spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

За артэфактамі ў Какорыцу

Дата:

Пачынаючы з 2019 года ў даліне ракі Ясельды, на тэрыторыі рэспубліканскага біялагічнага запаведніка “Спораўскі”, у непасрэднай блізкасці ад вёскі Какорыца з году ў год вядуцца археалагічныя раскопкі. Аб іх мы расказвалі на старонках нашай газеты. У гэтым годзе прадстаўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна са студэнтамі гістарычных факультэтаў вышэйшых устаноў і валанцёрамі працягваюць здзяйсняць новыя адкрыцці ў нашым раёне. Так, на мінулым тыдні карэспандэнты “ДВ” сталі сведкамі чарговай археалагічнай экспедыцыі і літаральна дакрануліся да артэфактаў першабытнага свету, паходжанне якіх нават узыходзіць да перыяду да нашай эры.

У гэтым годзе археолагі працягваюць раскопкі старажытнага помніка, якому ў навуковым звароце прысвоена назва Какорыца‑4. Як паведаміў кіраўнік археалагічнай экспедыцыі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогii першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Крывальцэвіч, дадзеныя матэрыялы раскопак сведчаць аб тым, што першыя людзі з’явіліся ў гэтых мясцінах прыблізна пасля 10‑га тысячагоддзя да нашай эры.

“Асноўныя пасяленні першабытных людзей у гэтых месцах датуюцца перыядам ад 5‑га да 2‑га тысячагоддзя да н. э. і адносяцца ў асноўным да перыяду неаліту (позняга каменнага веку) і пачатку эпохі бронзы, – адзначае навуковец. – На даследаваным месцы, якое знаходзіцца на невялікай вышыні і цягнецца да поймы Ясельды, людзі, як правіла, засяляліся пасля адступлення вясновых паводак, калі сыходзіла вада. Карэннае насельніцтва займалася тут у асноўным паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам дароў прыроды і толькі з цягам часу пачало асвой­ваць земляробства і займацца жывёлагадоўляй”.

Вялікая колькасць рэчаў, па словах кіраўніка археалагічнай экспедыцыі, знойдзена дзякуючы скрупулёзнай працы па расчыстцы культурнага пласта дробнымі прыладамі і прасейванню глебы праз сіта.

– Дзякуючы таму, што прасейваем, знаходзім больш матэрыялаў, сярод якіх – сківіцы дробных жывёл, пацеркі, маленькія наканечнікі стрэл і вырабы з крэмнію маленькіх памераў, – падкрэслівае Мікалай Крывальцэвіч.

Акадэмік дадае, што ў ходзе папярэдніх экспедыцый у гэтых месцах праводзіліся даследаванні радовішчаў тарфяных пяскоў, дзякуючы чаму было ўстаноўлена, што прыкладна з пачатку 7‑га тысячагоддзя да н. э. да 4‑га тысячагоддзя да н. э. узровень вады ў Спораўскім возеры рэзка падняўся, у выніку чаго былі затоплены невялікія ўзвышшы ў рэчышчы Ясельды. Пазней, пасля 4‑га тысячагоддзя да н. э. возера ўсталявалася ў цяперашніх межах.

Як патлумачыў Мікалай Мікалаевіч, у культурных пластах месца раскопу Какорыцы‑4 знаходзяцца рэчы, якія засталіся ад вытворчай і бытавой дзейнасці людзей. Праўда, пакуль, па словах вядучага навуковага супрацоўніка НАН Беларусі, навукоўцам не трапляліся ў гэтым месцы рэшткі жытлаў альбо пахаванняў, але тым не менш удзельнікамі экспедыцыі былі знойдзены чалавечыя косці і зуб, а таксама шэраг рэчаў, звязаных з дзейнасцю чалавека, такіх як крэмневыя сякеры, нажы, скрабкі і цеслы, сякеры з рога жывёлы, вырабы з костак, касцяныя пацеры, пранізкі.

Вельмі шмат на паселішчы Какорыца‑4 археолагі знаходзяць рэшткаў посуду і рэчаў, якія адносяцца да культуры шнуравай керамікі (датаванай канцом першай паловы 3‑га тысячагоддзя да н. э. і пачаткам 2‑га тысячагоддзя да н. э.), носьбіты якой прыйшлі ў гэтыя месцы з Цэнтральнай Еўропы і рассяляліся ўздоўж водных артэрый. Разам з артэфактамі культуры шнуравай керамікі археолагі з недраў зямлі здабываюць таксама рэчы больш ранняй нёманскай культуры (якая адносіцца да 4–3‑га тысячагоддзя да н. э.) і да якой належылі мясцовыя паляўнічыя і рыбаловы. Такім чынам, са з’яўленнем на гэтай тэрыторыі культуры шнуравай керамікі нёманская культура пачала моцна змяняцца.

