spot_img

3 месца літаратурнага конкурсу ў намінацыі «проза» – «Шануем мінулае, каб будучыню мець…»

Дата:

У сэрцы кожнага з нас захоўваецца куточак нашай маленькай радзімы, які заўжды грэе і натхняе, і адкуль мы чэрпаем добрыя, светлыя, радасныя ўспаміны. Многіх дастойных людзей выгадавала, адправіла ў вялікі свет і наша маленькая вёска Заверша. Тут склаліся і падтрымліваюцца свае самабытныя традыцыі, у тым ліку – і ў адносінах да выхавання падрастаючага пакалення. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць не толькі бацькі і педагогі, але і мясцовая ветэранская арганізацыя, прадстаўнікі якой разам з дзецьмі пастаянна наведваюць нямоглых і адзінокіх пажылых людзей, падтрымліваюць іх і словам, і канкрэтнай справай. Так маладыя спасцігаюць непарыўную сувязь пакаленняў і сваю персанальную адказнасць за тых, хто побач і хто мае патрэбу ў дапамозе.

Спаконвечныя рамёствы

На памяць прыходзяць цудоўныя паэтычныя словы:
Шануй свой кут, нашчадак
беларус,
Усё, што пад зямлёй і на зямлі.
І самы доўгі вышыты абрус
На стол стагоддзяў мірных пакладзі…
Іншы раз здаецца, што гэты вершаваны наказ датычыцца нашай вёскі Заверша. Яна адметная тым, што ў ёй да цяперашняй пары не згінула, захавалася спаконвечнае ткацкае рамяство, якім валодаюць не толькі пажылыя жанчыны, але і іх маладзейшыя нашчадкі.
“Мяне змалку прывучалі да вясковай работы, – прызнаецца настаўніца Завершскай школы Валянціна Мікалаеўна Грэчка. – Павучыўшы ўрокі, я хутчэй бегла на ферму, каб дапамагчы маме падаіць і дагледзець калгасную жывёлу. А доўгімі зімовымі вечарамі, вяртаючыся з дойкі, матуля садзілася за кросны і займалася ткацтвам. Спакваля я зацікавілася, а калі пачало ўсё атрымлівацца – і захапілася гэтай справай. І калі хто са знаёмых выказваў сумненне, маўляў, навошта гарба-ціцца над кроснамі, гнуць спіну і сляпіць вочы, калі зараз у краме і на рынку ўсяго хапае, мама заставалася пры сваім меркаванні. “Хіба ж у краме такое купіш?” – гаварыла яна.
Зрэшты, маці маёй суразмоўніцы – Любоў Ігнатаўна Вакульчык – была не толькі ўмелай ткачыхай, але і выдатным жывёлаводам. Тры ордэны ўпрыгожваюць грудзі гэтай слаўнай жанчыны, былой даяркі калгаса імя Дзімітрова, якая зараз знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку…
Да гэтай пары ў Завершы ёсць сем’і, дзе адразу пасля Каляд у хату ўносяцца кросны, і з-пад умелых рук працаўніц выходзяць дзівосныя ўзоры ручнікоў, посцілак, дываноў. Многія вясковыя жанчыны бавяць час, займаючыся вышываннем, і іх самабытныя работы славяцца не толькі ў нашым раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы.

Фальклорны калектыў "Сустрэча" пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Радэні
Фальклорны калектыў “Сустрэча” пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Радэні

Мінулае і сучаснасць

Што ж датычыць гісторыі ўзнікнення нашага населенага пункта, то старажылы расказваюць, што вельмі даўно прыехаў у гэтыя мясціны чалавек з Аргенціны і пачаў будаваць дом (а да гэтага часу людзі жылі ў зямлянках). І калі ён зладкаваў жыллё і завяршыў сваю справу, месца сталі называць Завершам.
Пазней гэта вёска на ўсю ваколіцу славілася тым, што тут у 1923 годзе наш зямляк Якім Жыдковіч пабудаваў ветраны млын. Захаваліся звесткі і пра тое, што ўладальнікам першай швейнай машыны ў гэтых мяс-цінах стаў Сямён Ярмац, а першы веласіпед у 1939 годзе з’явіўся ў гаспадарцы Васіля Марціновіча.
Далёка за межамі населенага пункта былі вядомы і прыгожыя завершскія куфры. У ім звычайна дзяўчаткі захоўвалі свой пасаг, з ім выходзілі замуж. Выдатным майстрам гэтых вырабаў лічыўся Ануфрый Юрашэвіч: штотыдня з-пад яго рук выходзіў новы куфар, а жонка і дзеці народнага ўмельца размалёўвалі самаробную рэч кветачкамі і птушкамі, пісалі на куфры добрыя пажаданні маладым.
Завершская зямля ўзгадавала нямала самародкаў і талентаў. Менавіта тут нарадзіўся, вырас і адсюль пайшоў у самастойнае жыццё прафесар, акадэмік, доктар ветэрынарных навук Маісей Каленікавіч Юскавец, чыё імя зараз носіць мясцовая базавая школа. Сваёй малой радзімай Заверша лічаць прафесар тэхнічных навук Іван Ільіч Шпак, артыст Мінскай філармоніі Пётр Васільевіч Радэня, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч. Ёсць і такі факт: у свой час у рэспубліцы працавала 12 старшынь калгасаў , якія былі выхадцамі з нашай вёскі. Ды хіба пералічыш усіх, кім па праву ганарыцца наша Заверша!
З часам вёска мяняецца, набывае сучаснае аблічча, развівае сваю інфраструктуру. Не вельмі даўно сюды быў пракладзены вадаправод, праведзены прыродны газ. У Завершы працуе цэх па вытворчасці льнянога масла, іншыя прыватныя прадпрыемствы, ёсць крама, пошта, фельчарска-акушэрскі пункт, базавая школа – словам, усё, што трэба для камфортнага жыцця.

