Адна з бясспрэчных духоўных ісцін заключаецца ў тым, што жыццё – гэта падручнік, па якому мы вучымся да скону сваіх дзён. Яе пацвердзіла і нядаўняя экскурсійная паездка ў сталіцу нашай рэспублікі – у Мінск, куды мы накіраваліся ледзь не ўсім калектывам рэдакцыі, скааперыраваўшыся з работнікамі сферы культуры, з якімі нас аб’ядноўвае агульны прафсаюзны камітэт. Вырашылі наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку Беларусі і паглядзець вячэрні спектакль у дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. І не пашкадавалі…
Адметна, што цяпер не толькі тэатры, але і сучасныя музеі “пачынаюцца з вешалкі”, і гэта сведчыць аб тым, што для наведвальнікаў, для іх духоўнага і інтэлектуальнага ўзбагачэння, тут створаны самыя спрыяльныя і камфортныя ўмовы. Настроіць струны душы на патрэбны лад дапамагае экспанат у выглядзе вялікага зямнога шара, які размешчаны перад уваходам у першую музейную залу пад сімвалічнай назвай “Мір і вайна”. З дапамогай мультымедыйных тэхналогій нам паказваюць, якая прыгожая і, разам з тым, крыштальна-крохкая і безабаронная наша Зямля, які непапраўны ўрон ёй наносяць узброеныя канфлікты і войны, і як важна кожнаму ўхіляцца ад зла і разладу і імкнуцца да міру…
Усяго ў новым музеі абуладкавана дзесяць экспазіцыйных залаў, дзе адлюстраваны перадваенны перыяд, абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі, цяжкія дарогі вайны, карэнны пералом з Курскай і Сталінградскай бітвамі, акупацыйны перыяд, партызанскі рух і ўдзел у міжнародным супраціўленні, Перамога і пасляваеннае ўзнаўленне. Тут многа сапраўды рарытэтных экспанатаў: перад намі паўстаюць сюжэты змаганняў першых дзён вайны і тагачасная тэхніка – савецкія і нямецкія танкі, самалёты, цяжкае ўзбраенне…
Да глыбіні душы кранаюць лёсы радавых салдат нашай Вялікай Перамогі. Пры ўваходзе ў залу “Дарогамі вайны” перад вачыма паўстае даваенны аўтамабіль “ГАЗ”, які ў народзе называлі “палутаркай”. Экскурсавод расказаў, што ў гэтай машыны разам з яе ўладальнікам – вельмі насычаная і цікавая біяграфія. Аказалася, што перад вайной гэты аўтамабіль набыў адзін з калгасаў Віцеб-шчыны, і на ім працаваў вадзіцель Павел Міхайлаў. У першыя дні вайны яго разам з “палутаркай” накіравалі на фронт. Міхайлаў удзельнічаў у баях пад Масквой, вазіў на сваім аўтамабілі грузы ў блакадны Ленінград і вывозіў на ім дзяцей па “дарозе жыцця”. Ён настолькі беражліва ставіўся да сваёй тэхнікі, што нават пры раненні папрасіў дактароў, каб не адпраўлялі яго ў медсанбат, а лячылі на месцы – прама ў аўтамабілі.
На сваёй машыне герой даехаў да Берліна, і, улічваючы такія адносіны салдата да тэхнікі, пры дэмабілізацыі камандаванне падарыла Міхайлаву гэты аўтамабіль. Павел вярнуўся ў родную гаспадарку, і яго “ГАЗ” яшчэ доўга заставаўся ці не адзінай грузавой машынай на ўсю ваколіцу. На ёй былы франтавік працаваў да пенсіі, яна засталася з ім і пазней. А перад смерцю ён перадаў сваю легендарную “палутарку” музею, куды яе, між іншым, даставілі сваім ходам. Аўтамабіль Міхайлава праславіўся яшчэ і тым, што пазней здымаўся ў вядомых кінафільмах “Доўгая дарога ў дзюнах” і “У жніўні 1944-га…”.
Экскурсавод-прафесіянал і сучасныя тэхналогіі і інсталяцыі ствараюць эфект прысутнасці экскурсантаў на месцы многіх былых падзей, дапамагаюць перажыць многія моманты з мінулага і ў цяперашняй рэальнасці. Да прыкладу, у зале, дзе адлюстравана абарона Брэсцкай крэпасці, мы чуем узрывы гранат, а ў залу, дзе сабраны звесткі аб зверствах фашыстаў на акупіраванай беларускай зямлі, уваходзім праз дымавую завесу, скрозь якую высвечваюцца назвы спаленых вёсак. Тое, што мы ўбачылі і перажылі ў музеі – кавалачак “блакаднага хлеба”, попел закатаваных у лагерах смерці людзей, мноства зброі, якой лёгка забіць чалавека, не думаючы пра тое, як цяжка яго нарадзіць і выгадаваць – усё гэта не пакідала абыякавымі. І заставалася пачуццё, якое вельмі добра выказаў адным са сваіх вершаў наш беларускі паэт Аркадзь Куляшоў:
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,
Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,
Мільярд калысак – у мільярд магіл.
І каб прыйсці да такога пераканання, каб яно стала жыццёвым дэвізам кожнага з нашых суайчыннікаў – трэба бываць у музеях, прысвечаных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Вельмі пазнавальнай і насычанай аказалася і экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы.Незабыўныя ўражанні пакінуў музей кнігі, дзе захоўваюцца ўнікальныя помнікі нашай культуры: рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, рэдкія выданні мінулых вякоў. Мы пазна-ёміліся з жамчужынай музейнай калекцыі – кнігай Бібліі беларускага перша-друкара Францыска Скарыны, выдадзенай у 1517-1519 гг., палюбаваліся прыгажосцю сталіцы з вышыні “птушынага палёту”, падняўшыся на высотную пляцоўку, дакрануліся да струменістага фантана ў выглядзе “шара ведаў”, шчыра давяраючы легендзе, што калі выканаць гэты рытуал, то стануць даступнымі веды з 14 мільёнаў кніг, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы…
А дастойным завяршэннем нашай паездкі ў сталіцу стаў спектакль-аперэта “Лятучая мыш” з дасціпным, вясёлым сюжэтам і цудоўнай музыкай, які мы па-глядзелі ў акадэмічным музычным тэатры. Нам заставалася толькі канстатаваць: наш адпачынак зладзіўся! Мы дакрануліся да невычарпальных крыніц новых ведаў, уражанняў, эмоцый. І на ўсё гэта быў патрачаны толькі адзін дзень, які не быў дарэмным у нашым жыцці, а пакінуў вельмі добры след. І ў душы, і ў памяці…
Галіна ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА