Усё свядомае жыццё М.В.Каржоўніка звязана з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Нарадзіўся Міхаіл Васільевіч ў Столінскім раёне, там жа скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік” і ў далёкім 1976 годзе быў размеркаваны на Драгічыншчыну. Першае рабочае месца малады спецыяліст атрымаў у тагачасным калгасе “30 год БССР”, адкуль быў прызваны і пайшоў на службу ў армію.
Пасля звальнення ў запас яго накіравалі на работу ў Гутава. Там М.В.Каржоўнік стварыў сям’ю, ажаніўшыся на дзяўчыне, якая прыехала ў гаспадарку па размеркаванню, завочна атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці” і прайшоў немалы і нялёгкі шлях прафесійнага станаўлення. Працаваў эканамістам тамтэйшага калгаса, старшынёй Гутаўскага сельвыканкама, галоўным бухгалтарам сельгаспрадпрыемства, рэвізорам кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення, галоўным спецыялістам, а цяпер – намеснікам начальніка райсельгасхарчу.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу – мы папрасілі М.В.Каржоўніка падсумаваць некаторыя вынікі галіны і ацаніць работу падведамасных падраздзяленняў у лічбах і фактах.
– Міхаіл Васільевіч, бягучы год не перастае здзіўляць сваёй унікальнасцю: на вуліцы – глыбокая восень, а ў прыродзе, якая апошнім часам, пасля працяглай летняй засухі, была ўдосталь натолена вільгаццю, да гэтай пары трымаецца і жаўцее лісце на дрэвах і зелянее трава паабапал дарог. Якім чынам паўплывалі такія незвычайныя кліматычныя ўмовы на асноўныя вытворчыя паказчыкі ў сельскай гаспадарцы?
– Трэба сказаць, што год пачынаўся досыць аптымістычна, і старт па ўсіх накірунках быў даволі паспяховым. Вясна спрыяла своечасоваму правядзенню пасяўной, перазалужэнню сенажацяў і абнаўленню пашавых угоддзяў. Добра пайшлі ў рост травы, і ўсё паказвала на тое, што будзем з кармамі. І сапраўды, па стану на пачатак ліпеня ў гаспадарках раёна было нарыхтавана на 5200 тон сенажу больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. А тэмп росту прадукцыі ў мясцовай сельгасвытворчасці складаў больш 108% пры заданні 103,5%, і гэта быў – адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.
А ў ліпені пачалася засуха, якая доўжылася да канца лета, што даволі негатыўна паўплывала на далейшыя справы сельгасвытворцаў. У выніку спякоты загінула звыш 1150 гектараў яравых зерневых, 730 гектараў кукурузы, больш за 70 гектараў цукровых буракоў, што прывяло да недабору ўраджаю караняплодаў і караняклубневых культур. У прыватнасці, сёлета было вырашчана і рэалізавана толькі 41 000 тон цукровых буракоў, што на 12 000 менш мінулагодняга паказчыка.
Разам з тым добра адпрацаваная тэхналогія, назапашаны вопыт і прафесійны падыход да справы з боку кіраўнікоў, спецыялістаў, хлебаробаў дазволілі нават у неспрыяльных кліматычных умовах бягучага года атрымаць неспадзявана высокі ўраджай зерневых сельгаскультур. У гаспадарках раёна было намалочана звыш 75 100 тон зерня, што нават больш, чым у спрыяльным мінулым годзе. Літаральна напярэдадні нашага прафесійнага свята прыйшла і прыемная вестка аб тым, што наш раён прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы піваваранага ячменю, дзе заняў трэцяе месца.
А вось жаданага ўраджаю кукурузы на зерне сёлета вырасціць не ўдалося. Яго было сабрана толькі 259 тон, у той час як летась – 2446 тон. Адным словам, “каралева палёў” не вытрымала выпрабавання сёлетнім надвор’ем …
– З улікам таго, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца прадпрыемства “Экзон-Глюкоза”, для якога зерне кукурузы з’яўляецца асноўнай вытворчай сыравінай, то для нашых гаспадарнікаў гэта культура лічыцца стратэгічна важнай, паколькі яна будзе мець гарантаваныя рынкі збыту ў межах сваёй мясцовасці…
– І ў сувязі з гэтым прадугледжваецца пашырэнне яе пасяўных плошчаў. У прыватнасці, у наступным годзе пад кукурузу на зерне будзе адведзена 3000 гектараў, у дадатак да тых 7000 гектараў, дзе гэта культура будзе вырошчвацца на корм жывёле.
– Наколькі мне вядома, то асноўны прыбытак у сельскай гаспадарцы прыносіць жывёлагадоўля. Як развіваецца гэта галіна ў нашым раёне? Хто ў лідарах? І ў чым бачацца рэзервы павышэння паказчыкаў у жывёлагадоўлі?
