У кожнага з пенсіянераў вёскі Гошава – свае асабістыя ўспаміны. Але ёсць і агульныя – тыя, што вяртаюць іх у незабыўную пару маладосці, калі нястомна працавалі, дзяцей паднімалі, радаваліся кранаючым дзявочым песням, што задушэўна гучалі ў розных кутках вёскі…
Вось такія, дарагія і мілыя сэрцу пажылых вяскоўцаў успаміны, і леглі ў аснову сустрэчы “Як жывеш, ветэран?”, што прайшла ў канцы жніўня, на свята Прачыстай, у Гошаўскім Доме фальклору і сабрала жыхароў некалькіх навакольных вёсак. Яе арганізатарамі сталі Хомскі сельвыканкам, мясцовы сельскагаспадарчы філіял камбікормавага завода і кіраўніцтва пярвічнай ветэранскай арганізацыі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама і райцэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Тон сустрэчы задаў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі У.С. Саліта, які некалі працаваў кіраўніком тутэйшага калгаса. Ён узгадаў многіх з былых працалюбаў, якія ўзнялі з пасляваенных руін, адбудавалі і свае дамы, і калектыўную гаспадарку. З цеплынёй Уладзімір Сцяпанавіч успомніў і расказаў пра свайго калегу У.Я.Савончыка, які да ўзбуйнення ўзначальваў калгас у Гошаве. У 72-гадовым узросце, ужо будучы пенсіянерам, ён, засумаваўшы без людзей і калектыўнай работы, прыйшоў у кантору і па-прасіў прыняць яго механізатарам. Заслужанаму калгасніку выдзелілі новы трактар, на якім ён сумленна працаваў, пакуль былі сілы. І па тым часе такія адносіны да сваіх абавязкаў, да агульнаграмадскіх спраў былі звыклымі і распаўсюджанымі.
Прыемным момантам сустрэчы пажылых лю-дзей у Гошаве стала ўшанаванне пенсіянераў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё тутэйшай сельгасвытворчасці. Падарункі ад ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” старшыня прафкама прадпрыемства А.М.Мазец і старшыня Хомскага сельвыканкама ўручылі былым працаўнікам, у ліку якіх – даярка-ардэнаносец М.Я.Лаўрыновіч, неаднаразовы пераможца конкурсаў аратых, меха-нізатар В.В. Ігнатчык, ва-дзіцель М.С.Красоўскі, жывёлаводы У.С.Гарачка і М.М.Грыка, звеннявая А.М.Клімчук і іншыя.
А ўвогуле, вёска Гошава мае даволі багатую гісторыка-культурную спадчыну. Пачынаючы з 1925 года, тут актыўна дзейнічала падпольная ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая агітавала на барацьбу супраць белапалякаў, змагалася за ўз’яднанне з БССР. У 1929 годзе тутэйшыя падпольшчыкі С.А. Лоска, П.Р.Сахашчык, П.М.Кожух, І.В.Ігнатчык, Я.Р.Селяйковіч былі арыштаваны. Але барацьба за вызваленне працягвалася.Захаваліся звесткі, што вясной 1933 года , калі Гітлер у Германіі толькі прыйшоў да ўлады, у Гошаве былі развешаны сцягі з надпісам: “Далоў фашысцкую дыктатуру”. Так што нямала годных, разумных, справядлівых, мужных людзей узгадавала гэта зямля.
У час Вялікай Айчыннай вайны многія з вяскоўцаў апынуліся ў партызанах, а пазней – і на фронце. Толькі ў Гошава, Дубраўкі, Гнілец вярнулася каля 70 салдат, якія па тым часе былі галоўнай гаспадарчай сілай і апорай. Цяпер з франтавых ветэранаў у Гошаве застаўся толькі В.Д. Плюшчэня. Васіль Данілавіч з ахвотай прыйшоў на сустрэчу і нават не адмовіўся выступіць. Аднак адчувалася, што кожны ўспамін закранае і вярэдзіць незагойныя раны ў душы былога франтавіка…
В.Д.Плюшчэня на фронце быў кулямётчыкам. У баях пад Кенігсбергам на яго вачах асколак прабіў грудзі напарніка, які быў родам з-пад Мінска. Смерць таварыша была пакутнай, і ён ледзь чутна прасіў: “Дабі мяне”. Салдат памёр, не дачакаўшыся санітараў, а Плюшчэня пайшоў далей, у наступленне. Але хутка і яго цяжка параніла, і ён апынуўся ў шпіталі. Выпісалі Васіля Данілавіча акурат у дзень Перамогі, але не дэмабілізавалі, а накіравалі ў Кітай. Ішлі туды пешшу ўсё лета. Апынуўшыся на месцы, даведаліся, што Японія капітуліравала і ваяваць больш не прыйдзецца. Гэта навіна акрыліла і абнадзеіла салдат, што дадому яны вернуцца жывымі…
Зараз В.Д.Плюшчэні – 88 гадоў, але ён не адмаўляецца выйсці да лю-дзей, пабыць у калектыве. Тут, у Гошаве, многія пенсіянеры сваім прыкладам паказваюць, што і ў пажылым ўзросце жыццё можа быць у радасць. Гэта магчыма, калі людзі пазбягаюць адзіноты, хінуцца адзін да аднаго, знаходзячы агульныя інтарэсы і захапленні. Менавіта такім дружным калектывам ужо каторы год жывуць удзельніцы самадзейнага фальклорнага ансамбля “Гошаўскі таночак”, згуртаваныя любоўю да народных спеваў. Іх песням, іх задору і гумару і на гэты раз было цесна ў сценах вясковай установы.
Завадатарам і арганізатарам добрых спраў у Гошаве з’яўляецца стараста Л.І.Савіцкая, грамадская актыўнасць якой таксама была адзначана падарункам. Былы педагог, Любоў Іванаўна і цяпер збірае і захоўвае цікавыя звесткі з жыцця гэтага населенага пункта. Вось і на гэты раз, выступаючы перад аднавяскоўцамі, яна агучыла, што першае пісьмовае ўпамінанне пра Гошава значыцца ў 1793 годзе ў інвентарным запісе Хомскага графства. Тады ў вёсцы налічвалася 46 двароў, 326 жыхароў, 13 коней і ажно 130 валоў. А ўжо да 1921 года вёска вырасла да 96 двароў і 604 жыхароў…
Сёння ж у Гошаве зарэгістравана 125 двароў, дзе пражываюць 206 жыхароў, 42 з якіх – дзеці. Таму відавочна, што спраўляць 220-гадовы юбілей вёскі, які намячаецца ў 2013 годзе, тут яшчэ будзе з кім і будзе каму.
Галіна ШАФРАН.
Фота аўтара.