Свята адчувалася з парога. У фае гарадскога Дома культуры гасцей сустракалі адразу некалькі адмысловых выстаў: пірагоў, караваяў і іншай хлебабулачнай прадукцыі тутэйшай вытворчасці, тваражкоў, сыроў, ёгуртаў Бярозаўскага сыраробнага камбіната і адборных, наліўных яблыкаў, вырашчаных садаводамі СВК “Імянінскі”. А шчымліва-кранаючыя жывыя гукі саксафона, на якім іграў таленавіты выкладчык Драгічынскай школы мастацтваў Дзяніс Маскаленка, настройвалі сэрцы і думкі на ўзнёсла-ўрачысты лад.
Так пачыналася раённае свята сельскіх працаўнікоў і іх партнёраў па аграпрамысловаму комплексу, якое было адзначана ў мінулыя выхадныя. Для многіх жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў і кіраўнікоў такое мерапрыемства – усяго толькі кароткачасовая перадышка ад сялянскіх клопатаў, якая давала магчымасць прысесці, адпачыць, атрымаць задавальненне ад пачутага і ўбачанага. Бо работа ў сельскай гаспадарцы, нягледзячы на паўсюднае тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю, па-ранейшаму патрабуе немалых фізічных намаганняў.
У групе адной з лепшых даярак раёна Алены Яўгенаўны Паўлюковіч, якая працуе на ферме “Сорацні” філіяла “Гутава” – 55 кароў, 40 з якіх – дойныя. Ад адной толькі рагулі з незвычайнай мянушкай “Скарлетт” жанчына штодня атрымлівае больш 30 літраў малака. Усяго ад кожнай каровы летась яна надаіла 6764 кг малака пры агульнараённым паказчыку 4265 кг. А гэта значыць, што Алена Яўгенаўна душой і сэрцам перажывае, каб у рабоце быў парадак. На такіх вось сумленных, адказных, гаспадарлівых працаўніках і трымаецца калектыўная справа.
Шлях да добрых ура-джаяў і высокіх надояў заўжды нялёгкі. На гэтым абстрагаваў увагу і старшыня райвыканкама В.М.Хвацік, які адкрыў агульнараённае свята. У сваім выступленні ён адзначыў, што ў нашых умовах сельская гаспадарка – гэта не толькі сфера вытворчасці, а жыццёвы ўклад большасці жыхароў раёна. Апошнім часам у развіццё гэтай галіны ўкладзена нямала старання і сродкаў, каб стварыць дастойныя ўмовы для жыцця і работы вяскоўцаў. З пачатку пяцігодкі ў сельгасвытворчасць раёна інвесціравана больш 300 млрд. рублёў, што ў сярэднім складае па 18 млрд. рублёў на кожную калектыўную гаспадарку. Гэта дазволіла значна абнавіць машынна-трактарны парк, укараніць новыя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У прыватнасці, за апошнюю пяцігодку машынна-трактарны парк сельгас-прадпрыемстваў раёна папоўнілі больш 800 адзінак новай тэхнікі, што на многіх участках дазваляе аблегчыць работу вяскоўцаў і скараціць вытворчыя затраты.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адра-джэння і развіцця вёскі за пяцігодку ў раёне абуладкавана 14 аграгарадкоў з адноўленымі аб’ектамі сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. За гэты час у сельскай мясцовасці пабудавана больш як 320 жылых дамоў, у тым ліку 166 – у аграгарадках.
Працягваецца газіфікацыя раёна, і ў недалёкай перспектыве “блакітнае паліва”плануецца падвесці ў Сірэнеўку, Пярковічы, Новую Папіну, Осаўцы, Брашэвічы, Ліпнікі.
Хаця заканамерна, што каб развіваць і мацаваць аграпрамысловы комплекс раёна – трэба старацца і працаваць. І сёлета, як падкрэсліў В.М.Хвацік, надвор’е ў чарговы раз выпрабавала сялян на прафесіяналізм, вытрымку, уменне арга-нізаваць сваю работу ў не заўжды спрыяльных кліматычных умовах.