– Сапраўды, прыкладна 70% ад усіх сельскагаспадарчых даходаў мы маем ад малака і мяса. За 10 месяцаў бягучага года тэмп росту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі склаў 103,2 % пры заданні 103,5 %. Пры гэтым валавы прырост малака забяспечаны на 104,2 % да плана. З 15 гаспадарак раёна 11 павялічылі надоі ў грамадскай жавёлагадоўлі. Даўнім і бясспрэчным лідарам па валавай вытворчасці і надоях з’яўляецца СВК “Асавецкі”, дзе штогод прыбаўляюць каля 10% малочнай прадукцыі. Вось і сёлета жывёлаводы гэтай гаспадаркі ўжо атрымалі па 6458 кілаграмаў малака на карову, прыбавіўшы 237 кілаграмаў. На ферме “Осаўцы-2” дасягнуты яшчэ лепшыя вынікі: тут атрымана 7120 кілаграмаў малака на карову пры сярэднераённым паказчыку 3687 кілаграмаў.
З перавыкананнем прагнозных паказчыкаў па вытворчасці малака працуюць таксама сельгаскааператывы “Агра-Дзеткавічы”, “Асіпавічы”, “Ліпніцкі”, “Брашэвічы”, ААТ “Драгічынскі райаграсэрвіс”, “Драгічынскі камбікормавы завод”.
Безумоўна, што важкія паказчыкі напрамую залежаць не толькі ад сумленнасці кадраў, дагледжанасці і племянных асаблівасцей дойнага пагалоўя, але і ад якасці і колькасці кармоў. У раёне была прынята праграма пашырэння сенажацяў і пашавых угоддзяў, і на сённяшні дзень перазалужэнне праведзена на плошчы каля 18 000 гектараў. З поўнай адказнасцю да гэтай справы падышлі ў СВК “Асавецкі”, “Імянінскі”, на племзаводзе “Заказельскі”, і гэта павялічвае рэальныя шанцы на добрыя паказчыкі ў будучым.
Што ж датычыць нявыкарыстаных магчымасцей, то адной з такіх з’яўляецца павышэнне якасці малака. Прынамсі, розніца паміж “экстра”-класам і вышэйшым гатункам малочнай прадукцыі даволі істотная і складае 734 000 рублёў на кожнай тоне. І гэта – той самы рэзерв, які магчыма задзейнічаць без значных матэрыяльных выдаткаў, але пры гэтым ён патрабуе старання, адказнасці, строгага выканання тэхналогіі на ўсіх этапах і ўсімі звеннямі вытворчага “ланцужка”.
– Ці ёсць станоўчая дынаміка ў гэтым накірунку?
– Больш палавіны атрыманага малака, а дакладней – 57,3%, гатункам «экстра» стабільна рэалізуюць жывёлаводы СВК “Асавецкі” пад кіраўніцтвам Станіслава Іосіфавіча Цынкуса. На сённяшні дзень прыкладна 25-30% малочнай прадукцыі па найвышэйшай цане на перапрацоўку адпраўляюць таксама СВК “Агра-Дзеткавічы”, “Ліпніцкі”, ААТ “Драгічынскі райаграсэрвіс”. Прычым напачатку года гэты паказчык у некаторых гаспадарках быў намнога ніжэйшым, а СВК “Ліпніцкі” увогуле не меў малака “экстра”-класа. Аднак кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Фёдаравіч Дарагакупец вызначыў мэту, разам са спецыялістамі намеціў і разлічыў шляхі яе дасягнення, давёў канкрэтныя задачы калектыву жывёлаводаў – і пачалі з’яўляцца добрыя вынікі. Цяпер трэба замацаваць іх і развівацца далей.
Ёсць станоўчыя зрухі і ў СВК “Бездзеж-Агра”, які на пэўным этапе і па многіх паказчыках быў у ліку самых адстаючых гаспадарак. Але з прыходам новага кіраўніка – Віктара Мікалаевіча Састраўчука, справы пачалі наладжвацца. Быў прыведзены ў належны парадак машынна-трактарны парк, своечасова і з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў выкананы асноўныя сезонныя работы, што акупілася неблагім ураджаем. Прынамсі, валавая вытворчасць зерня ў гэтай гаспадарцы склала 4474 тоны ці 116% да задання, план па рапсу выкананы на 164%. Для грамадскай жывёлы ў кааператыве нарыхтавана 9554 тоны сенажу, што амаль удвая больш мінулагодняга паказчыка, і гэта –добры зачын на перспектыву.
– Міхаіл Васільевіч, заўтра – свята сельскіх працаўнікоў і іх партнёраў па аграпрамысловаму комплексу. Што пажадаеце калегам з гэтай нагоды?
– Усе мы ведаем і пастаянна пераконваемся ў даўно вядомай ісціне: сельская гаспадарка – гэта цэх пад адкрытым небам, гэта зачастую ненарміраваны рабочы дзень, гэта праца, якая гарантуе харчовую бяспеку краіны. Таму ўсім працаўнікам-сялянам і нашым партнёрам па аграпрамысловаму комплексу хочацца пажадаць моцнага здароўя, спрыяльнага надвор’я, шчодрай нівы, добрых ураджаяў, высокіх надояў, прываг і стабільных прыбыткаў!
Гутарыла Галіна ШАФРАН