spot_img

ВЁСКА РАДАСТАВА: КАЛЯДНЫЯ ПЕСНІ І ПРЫСМАКІ

Дата:

— Слава Богу! — з парога вітаецца суседка.
— Вавекі Богу слава! – з прыязнай усмешкай адзываецца гаспадыня Соф’я Іонаўна Дзмітрук і запрашае аднасяльчанку праходзіць далей, у хату, дзе сабраліся іншыя вясковыя жанчыны. Старэйшай з гэтай кампаніі – былой даярцы і актыўнай удзельніцы тутэйшай мастацкай самадзейнасці Марыі Цярэнцьеўне Астапук – мінула 86 гадоў, а малодшай, Ніне Рыгораўне Трусавай, якая да нядаўняга часу працавала ў Радастаўскім Доме культуры і кіравала самабытным фальклорным калектывам “Багнючкы” – амаль 60. Апошняй да гэтага гурту далучаецца Алена Іванаўна Астапук, суседка гаспадыні, 81-гадовай С.І.Дзмітрук, у доме якой мы знаходзімся. Соф’я Іонаўна хварэе на ногі і хадзіць яна можа толькі абапіраючыся на мыліцы. Але ў хаце яе аж блішчыць святочнай чысцінёй і прыбранасцю.  “Дачка Ніна, унук з нявесткай прыхо-дзяць і дапамагаюць…” – зазначае пенсіянерка, і твар яе свеціцца ціхай, заспакоенай радасцю.
Не па ўзросту бадзёра і аптымістычна выглядаюць і сяброўкі гаспадыні, якія сышліся разам, каб узгадаць даўнішнія калядныя традыцыі вёскі Радастава. І мае гаваркія суразмоўніцы ахвотна вяртаюцца ў мінулае, дзе засталася незабыўная пара дзяцінства і юнацтва і дзе кожнай з ліхвой выпала розных перажыванняў: зведалі бяду і скруху, але ж былі і шчаслівыя дні, поўныя радасці, песень, смеху…
Расказвае С.І.Дзмітрук:
— Калісьці мы  жылі вельмі бедна. Я была пятай у сям’і, а дзеці, што нарадзіліся перада мной, у розным узросце паўміралі. Бо лячыць іх не было каму і не было чым. Ведаю, што каб збіць жар ад высокай тэмпературы, змочвалі ў халоднай ва-дзе ручнік і прыкладвалі яго да галавы. Але ж не заўжды гэта дапамагала. Памятаю, як недалёка ад нас жанчына ў адзін дзень дзвюх дарослых дачок хавала. Дзве труны ў хаце на покуці стаялі. Як свечачкі, згарэлі дзяўчаткі…
Прыгадвае М.Ц.Астапук:
—У голадзе і ў нястачы жылі, але ж і працаваць, і радавацца тады ад душы ўмелі. Часу дарэмна не марнавалі: ад позняй восені і да Каляд дзяўчаты збіраліся ў чыёй-небудзь хаце на пасядзелкі, дзе доўгімі вечарамі заўзята пралі кудзелю. А як навальваліся сон ці стома, распачыналі гульню або танцы. Памятаю такую забаву: хлопцы выразалі драўляную трашчотку, ці, як у нас называлі, “лышчатку”,  і прыносілі яе на вячоркі. Выбіралі дзяўчыну, якая павінна была жмурыцца, а астатнія падыходзілі і па чарзе дакраналіся трашчоткай да яе спіны, пакуль яна не адгадвала імя таго, хто гэта быў. Каго паважалі і шкадавалі, то толькі злёгку датыкаліся “лышчаткай”, а каго, бывала, няўзлюбяць, то так угрэюць гэтым дрэўкам, што доўга спіна ныла. Але ж і весяліліся пры гэтым, што сцены ад нашага смеху ў той хаце разыходзіліся…
А потым пачыналі рыхтавацца да Каляд: з паперы выразалі розныя ўзоры, фарбавалі іх дубовай карой ці чарніламі і ўпрыгожвалі імі жыллё. Былі ў нас  свае святочныя ўборы: кашуля і саматканая спадніца ў палоску, якую мы называлі “хвартух з паском”, а вось традыцыйны фартушок у нас лічылі “затулкай”, а пояс – “крайкай”.
Па адметнаму мясцоваму звычаю славілі ў Радаставе і Ражаство Хрыстова. Тут быў такі закон: перадсвяточным надвячоркам, 6 студзеня, калядаваць хадзілі толькі дзяўчаты, а вось на наступны дзень з каляднай зоркай па вёсцы ішлі ўжо хлопцы. Як прыгадваюць мае суразмоўніцы, то пачатак абраду быў прыкладна аднолькавы. І дзяўчаты, і хлопцы, заходзячы ў сялянскі двор, пыталі:
“Богатэ, богатэ, дозвольтэ
колядоваты,
На хвалу Божу пэрожка датэ шчэ й на той рік дождатэ”.
І толькі пасля таго, як гаспадары казалі: “Дазваляем, калядуйце!” – можна было пачынаць  песнапенні. Тыя, хто праганяў каляднікоў, згодна з вясковымі павер’ямі лічыліся варажбітамі ці знахарамі. Пакідаючы такі двор, услед гаспадарам звычайна крычалі:
“ У сты хаты нэма шчо датэ,
Солому тоўчуть, пэрогы пэчуть…”
Цікавай асаблівасцю тутэйшых калядак з’яўляецца і тое, што ў Радаставе дзяўчаты і хлопцы не толькі калядавалі паасобку, але і спявалі яны пры гэтым розныя песні. Перадсвяточным надвячоркам гаспадароў звычайна віталі наступнымі словамі:
“ Ластовойкы-шчыбытайкы
до вокэнца прыпадають,
господара пробуждають,
Устань, панэ господарэ,
выйды собі на ўборэнку,
подывыся на скотэнку.
Ужэ овэчкы покачэлыс,
