У аўторак СВК “Агра-Дзеткавічы” распачаў уборку цукровых буракоў. Салодкія карэнні сёлета ў гаспадарцы вырошчваліся на 120 гектарах. На поле ў брыгаду “Менявеж” разам са старшынёй СВК Міхаілам Новікам мы прыехалі праз некалькі гадзін пасля таго, як гул магутнага буракаўборачнага камбайна парушыў цішыню вераснёўскага дня. Гаварыць пра ўраджайнасць было яшчэ рана.
– А давайце пацікавімся ў механізатара, што ён скажа наконт нашых буракоў, – прапанаваў Міхаіл Міхайлавіч. – “Агра-Дзеткавічы” не першая гаспадарка, у якой працуе “Холмер”. Думаю, параўнаць ёсць з чым…
І сапраўды, сезон уборкі цукровых буракоў для механізатара СВК “Асіпавічы” Аляксея Сахацкага і яго жалезнага “сябра” “Холмера” стартаваў яшчэ 10 верасня. Амаль за два тыдні Аляксей Васільевіч паспеў папраца- ваць і ў роднай гаспадарцы, і ў СВК “Імянінскі”. Механізатар ацэньваюча агледзеў свежавыкапаныя шэрыя карэнні, што насыпам узвышаліся ў кузаве і прычэпе “МАЗа”, прамовіў:
– На гэты год ураджай неблагі. Ва ўсялякім выпадку лепшы, чым мне даводзілася да гэтага ўбіраць…
У 2006-м годзе паяўленне ў СВК “Асіпавічы” спецыялізаванага камбайна імпартнай вытворчасці “Холмер” было падзеяй раённага маштабу. “Цуда-тэхніка” абслугоўвала практычна ўсе гаспадаркі, працуючы ў некалькі змен. Сёння наяўнасцю буракаўборачнага камбайна ў сваім парку могуць пахваліцца і іншыя сельгасарганізацыі. СВК “Агра-Дзеткавічы” па-ранейшаму з восені ў восень карыстаецца паслугамі менавіта антопальскага “Холмера”. Гаспадаркі суседнічаюць.
– Паміж намі існуе дамоўленасць, па якой за ўборку цукровых буракоў мы разлічваемся з “Асіпавічамі” насеннем збожжавых культур. Наша гаспадарка – насенняводчая. Вось і ўчора ездзілі ў Моталь за элітным насеннем трыцікале, заўтра туды ж збіраемся за пшаніцай, у Пружанскім раёне набылі жыта. На сваіх землях вырошчваем першую рэпрадукцыю насення збожжавых культур, якую і рэалізоўваем іншым гаспадаркам раёна.
Што ж тычыцца транспарту, які перавозіць салодкія карэнні ад камбайна на буракапрыёмны пункт, дык ён належыць альбо прыватным асобам, альбо райаграсэрвісу. Восень – надзвычай напружаная пара ў земляробчым календары. Для трох “МАЗАў” з прычэпамі, якія ёсць ў гаспадарцы, спраў хапае: яны заняты на нарыхтоўцы кармоў.
…А ў суседняй брыгадзе “Ражок”, ва ўрочышчы “Вялікая Плянда”, тым часам Вячаслаў Васільевіч Паўзун сеяў азімы трыцікале. Трактару “МТЗ-3022” у шчэпе з пасяўным агрэгатам “АПП-6”, якім умела кіраваў вопытны механізатар, складаў кампанію “МТЗ-1221” у шчэпе з “АКШ-6” пад кіраўніцтвам стараннага земляроба Мікалая Іванавіча Мішкуца. Ці не ўпершыню за азімую пасяўную за тэхнікай не цягнуўся густы шлейф пылу. Дождж, што днямі няблага прамачыў зямлю, не толькі аблегчыў працу людзям, але і даў надзею на добрыя ўзыходы збожжавых культур.
– Ячмень, з якога і пачыналася азімая сяўба, узышоў добра, а вось адно з рапсавых палёў давядзецца перасяваць, магчыма, яравым рапсам, – са шкадаваннем вымавіў старшыня гаспадаркі Міхаіл Новік.
Чакаючы, пакуль трактары падыдуць да ўскрайку поля, Міхаіл Міхайлавіч падзяліўся інфармацыяй пра тэхнічнае абнаўленне. Маўляў, і трактар, на якім Мікалай Мішкуц працуе, сёлета купілі, і “АКШ-6” на трактарарамонтным заводзе набылі. Ды і пасяўны агрэгат у гаспадарцы не адзін. На іншым полі працуюць украінцы, якія былі вымушаны пакінуць родныя землі з-за вайны. Тут, у Дзеткавічах, Аляксандр Уладзіміравіч Акуленка атрымаў трактар “МТЗ-2522”, на якім у шчэпе з пасяўным агрэгатам “АПП-6”, аснашчаным актыўнымі рабочымі органамі, і сеяў азімае жыта.
– А чаму не даць добрую тэхніку вопытнаму механізатару з 16-гадовым стажам? – задае Міхаіл Міхайлавіч пытанне, якое варта лічыць рэтарычным. – Аляксандр Акуленка мае першы клас, чалавек ён старанны…
У аўторак азімая пасяўная кампанія ў СВК “Агра-Дзеткавічы” яшчэ не дасягнула сярэдзіны. З адведзеных пад збожжавыя культуры на зерне і зялёны корм плошчаў, а ўсяго гэта 685 гектараў, засеяна было 320 гектараў. Дарэчы, складаная сітуацыя з кармавой базай на будучую зімоўку грамадскага статка прымусіла мясцовых земляробаў на 75 гектараў павялічыць плошчы, на якіх планавалася сеяць азімыя збожжавыя на зялены корм. Землі СВК “Агра-Дзеткавічы” высокія, пясчаныя. Ва ўмовах засушлівага года нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў ды яшчэ і з неабходнымі пажыўнымі якасцямі, на жаль, аказалася задачай нерэальнай.
Ніна ТКАЧУК
Фота аўтара