Нічога не зробіш, такія мы, людзі, часта сумуем па нашым мінулым, па дзяцінстве, юнацтве, маладосці, якія прайшлі ў родным горадзе, вёсцы. Канешне, старонкі жыцця назад не перагорнеш. Вось і наш горад ужо не такі, якім ён быў раней, многае ў ім памянялася: будынкі, месцы, дзе мы вучыліся, праводзілі вольны час, працавалі, – адным словам, жылі. Замест усяго гэтага ўтвараецца штосьці новае: школы, крамы, прадпрыемствы, будуюцца дамы, якія абжываюць навасёлы. Мы прапануем чытачу пазнаёміцца з гісторыяй вуліц нашага горада, зноў, як у юнацтве, у маладосці, павандраваць па знаёмых мясцінах. Першая ў спісе – вуліца Вакзальная.
Яе можна лічыць паўднёвымі варотамі ў наш горад. Праз гэту вуліцу праходзяць госці раённага цэнтра і, гледзячы на яе, атрымліваюць першыя ўражанні аб Драгічыне. Шмат гадоў яна па праву лічылася самай прыгожай у горадзе. Вакзальная была выкладзена з васьмівугольных плітак-каменняў. Такую дарогу называлі “трылінкай” у гонар яе заснавальніка – польскага інжынера Уладзіслава Трылінскага. Вуліца рэгулярна падмяталася жыхарамі, кожны наводзіў парадак насупраць свайго дома. За гэтым назіраў участковы міліцыянер. Па абодва бакі ад дарогі раслі канадскія клёны, якія ўвесну стрыгліся. Гэта была самая роўная і самая чыстая з вуліц Драгічына і самая рамантычная, таму што па ёй часта гулялі, узяўшыся за рукі, закаханыя. Такой Вакзальную памятаюць на працягу большай часткі 20 стагоддзя. У 2006-м годзе на ёй прайшлі маштабныя будаўнічыя работы. Дарожнікі знялі “трылінку” і палажылі на вуліцы асфальтабетон.
Раней, у часы панскай Польшчы, як кажуць старажылы, на месцы цяперашняй Вакзальнай стаяла некалькі хат побач з сучаснай вуліцай Леніна. Астатняя тэрыторыя заставалася незаселенай. Чыгуначнага прыпынку там таксама не было, меліся толькі чыгуначныя склады. Асобна ад усіх, бліжэй да сённяшняга вакзалу, стаяў дом Сяргея Целяшука. Ён трымаў шынок і меў ліцэнзію на продаж алкагольных напояў.
Вядомая ўсім гасцініца пачала існаваць у пачатку 50-х гадоў у доме мясцовага жыхара Сцяпана Карпінчыка. У свой час ён ездзіў у Амерыку, дзе зарабіў дастаткова грошай, каб пабудаваць свой дом. Яго савецкая ўлада палічыла заможным чалавекам. Сям’ю хацелі рэпрэсіраваць, вывезці на Салаўкі, але пашчасціла Карпінчыкам, і гэтага не адбылося. Па рашэнні мясцовай улады ў іх забралі дом і зрабілі ў ім гасцініцу. Сям’ю Карпінчык перасялілі ў хату, таксама на тэрыторыі сучаснай вуліцы Вакзальнай. Пазней Сцяпан пабудаваў побач уласнае жыллё.
У невялікім будынку, там, дзе сёння знаходзіцца мясная лаўка, раней размяшчалася крама, дзе можна было набыць маслянку, іншыя прадукты, заправіць звычайную ваду газам, каб атрымалася газіроўка.
Многія памятаюць, што раней у прасторным будынку, які зараз дзеляць між сабой тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, існавала сярэдняя школа пад нумарам 1.
– Калі я выйшла замуж і стала жыць у Драгічыне, на Вакзальнай, а гэта быў 1953 год, на тым месцы яшчэ нічога не было. Толькі поле, і мы там садзілі бульбу, – успамінае жыхарка вуліцы Марыя Рыгораўна Тарасюк. – У 1959-м годзе пабудавалі на тым месцы школу, куды ў 1963-м пайшла ў першы клас мая дачка Валя.
Побач са школай знаходзіцца старэйшы мнагакватэрны дом у Драгічыне па адрасе Вакзальная, 17. Двухпавярховы, цагляны, яго доўгі час называлі настаўніцкім, таму што сярод навасёлаў было шмат педагогаў, якія працавалі ў размешчанай па-суседству вучэбнай установе. Тут жылі: Надзея Мацяніна, Анатоль Басякоў, Зінаіда Жукава і іншыя.
– Ацяпленне ў нас было пячное, і нават калі ў 2010 годзе да нас падвялі прыродны газ, многія з гаспадароў кватэр не сталі разбурваць свае печы. Калі пачынаюцца першыя восеньскія халады і батарэі яшчэ не “ўключылі”, мы топім па-старому – дровамі і торфам, – кажа адна з жыхарак дома.