Многіх перадавікоў земляробчай справы Васіль Міхайлавіч назваў пайменна. Кіраўнік раёна адзначыў, што першым на жніве рубеж у 1000 тон намалочанага збожжа ўзяў сямейны экіпаж ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”, у саставе якога працавалі Міхаіл Андрэевіч Страпка з сынам Аляксандрам. Потым лік камбайнераў-тысячнікаў папоўнілі яшчэ 6 экіпажаў, 4 з якіх ставілі рэкорды на палях адной гаспадаркі – СВК “Імянінскі”. У гэтым жа сельгаскааператыве атрыманы і самы высокі ўраджай рапсу – 28 цнт/га, які на цяперашні дзень з’яўляецца адной з самых эканамічна выгадных сельгаскультур. Кожны гектар рапсавага поля даў гаспадарцы 516 тыс. рублёў прыбытку.
Істотна падтрымала эканоміку некаторых сельгаспрадпрыемстваў і бульба. У прыватнасці, калектыў племзавода “Заказельскі” зарабіў на яе вырошчванні 448 млн. рублёў, а ўсяго па раёну ў выніку рэалізацыі “другога хлеба” атрымана звыш 1 млрд. рублёў прыбытку…
Ва ўрачыстай абстаноўцы праходзіла ўшанаванне лепшых працаўнікоў сельгасвытворчасці, Ганаровыя граматы, прэміі, падарункі якім пачаргова уручалі старшыня райвыканкама В.М.Хва-цік, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Ю.В.Дзядзюк, старшыня райсавета дэпутатаў Г.А.Верамейчык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.У.Барташ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама А.П.Грэчка.
Да справы ўшанавання сельгасвытворцаў раёна далучыліся і іх партнёры па аграпрамысловаму комплексу: ААТ “Савушкін прадукт”, Бярозаўскі сыраробны завод і мясакансервавы камбінат, аб’яднанне “Брэстльнасемя”, Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў, “Белсолад”, мясцовае прыватнае прадпрыемства “Мірон” і іншыя. Найбольшую колькасць асабістых і калектыўных ўзнагарод, прэмій, падарункаў прынялі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў: С.І.Цынкус (СВК “Асавецкі”), У.А.Сухарэвіч (СВК “Імянінскі”), М.С.Якоўчык (племзавод “Заказельскі”), А.В.Вайтовіч (ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”) і іншыя.
Адзначаны і спартыўныя дасягненні вяскоўцаў. Ганаровыя граматы, кубкі і прызы за актыўны ўдзел і перамогу ў чэмпіянаце па футболу сярод сельгас-прадпрыемстваў раёна намеснік старшыні райвыканкама У.І.Нерад уручыў кіраўнікам СВК: М.М.Шу-льжыку (“Аляксеевічы-агра”), У.А.Сухарэвічу (“Імянінскі”) і М.К.Гутэлю (“Асіпавічы”), каманды якіх занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы.
З нагоды прафесійнага свята працаўнікам сяла былі адрасаваны самыя шчырыя музычныя віншаванні. На гэтым свяце па-лічылі за гонар выступіць вядучыя самадзейныя калектывы раёна: народныя ансамблі “Зараначка”, “Сваякі”, “Прыгажосць”, “Суседзі”, “Ліпачка”, лаўрэаты, прызёры, удзельнікі многіх конкурсаў Мікалай Ільютка, Ніна Пацяюк, Крысціна Клімчук, Аляксандр Каласей, юныя салісты Арцём Саладуха, Аня Гражэўская і іншыя. Бо так складвалася вякамі, што менавіта зямля і вёска ў нашай старонцы з’яўляюцца вытокамі не толькі матэрыяльных, але і духоўных здабыткаў.
Галіна ШАФРАН.
НА ЗДЫМКАХ: моманты агульнараённага свята працаў-нікоў сяла і ўрачыстага ўшанавання перадавікоў сельгасвытворчасці.
Фота аўтара.