17 верасня наша рэспубліка будзе адзначаць дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Роўна 85 гадоў таму адбыўся акт гістарычнай справядлівасці, калі восенню 1939 года падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ажыццявілася ўз’яднанне земляў Заходняй Беларусі, якія знемагалі пад беззаконнем польскага ўрада да сваёй усходняй тэрыторыі – БССР. Так, частка беларускіх земляў са спрадвечна беларускім народам, падзеленым супраць яго волі па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору, была далучана да роднай краіны.
Паводле дакумента ад 18 сакавіка 1921 года Драгічынскі павет у межах Палескага ваяводства ўвайшоў у склад Польшчы. Польскі ўрад, далучыўшы да сваёй тэрыторыі заходнебеларускія землі, расцэньваў іх як паўкаланіяльны прыдатак, мала клапаціўся аб развіцці іх эканомікі і народнай гаспадаркі. Аб тым, у якім становішчы тады апынуліся працоўныя і сяляне, выдадзена нямала мастацкай літаратуры і праведзена навуковых даследаванняў айчыннымі гісторыкамі. Але не менш патрэбна, і па-ранейшаму актуальна ў нашы дні, пачуць жывы голас відавочцаў таго трагічнага часу, якім не з друкаванага слова вядома беззаконне польскіх уладаў і палітыкі паланізацыі, якую яны актыўна праводзілі на так званых нацыянальных ускраінах. Увазе нашых чытачоў прадстаўляем успаміны сведкі тых падзеяў Соф’і Сямёнаўне Воран (Іўковіч), жыхарцы вёскі Нагор’е, якой сёлета споўнілася 99 гадоў.
Час адлічваў пяты год, як на нашай зямлі гаспадарыў бот польскага панства, калі на свет 30 чэрвеня 1925 года з’явілася наша суразмоўніца. На стары манер і зараз, заводзячы гаворку пра свайго бацьку, Соф’я Сямёнаўна называе яго не інакш як серадняком.
“Кулаком бацька не быў, але і бедным не быў таксама. У нас была свая зямля, на якой мы шмат працавалі і за якую даводзілася плаціць падатак польскай уладзе. На пана наша сям’я працаваць не хадзіла. Адразу мы жылі ў вёсцы Пацы. Калі мне споўнілася восем гадоў, я пайшла ў польскую школу, але правучылася там толькі год. Потым мы пераехалі жыць у Цыбкі, бо ў бацькі там было больш зямлі. Так у школу я больш і не пайшла, бо трэба было дапамагаць бацькам працаваць на зямлі, глядзець хатнюю гаспадарку і гадаваць дваіх малодшых братоў, – распавядае суразмоўніца. – Калі жылі ў Цыбках, хадзіла на пасадку лесу. Ляснічым быў паляк. За гэтую працу ў дзень можна было зарабіць адзін-два злотых. На два злотых тады можна было купіць пуд збожжа або метр добрай тканіны. Таксама памятаю, як хадзіла на жніво да багатых людзей, яны не былі панамі, але ў іх было шмат зямлі, і сваіх сіл на яе апрацоўку ім не хапала, таму яны наймалі ў дапамогу. У іх я зарабіла шэсць злотых, на якія купіла тры метры прыгожай матэрыі, каб пашыць сабе сукенку».
Соф’я Воран таксама ўспамінае: калі ў польскай школе ў вучня было дрэнна з правапісам, то настаўнік мог ударыць яго лінейкай па руках, ды так ударыць, што яны ў выніку апухнуць. На шчасце, па словах Соф’і Сямёнаўны, гэтага лёсу яна пазбегла, магчыма, з-за таго, што ў школу хадзіла нядоўга. Навучальны працэс для беларускіх дзяцей быў увесь пабудаваны на польскай мове, што адкрыта парушала заканадаўства аб правах нацыянальных меншасцяў, аб захаванні якога польскія ўлады крывадушна хлусілі.