Раней у двары часта можна было ўбачыць дзяцей. Гульні, дзіцячыя галасы аж да поздняга вечара – тым і запомніўся жыхарам вуліцы дом пад нумарам 17. Канешне, прайшоў час, дзеці выраслі, раз’ехаліся.
Мужчыны, жыхары дома, працавалі ўсе разам, ніхто не стаяў у старонцы, калі патрэбна было зрабіць нешта на агульную карысць. Так у двары вырылі калодзеж, дзе доўгі час была вельмі смачная і чыстая вада. Да яго папоўніць вёдры прыходзілі і людзі з навакольных дамоў.
Школа пераехала ў другое месца ў пачатку 78-га года, а ў гэтым будынку размясціўся вучэбна-вытворчы камбінат, пакуль з цягам часу тут не заснавалі цэнтр пазашкольнай работы і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Чыгуначны вакзал (у тыя часы – прыпынак), без якога немагчыма сёння ўявіць вуліцу, з’явіўся тут у пачатку 50-х.
“Ён з трох бакоў быў абабіты шаляванымі дошкамі, з поўдня яго падпіралі некалькі драўляных слупоў. У невялікай драўлянай будачцы сядзела касірка і праз маленькае ваконца прадавала людзям квіткі на цягнік, – успамінае былы жыхар вуліцы Мікалай Аляксандравіч Шаўчук. За суткі праз Драгічын толькі два разы праходзіў пасажырскі цягнік у напрамках Брэст-Бранск і Бранск-Брэст. Узімку людзі, чакаючыя па некалькі гадзін цягніка, ішлі ў бліжэйшыя дамы, каб перасядзець, сагрэцца. У нас не было варот каля хаты, і таму многія заходзілі менавіта да нас, вялі размовы з бацькамі аб жыцці, і мы з братам заўсёды ўважліва слухалі праз адчыненыя дзверы з другога пакою. Так і пазнавалі свет, даведваліся, які ён па-за межамі нашага маленькага гарадка”.
Пасля, у 1966-м годзе, замест драўлянага будынка станцыі зрабілі цагляны, які прастаяў аж да 2001-га года, пакуль не быў пабудаваны чыгуначны вакзал. Пасля рэканструкцыі ў 2016-м ён стаў такім, якім мы яго бачым сёння.
Мікалай Аляксандравіч шмат расказаў нам пра сваё дзяцінства, якое прайшло на вуліцы Вакзальнай. Ён цікавіцца гісторыяй роднага горада, не раз яго нарысы, прысвечаныя гэтай тэме, публікаваліся ў “раёнцы”. Зараз ён жыве ў мнагакватэрным доме на Савецкай, але душой так і застаецца там, на Вакзальнай, сярод сваіх сяброў, побач з якімі прайшло яго дзяцінства, юнацтва, з якімі гуляў у футбол, стаяў плячо ў плячо падчас бояк з хлопцамі з іншых вуліц. Свае ўспаміны М.А. Шаўчук выклаў на паперы і прысвяціў “Хлопцам з вуліцы Вакзальнай”.
Сярод тых, хто ўзгадваецца ў творы Мікалая Шаўчука, – жыхары Драгічына і нашы землякі, якія ў розныя часы праслаўлялі родны горад, сваю вуліцу, займалі пэўныя пасады, самааддана працавалі на карысць Драгічыншчыны, усёй краіны. Напрыклад, Аляксандр Каваленка быў галоўным рэдактарам газеты “Запаветы Леніна”, яго сын Мікалай абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам хімічных навук, Уладзімір Салавей узначальваў Брэсцкі завод бытавой хіміі, Сяргей Брыч быў галоўным інжынерам на Драгічынскім трактарарамонтным заводзе, Леанід Ляшчына – кіраўніком ДЭУ-177, Георгій Целяшук – дырэктарам Брэсцкага электралямпавага завода, Міхаіл Сцепанюк – дарожны майстар, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Віктар Шуміла сёння з’яўляецца генеральным дырэктарам холдынгу “Атлант” у Мінску.
На гэтай вуліцы жыла заслужаны настаўнік БССР Аляксандра Пятроўна Гавароўская, а таксама вядомы на ўвесь Драгічын урач-акуліст Сцяпан Данілавіч Салавей.
Зараз на вуліцы ў асноўным жывуць маладыя людзі працаздольнага ўзросту, старажылаў засталося зусім нямнога.
Вось такой яна была раней, такая яна зараз – вуліца даўжынёй прыкладна з паўкіламетра, што звязвае чыгуначны вакзал з астатняй часткай горада.
Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота Івана Ляончыка і Васіля Палхоўскага