Песняй славяць свой край

А яшчэ ў Завершы вельмі любяць песню. Фальклорны калектыў “Сустрэча” на базе Завершскага сельскага Дома культуры быў створаны 40 гадоў назад яшчэ маладымі ў той час жанчынамі, але да цяперашняй пары многія з іх захавалі сваю адданасць песні. Кіраўнік творчага гурта Алена Мікалаеўна Радэня, якая і сама адорана прыгожым голасам і надзелена арганізатарскімі здольнасцямі, сумела згуртаваць людзей на добрыя справы. Яе спевакі даўно сталі адзіным і непадзельным цэлым. Так і ідуць яны па жыцці разам, падтрымліваючы, дапамагаючы адзін аднаму, цешачы сябе і слухачоў добрай песняй, павучальнай байкай, задорнымі частушкамі. У рэпертуары калектыву нямала песень, якія знаёмы кожнаму з вяскоўцаў, бо іх здаўна спяваюць у тутэйшых мясцінах…
У наш час многія з людзей прывыклі заклікаць іншых да дабрыні і чалавечнасці, спагады і суперажывання. А было б лепш, каб кожнае з такіх слоў змянялася канкрэтнай справай: адведаць хворага, усміхнуцца хмураму, дараваць злога, падаць абяздоленаму… І прыкладам такога стаўлення да жыцця з’яўляюцца многія з удзельнікаў вясковага фальклорнага калектыву “Сустрэча”, якія, пераадольваючы хваробы, ахвяруючы сваімі хатнімі справамі, збіраюцца на рэпетыцыі і ездзяць з канцэртамі ў Дамы сацыяльных паслуг раёна і ў санаторыі вобласці.
Прыгадваецца такі выпадак. Сабраліся неяк самадзейныя артысты наведаць з канцэртам адну з аддаленых вёсак, а аўтобус зламаўся. І тут хтосьці ўслых падумаў: “А давайце запрэжам коніка, дый паедзем!” Так і зрабілі: з песняй уселіся на вазок і накіраваліся ў дарогу. І як тады дзякавалі завершскіх спевакоў жыхары маленькай вёскі Сорацні за хвіліны радасці, за шчырую размову, за тое, што вярнулі іх у маладосць!
Нашы самадзейныя артысты ўдзельнічаюць і ў раённых масавых мерапрыемствах. Каравай Марыі Герасімаўны Астаповіч неаднойчы займаў прызавыя месцы па прыгожаму афармленню. Пухкі, пахучы, ён смачней за ўсякія далікатэсы. Марыя Іванаўна Мартыновіч, Вера Якаўлеўна Мартыновіч, Лідзія Іосіфаўна Валашчук славяцца сваімі вышыўкамі, Марыя Барысаўна Шуляк, Ніна Якімаўна Шпак – першыя частушачніцы ў ваколіцы, а іх даўнім акампаніятарам з’яўляецца Мікалай Іванавіч Сінюта.
Спяваюць удзельніцы вясковага фальклорнага калектыву і ў хоры мясцовай Свята-Канстанцінаўскай царквы. Аб духоўным патэнцыяле жыхароў Заверша і навакольных вёсак сведчыць той факт, што гэты храм быў пабудаваны за непрацяглы час, і ў значнай ступені – на ахвяраванні тутэйшых людзей.
А калі надыходзяць святкі, дык жанчыны ідуць калядаваць з малодшымі школьнікамі, каб і тыя пераймалі даўнішнія звычкі ды абрады, каб ніколі не міналі пры гэтым дамоў хворых, адзінокіх, нямоглых аднавяскоўцаў. І аб тым, што маладзейшыя ахвотна вучацца ў старэйшых, пераймаючы лепшыя традыцыі і сваімі справамі мацуючы добры аўтарытэт сваёй маленькай радзімы, сведчыць і такі факт: зусім нядаўна ўраджэнец нашых мясцін Аляксей Радэня, якія цяпер працуе ў Драгічынскім ГДК, стаў прызёрам раённага этапа конкурсу маладых салістаў-вакалістаў “Новыя імёны Беларусі”.
Жыццё працягваецца, і завершскія галасы і песні гучаць далёка за межамі нашай ваколіцы…

Марыя МІНЗЕР,
ветэран педагагічнай працы,

выдатнік народнай асветы,

старшыня Завершскай пярвічнай ветэранскай
арганізацыі

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...