тэлушэчкы потэлэлыс,
а волыкы повставалэ,
просять Бога світанэчку,
господара сніданэчку”.
А ўжо на наступны дзень колішнія радастаўскія мужчыны і хлопцы з усёй урачыстасцю славілі Ражаство Хрыстова, спяваючы:
“Нова радость стала, якой нэ бувало:
Над вертэпом звезда ясна світло воссіяла.
Дэ Хрыстос родыўся, Богом воплотыўся,
Як чоловік пэрыд намэ появыўся.
Просым Тэбэ, пану, з нэбэсного дару,
Даруй літа шчаслэвыі сёму господару.
Пастушкы, ягняткы, малэі дітяткы
На коліна прыпадають, Бога прослаўляють…”
Адорвалі сяляне сваіх каляднікоў, чым выпадала: хто – кавалачкам сала, хто—хлебам. Але ж асабліва радаваліся яны беламу акрайцу, ці, па-тутэйшаму, галушцы. А калі яна была пасыпана цукрам ці змазана мёдам, то смачней гэтага дарунку па тым часе і не было нічога.
Гаротным і галодным быў той час. Мае суразмоўніцы прыгадваюць і іншыя падзеі, якія так ці іначай паўплывалі  на іх лёс. Марыя Цярэнцьеўна Астапук расказвае, як у Радаставе чакалі савецкую ўладу. Святочную браму на крыжавой дарозе паставілі, кветкамі і чырвоным палатном яе ўпрыгожылі. Першым на сваім кані яе пераступіў камісар Салаўёў, павітаўся з вяскоўцамі, рукі ім паціснуў. А адзін з тутэйшых сялян з прывітальным словам выступіў: “Дзякуй, таварышы, што нас ад ярма вызвалілі!” А той камісар, як і зараз памятаюць пажылыя жанчыны, не то жартам, не то ўсур’ёз адказвае:”Ад драўлянага ярма вызвалілі, жалезнае накінем…”
А потым вайна пачалася. Днем у Радастава акупанты наязджалі, а ноччу партызаны прыходзілі. А хутка яны ўвогуле гэтыя мясціны пад свой кантроль узялі, сем’і савецкіх актывістаў па вясковых хатах размеркавалі. Але ж напачатку 1944 года фашысты ўзмацнілі націск,  і партызаны аб’явілі людзям, што вёску не ўтрымаюць і насельніцтву трэба ратавацца, хто як можа. Соф’ю Іонаўну, якая памірала ад тыфу, разам з сям’ёю прытуліў і сагрэў у сваёй хацінцы, што стаяла ў лясной глушы на балоце, іх аднавясковец Якаў. А потым яны перабраліся ў Званец да дзеда, які таксама меў прытулак на балотным астраўку, і там дачакаліся цяпла і вызвалення.
А пасля вайны кожнага свае радасці і выпрабаванні чакалі. Пачалі ствараць калгасы. Алене Іванаўне Астапук было тады дванаццаць гадоў і яна добра памятае, як цяжка хварэў і паміраў яе бацька. Акурат у гэты час да іх прыйшлі актывісты і пачалі прымушаць да ўступлення ў калгас. А бацька ім тлумачыць, што, маўляў, я ўжо не работнік ніякі, памру хутка. А яны і адказваюць: “Нам не ты, а найперш гаспадарка твая патрэбна”. Паднялі бацьку з ложка, біць пачалі, каб пісаў заяву. А праз нейкі месяц ён памёр…
А Марыя Цярэнцьеўна ў пасляваенны час дзяўчынай на выданні была. Лепшай танцоркі, чым яна, ва ўсёй ваколіцы не знахо-дзілася. Як пойдзе, бывала, у скокі, дык ад лапцяў адны вяроўкі заставаліся. Памятае яна вячоркі, дзе станцавала свой самаробны абутак, а дамоў па хола-дзе хоць басанож вяртайся. Дык вясковыя хлопцы навыперадкі бегалі, каб знайсці лішнюю пару лапцяў і дагадзіць весялунні.
Але ж замуж Марыя выйшла за знявечанага вайной франтавіка Анатоля Астапука. Яго з фронту на лячэнне ажно ў Чэлябінск везлі. Але ён па-прасіўся, каб выйсці ў Антопалі і далячыцца дома. Толькі, відаць, на залячыў, як трэба, раненыя лёгкія, бо ў 1946 годзе Анатоль з Марыяй пабраліся, а ў 1950 яна ўжо ўдавіцай з дзвюмя дзеткамі засталася. Так і гадавала іх адна. Даяркай працавала, у мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала, з тутэйшым фальклорным калектывам “Багнючкы” ўсю рэспубліку аб’ездзіла. І ўсюды, як прызнаецца жанчына, яны прызавыя месцы займалі. Ёсць што ўспомніць…
“Ой, Коляда, Колядыца,
Добра з маком паляныца,
Ны так з маком,
як з сытою,
Будь здоровый
з Колядою!”
Мае пажылыя суразмоўніцы згадваюць, што сыта – гэта не што іншае, як разбаўлены вадой цукар, якім змазвалі радастаўскія калядныя пірагі-галушкі. Яны памятаюць гэты смак свайго маленства і тое, што хлебам тады не перабіралі і не ганьбавалі, бо ўдосталь яго ўжывалі толькі па вялікіх святах. Ім гэта вядома і зразумела. Таму, пэўна, і народныя калядныя песні , што ўсе радзей гучаць на сучасных вясковых вуліцах, па-ранейшаму не заціхаюць у іх душы.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара
Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...