“Прышлае племя займалася жывёлагадоўляй, пакланялася багам сонца, месяца і г. д., хавала па абрадзе крэмацыі, насыпала курганы, а таксама вядома сваім добра арнаментаваным посудам, – гаворыць Мікалай Крывальцэвіч. – На месцы раскопак мы знаходзім шмат керамікі, шліфаваных сякер і каменных пліт, на якіх яны выточваліся, наканечнікаў стрэл. Усё гэта сведчыць аб тым, што людзі актыўна сяліліся тут, жылі і ўплывалі на мясцовую культуру паляўнічых і рыбаловаў. У выніку карэннае насельніцтва пачало пераймаць ад прышлых жывёлагадоўлю і земляробства, а з’яўленне мноства сякер сведчыць аб тым, што людзі тут пачынаюць актыўна высякаць лес і засяваць вольныя землі”.

Археалагічны аб’ект Какорыца‑4 напоўнены вялікай колькасцю знаходак, а гэта значыць, што людзі жылі тут вельмі даўно, перыядычна засяляючы гэтае месца, у сувязі з чым засталіся шматлікія культурныя адклады. Раней каля вёскі Какорыца было выяўлена каля 30 старажытных паселішчаў, на якіх вучонымі-­археолагамі праводзіўся павярхоўны збор артэфактаў. Да пачатку працы на паселішчы Какорыца‑4, былі праведзены археалагічныя даследванні аб’ектаў Какорыца‑1, 2 і 3.

З гэтага можна зрабіць выснову, што наперадзе вучоных-­археолагаў у гэтых мясцінах яшчэ чакае вялікая праца, шмат таямніц і новых адкрыццяў.

Валанцёры гісторыі

Сярод валанцёраў, каму неабыякавая найстаражытная гісторыя і хто актыўна дапамагае археолагам падчас чарговай экспедыцыі, – сям’я Аляксандра і Наталлі Крываносавых з Брэста. Не лішнім будзе адзначыць і той факт, што галава гэтага сямейства родам з вёскі Старамлыны Драгічынскага раёна. Менавіта прафесійны музыкант і захоплены вывучэннем гісторыі роднага краю Аляксандр Крываносаў шэсць гадоў таму знайшоў гэты археалагічны помнік, дзе вось ужо пяты год вядуцца археалагічныя даследаванні.

“Займаючыся вывучэннем роднага краю, я шмат падарожнічаў па ўзвышшам уздоўж Ясельды і маю ўвагу прыцягнулі гэтыя цікавыя мясціны, так званыя “астравы” ў балотах каля Какорыцы. Калі я сюды дабраўся, то пачаў даследаваць тэрыторыю “вострава”, які мясцовыя называюць Пляж або Прыстань. Дарэчы адсюдь каля 400–600 метраў да ўпадзення Ясельды ў Спораўскае возера з боку паўднёвага захаду. Так, калі я падарожнічаў па гэтым “востраве”, мой погляд затрымаўся на нуклеусе і адшчэпе керамікі, што ляжалі паверх кратавіны. Я, вядома, не змог вызначыць, да якой культуры яны адносяцца і якім перыядам іх датаваць, бо не валодаю такімі глыбокімі ведамі. Аднак вока ў мяне на той час ужо было “набіта”, бо яшчэ школьнікам я наведваў археалагічны гурток і з 12 гадоў удзельнічаў у раскопках, – успамінае краязнаўца Аляксандр Крываносаў. – Я прадоўжыў падарожнічаць па Прыстані і заўважыў, што практычна на ўсіх кратавінах ляжаць кавалачкі керамікі або крамянёвыя адшчэпы. У выніку я ўсё гэта сфатаграфаваў і адправіў знаёмаму археолагу ў Акадэмію навук. У хуткім часе сюды ў разведку прыехаў вучоны Мікалай Мікалаевіч Крывальцэвіч, пад кіраўніцтвам якога былі закладзены шурфы, у якіх знайшлі мноства археалагічных артэфактаў. Вось так каля Какорыцы і пачаліся археалагічныя адкрыцці”.

Пэўны час разам з бацькамі ў чарговай археалагічнай экспедыцыі, ужо далёка не ўпершыню, удзел прымалі дзеці Крываносавых, малодшым з якіх 8 і 16 гадоў, а старэйшаму – 21 год. Вельмі радасна, што захапленне археалогіяй Аляксандра Уладзіміравіча падтрымлівае ўся яго сям’я.

– Не кожнаму выпадае магчымасць стаць удзельнікам археалагічнай экспедыцыі, чым я і ганаруся, тым больш, што ўнесці свой уклад у навуку – гэта заўсёды вельмі прыемна, – падзялілася жонка Аляксандра Наталля Станіславаўна, якая падчас размовы прама ў нас на вачах знайшла ў культурным пласце фрагмент керамікі нёманскай культуры з нетыповым для яе арнаментам.
Таксама на месцы раскопак мы пазнаёміліся з валанцёрамі з Гомеля Святланай Бугаевай і яе сынам Дзімай, якому ў перыяд археалагічнай экспедыцыі споўнілася ўсяго 7 гадоў.

“Мы тут упершыню, а ўвогуле ў археалагічных раскопках удзельнічаем трэці раз, – расказвае Святлана Рыгораўна. – Мяне вельмі захапляе, што для ўдзелу ў археалагічных экспедыцыях збіраюцца добрыя і цікавыя людзі, якія вядуць інтэлектуальныя гутаркі на разнастайныя тэмы – пра літаратуру, музыку, гісторыю і г. д. Мне здаецца, што я знайшла сваю кампанію і мяне проста цягне ў такія экспедыцыі, да якіх я таксама далучаю сваіх дзяцей”.

Археолаг – той, хто закліканы знаходзіць і адкрываць

Пакінуўшы раскопкі на запаведнай тэрыторыі біялагічнага заказніка «Спораўскі» і рухаючыся назад па таямнічай Какорыцы, мы таксама наведалі месца часовага пражывання навукоўцаў і валанцёраў, дзе пазнаёміліся з навуковым супрацоўнікам аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандрам Кушнірам і студэнтам 3 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іванам Русецкім, які вучыцца на археолага. Падчас нашага візіту вучоны і студэнт дружна займаліся дэталёвай чысткай знойдзеных артэфактаў і больш падрабязна пазнаёмілі нас з некаторымі з іх.

– Какорыца – гэта ўнікальны археалагічны помнік з вялікай колькасцю знаходак. Тут намі ўжо знойдзена больш за сто тысяч прадметаў і артэфактаў, да якіх дакранулася рука чалавека, – падкрэсліў Аляксандр Іванавіч.

– Зараз вы можаце бачыць знаходкі з розных пластоў экспедыцыі гэтага сезона. Вось, напрыклад, адна з унікальных рэчаў, якую я знайшоў – пацерка, якая з’яўляецца часткай упрыгожвання, каралі перыяду неаліту і бронзавага веку, датаваная прыкладна 4–5‑м тысячагоддзем да н. э. Дадзены артэфакт уяўляе сабой костку нейкай дробнай птушкі, якую стачылі пасярэдзіне і прасвідравалі па цэнтры. Наогул, у нас тут вельмі шмат знаходак, сярод якіх можаце ўбачыць крамянёвыя прылады працы, кераміку, нукліусы, сківіцы жывёл і іншае. Яшчэ аднымі з рэдкіх артэфактаў, якія былі знойдзены, з’яўляюцца падвеска з зуба нейкай жывёлы і пацера, па ўсёй верагоднасці, з зуба чалавечага, – распавёў Іван Русецкі.

Іван таксама падзяліўся, што ўдзельнічае ў археалагічных экспедыцыях каля Какорыцы ўжо чацвёрты год.

– Мне тут вельмі падабаецца, а капаць у якасці валанцёра я яшчэ пачаў да паступлення ва ўніверсітэт. У будучыні хачу звязаць сваё жыццё з археалогіяй, – падкрэсліў хлопец.

Разглядаючы розныя артэфакты і здзіўляючыся іх колькасці, праз некаторы час мы пакінулі летні прытулак удзельнікаў какорыцкай археалагічнай экспедыцыі. Развітваючыся, мы пажадалі ім здзяйснення новых адкрыццяў і як мага больш унікальных знаходак.

Максім РОДЗЬКА.
Фота аўтара і Яніны Пратасевіч.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел районный интеллектуальный квиз

В центральной районной библиотеке прошел районный интеллектуальный квиз "Когда...

VIDEOBEL.BY: Первый мультимедийный портал запускают в Беларуси! Что там будет?

Старт первого в стране мультимедийного портала - VIDEOBEL.BY - назначен...

Кубраков: у южных рубежей в приграничье размещены спецподразделения ОМОН и внутренних войск

МВД проанализировало действия ВСУ в Курской области. Об этом...

Владислав Горобчук – следователь должен быть справедливым

Свой профессиональный праздник 12 сентября отмечают сотрудники Следственного комитета...