На сваім вяку мне даводзілася сустракацца з рознымі людзьмі. У асноўным гэта таленавітыя, улюбёныя ў сваю справу працаўнікі, цудоўныя суразмоўцы і дарадчыкі, якія, як у народзе кажуць, прачынаюцца з першымі пеўнямі. А вось зусім нядаўна я пазнаёміўся з неардынарным чалавекам, спецыялістам сваёй справы. Яна прачынаецца намнога раней за пеўняў – штодня ў 5 гадзін раніцы ўжо на рабочым месцы і адразу прыступае да сваіх нялёгкіх абавязкаў. Спецыфіка работы такая, што тут амаль што няма ні выхадных, ні працяглых адпачынкаў.
За сваё жыццё жанчыла паспела многае: разам з мужам пабудавалі дабротны дом у вёсцы Аляксеевічы, набылі ўласны трактар, аўтамабіль, выгадавалі дзвюх дачурак і цяпер ужо радуюцца ўнучкам. Праўда, апошнія крыху крыўдуюць на сваю бабулю – магла б і больш увагі ўдзяліць сваім крывіначкам.
Я б з задавальненнем, а калі ж? У 5 гадзін раніцы я павінна ўжо быць на ферме, як і 45 маіх калег-жывёлаводаў. Вечарам таксама з 16 да 21 гадзіны трэба кантраляваць вячэрнюю дойку, – гаворыць Алена Анатольеўна Мяцельская, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі адкрытага акцыянернага таварыства “Аляксеевічы-Агра”.
Вядома, работы шмат, бо накарміць неабходна амаль дзве тысячы жывёлін, з якіх 1150 дойныя каровы. Спазніцца тут ці расслабіцца зусім няма часу і аніякай магчымасці, бо нават невялічкі збой у графіку можа прывесці да зніжэння прадуктыўнасці жывёлы. Вось таму і пачынаецца работа ў нашай гераіні задоўга да першых спеваў нашага вясковага “будзільніка” – рознакаляровага пярнатага пеўня.
На нялёгкай пасадзе брыгадзіра вытворчай брыгады ў Аляксеевічах Алена Анатольеўна працуе ўсяго пяць гадоў – роўна столькі і існуе параўнальна новы жывёлагадоўчы комплекс. Да гэтага жанчына “прымерыла” на сябе не адну работу: была і дырэктарам сельскага Дома культуры ў Мостках, і поварам у мясцовай школе, але найбольш да спадобы прыйшлася работа даяркі на ферме. Тут ёй прыгадзіліся навыкі папярэдніх прафесій: акуратнасць і ўменне працаваць з душой, з добрым настроем. І гэты настрой перадаецца ад брыгадзіра яе падначаленым.
Недасведчанаму чалавеку нялёгка ўявіць сабе, як усяго тры даяркі спраўляюцца з дойкай 1150 кароў. А ўсё вельмі проста: новыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта. На нашы фермы прыйшло сучаснае абсталяванне і камп’ютэрныя сістэмы. Аднак без удзелу чалавека нават самыя найноўшыя дасягненні тэхнікі не змогуць забяспечыць добрыя вынікі ў працы.
У мінулым годзе з комплексу “Аляксеевічы” 96,4 працэнта малака адпраўлена гатункам экстра і толькі 3,6 працэнта вышэйшым гатункам пры таварнасці 92,8 працэнта. Удой на карову склаў 9177 літраў, што на 1224 літра больш узроўню 2022 года.
Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі комплекс, якім кіруе Алена Анатольеўна Мяцельская, заняў першае месца і ўдастоены дыплома камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама ў 2023 годзе. А сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
– Поспехі нашага калектыву не толькі мая заслуга, – гаворыць Алена Анатольеўна, – а ўсіх нашых працаўнікоў: даярак Наталлі Анатольеўны Макарэвіч, Русланы Станіславаўны Клачко, Ірыны Пятроўны Маркоўскай, Жанны Раманаўны Бондар, Наталлі Іванаўны Лаўрыновіч, Алены Васільеўны Макарэвіч. Апошняя, дарэчы, занесена на калгасную Дошку гонару. На дарошчванні буйной рагатай жывёлы добрых поспехаў заўсёды дабіваюцца Віктар Іосіфавіч Сушко, Марыяна Сяргееўна Конан.
Свой уклад у агульную справу ўносяць Кацярына Кандратаўна Мельнік, якая сумяшчае дзве пасады – заатэхніка-селекцыянера і лабаранта, і ўчотчык Наталля Уладзіміраўна Місіевіч.
Нельга сказаць, што толькі я і мае падначаленыя работнікі забяспечваюць бесперапынны працэс у жывёлагадоўлі, – працягвае Алена Анатольеўна. – Значную дапамогу нам аказваюць дырэктар таварыства Сяргей Мікалаевіч Пачко, галоўны заатэхнік Любоў Сцяпанаўна Макарэвіч і іншыя спецыялісты гаспадаркі. У кожнага з іх свае абавязкі, якія замыкаюцца на выніку нашай агульнай працы – атрыманні высокіх надояў і прываг у жывёлагадоўлі і такіх жа паказчыкаў у раслінаводстве.
Напярэдадні веснавых свят у брыгадзіра шмат дадатковых клопатаў: трэба павіншаваць усіх сваіх калег і знаёмых, нікога не забыць, не пакінуць без увагі, ну і, напэўна, самае галоўнае – добра падрыхтавацца да прыезду дзяцей і ўнукаў. Зяці, вядома, падарыўшы цешчы кветкі, пачнуць шчыраваць каля мангала, які падарылі мужу на 50‑гадовы юбілей, а ўнучак і дачурак бабуля абавязкова пачастуе свежай выпечкай і іх любімымі салатамі, шампіньёнамі і іншымі стравамі, якія, як заўсёды, прыйдуцца да спадобы родным нашай гераіні, і, вядома ж, ёй у чарговы раз будзе вельмі прыемна пачуць душэўныя словы ад блізкіх ёй людзей: “І калі ж ты ўсё паспяваеш і дома, і на рабоце?!”.
Аляксандр Рэпіха.
Фота аўтара.