– Толькі перад пачаткам заняткаў да нас прыходзіў наш праваслаўны святар, з якім на царкоўнаславянскім мы чыталі малітвы “Цару Нябесны” і “Ойча наш”, – успамінае суразмоўніца.
Да гэтага часу ў памяці жанчыны засталіся завучаныя радкі з так званага патрыятычнага верша пад назвай “Катэхізіс польскага дзіцяці”. Дадзены верш складзены ў форме “пытанне-адказ”. Ён апісвае дыялог паміж дарослым і дзіцём, дзе першы задае элементарныя пытанні з патрыятычным падтэкстам, а дзіця адказвае на іх адпаведным чынам. Тады “Катэхізіс польскага дзіцяці” ў абавязковым парадку вывучаўся на памяць і рэгулярна скандзіраваўся ў польскіх школах. З упэўненасцю можна сказаць, што гэта быў адзин з працэсаў апалячвання беларускіх дзяцей. Увазе чытачоў прапануем той самы верш, на радкі якога ў свае восем гадоў выразна і гучна, як і іншыя беларускія дзеткі, была вымушана адказваць перад польскім настаўнікам дзяўчынка Соф’я. Так ён гучыць на беларускай мове:
– Хто ты?
– Маленькая полька.
– Які твой знак?
– Белая лілея.
– Дзе ты жывеш?
– Сярод сваіх.
– У якой краіне?
– На польскай зямлі.
– Што гэта за зямля?
– Мая Радзіма.
– Чым атрымана?
– Крывёю і шрамамі.
– Ці любіш ты яе?
– Шчыра люблю.
– А ў што верыш?
– У Польшчу веру!
– Хто ты для яе?
– Удзячнае дзіця.
– Што ты павінна зрабіць дзеля яе?
– Аддаць жыццё.
Памятае Соф’я Воран, як у Цыбках былі і свае актывісты камуністычнага падполля. Ці трапілі яны пад рэпрэсіўны апарат польскай улады, ёй пра гэта невядома. Але тое, што камуністаў праследавала польская паліцыя і масава саджала ў турмы, пра гэта яна чула не адзін раз.
– Але, нягледзячы ні на што, людзі таемна сімпатызавалі Савецкай Расіі, – кажа суразмоўніца.
У верасні 1939 года Соф’я Сямёнаўна стала сведкай, як праз Цыбкі адступалі польскія салдаты, якія, на шчасце, не прычынілі ніякай шкоды мясцоваму насельніцтву. Добра запомніла жанчына і шчаслівыя твары аднавяскоўцаў, калі абвясцілі аб прыходзе савецкай улады.
– Мой бацька і ўся наша сям’я радаваліся прыходу Саветаў, – успамінае жанчына. – Паступова жыць рабілася лягчэй, але вельмі хутка нашы спадзяванні на светлую будучыню перапыніла Вялікая Айчынная вайна.
***
На шчасце, у гады Вялікай Айчыннай вайны сям’і Соф’і Сямёнаўны ўдалося выжыць. Яе бацька Сямён Емяльянавіч і брат актыўна дапамагалі партызанам. У 1943 годзе Соф’я выйшла замуж. Пасля вызвалення раёна ў ліпені 1944 года ад фашысцкіх катаў яе бацька і муж пайшлі на фронт. Бацька выжыў і вярнуўся дадому з раненнем і баявымі ўзнагародамі, а муж – загінуў каля Варшавы. Паўторна маладая жанчына выйшла замуж у 1952 годзе, а ў 1968 годзе разам з мужам пераехала жыць у Нагор’е. Соф’я Воран вырасціла шасцёра дзяцей – тры сыны і тры дачкі. Дачакалася ўнукаў і праўнукаў.
Соф’я Сямёнаўна – веруючая праваслаўная жанчына і, нягледзячы на свой салідны ўзрост, з’яўляецца прыхаджанкай храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пярковічы і не прапускае ніводнае богаслужэнне. Любоў да Бога і царквы жанчына прывіла і ўсім сваім дзецям.
Максім РОДЗЬКА.
Фота аўтара.