся, а я ўжо больш па дому, на кухні завіхалася, каб прыгатаваць што смачнейшае. Прадуктаў разыходзіцца многа: я неяк падлічыла, што за мінулую восень толькі на выпечку ў нас пайшло каля 200 кілаграмаў мукі і 80 літраў алею. Але ж справу аблягчае тое, што ў доме ёсць сучасная тэхніка: пральная машына-аўтамат, мульціварка і ўсё неабходнае. Ды і наша вялікая радня дапамагае: і мае браты і сёстры наведваюцца, і мужавы. Калі наспявае нейкая сезонная работа, талакой спраўляемся”, – расказвае Т.Ц.Лінік.
Што ж да выхавання дзяцей, то Таццяна Цімафееўна пастаянна наказвае хлопцам, каб ніколі не зайздросцілі іншым і не бралі таго, што ім не належыць, бо чужым дабром не разжывешся. А яшчэ прывучае да парадку. Свой двор яны ўпрыгожылі прывабнымі скульптурамі ў выглядзе грыбкоў і іншых форм, вызначылі месцы для збору смецця. У іх сям’і добра засвоілі правіла, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
У доме Лінікаў стараюцца захоўваць рэлігійныя святы і звычаі сваіх праваслаўных продкаў. “Без Бога – не да парога,” – пастаянна нагадваюць бацькі сваім падрастаючым сынам. І калі ў сям’і знайшлося пятае дзіцятка, Таццяна Цімафееўна з мужам прынялі гэта, як Гасподні падарунак. “Дом з самымі неабходнымі зручнасцямі ў нас ёсць, хлеба на ўсіх хопіць, спраўляцца з бытавымі клопатамі цяпер дапамагае сучасная тэхніка – што складанага ў такіх умовах дзяцей гадаваць?” – разважае вясковая жанчына. Таму адзінае, аб чым моліць-просіць штодня наша суразмоўніца – гэта каб Бог даў сілы падняць усіх на ногі.
– Калі мае дзеці і муж здаровыя і ў мяне самой – добрае самаадчуванне, то я – самая шчаслівая і багатая жанчына і ніякага большага дабра мне не жадаецца, – прызнаецца наша суразмоўніца, пяшчотна цалуючы свайго нованароджанага сыночка. І трохтыднёвы Сяргейка, праз сон адчуўшы цёплы мацярынскі дотык, неспадзявана засмяяўся. Упершыню і ўслых…
Таццяна Цімафееўна ведае, што наперадзе ў Сяргейкі – першы крок, першае слова, першыя праявы шчырай сыноўняй любові. І для жанчыны гэта – найвялікшая радасць, якая з кожным нована- роджаным дзіцём для яе паўтараецца…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтараIMG_1215

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

ЦИК зарегистрировал инициативную группу по выдвижению Александра Лукашенко кандидатом в Президенты

ЦИК зарегистрировал инициативную группу граждан по сбору подписей избирателей...

ЦИК отказал в регистрации двум инициативным группам по выдвижению кандидатов в Президенты

ЦИК отказал в регистрации двум инициативным группам граждан по...

Немного о брачном договоре

В настоящий момент заключение брачных договоров становится популярнее, ведь...

Еще 11 палат для ветеранов войн и труда открыли в Брестской областной больнице

В Брестской областной клинической больнице открыли еще 11 комфортабельных...