spot_img

ВЫБАРЫ АДБУЦЦА ПРЫ ЛЮБЫМ НАДВОР’І

Дата:

Пераважная большасць насельніцтва адказна ставіцца да палітычнай кампаніі, што набліжаецца, і, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, збіраецца прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Але ж ёсць і тыя, хто лічыць, што выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў – гэта рудымент савецкага часу. Няма ў іх, маўляў, рэальных паўнамоцтваў, “дэпутатамі паставяць таго, каго захочуць улады”, на агітацыю амаль не даюць грошай, і наогул выбары праходзяць нецікава і няма чаго на іх ісці. Вось такім людзям і хачу запярэчыць, каб не збівалі з панталыку іншых.

Як бы хто ні казаў, але нам патрэбныя дэпутаты, бо яны – нашы прадстаўнікі. Не можа ўся вёска ехаць у райцэнтр, каб расказаць пра набалелую праблему або звярнуцца па параду. Выбіраючы дэпутата, мы даём аднаму пэўнаму чалавеку паўнамоцтвы ад нашага імя падтрымліваць ці адхіляць прапановы, якія закранаюць нашы інтарэсы, агучваць на больш высокім узроўні нашы праблемы і меркаванні. Адначасова мы патрабуем ад яго і адказнасці за дэпутацкую дзейнасць. Дабрацца да высокага кіраўніцтва звычайнаму чалавеку бывае не заўсёды проста, да таго ж, і праблемы ў яго часцей не глабальныя, а мясцовага значэння. А дэпутат мясцовага Савета – вось ён, жыве побач, ды і чалавек добра знаёмы. У любы час можна звярнуцца па дапамогу. Думаю, не адна сотня жыхароў Беларусі з удзячнасцю ўспамінае сваіх былых і дзейных старшыняў сельскіх Саветаў, дэпутатаў усіх узроўняў за дзейсную дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, у тым ліку могілак, перакрыцці дахаў дамоў, рамонце калодзежаў ды агароджаў і гэтак далей. А хіба ж не арганізоўваюцца святы вёсак, вуліц, разнастайныя конкурсы і фестывалі? Уся краіна ведае пра фестываль “Мотальскія пры-смакі”, фэст беларускага гумару ў Аўцюках і іншыя. Мы не заўсёды заўважаем, але і тут ёсць праца дэпутатаў. І гэта пры тым, што дэпутаты мясцовага ўзроўню працуюць на грамадскай, бязвыплатнай аснове. Таму выбары хоць і сапраўды традыцыя, якая захавалася з савецкага часу, але традыцыя добрая і карысная. Навошта ж адмаўляцца ад яе? Не будзем забываць і пра тое, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прадугледжаныя ў Канстытуцыі, ухваленай усім беларускім народам.
Наконт рэальнай улады і паўнамоцтваў дэпутата можна весці спрэчкі, але скажу прама: каб выконваць абавязкі на сваёй тэрыторыі, іх цалкам хапае. Іншая рэч, што ў самога абранага дэпутата, здараецца, не хапае смеласці, спрыту, кемлівасці, добрага кантакту з простымі людзьмі, кіраўніком СВК ці іншых арганізацый, выканаўчай уладай. Каб неяк апраўдацца за сваю бяздзейнасць, ён і выказвае крыўду на нейкі недахоп улады. За гады сваёй дзейнасці ў Парламенце краіны мне давялося сустракацца з жыхарамі амаль усіх вёсак выбарчай акругі. І там, дзе дэпутаты, як кажуць, на сваім месцы, скаргаў ад людзей на няўвагу да іх з боку органаў самакіравання значна менш. Але ж бывае і такое, што людзі наогул не ведаюць свайго дэпутата ці не бачаць яго работы. Там скаргаў па праблемах мясцовага ўзроўню, якіх лёгка было б пазбегнуць, даволі шмат. Зразумела, сам дэпутат не рамантуе дахі і парканы, не будуе дарогі, не пракладвае водаправоды і тэлефонныя лініі, не лечыць людзей… Дэпутат – не выканаўца, ён – хутчэй, арганізатар спраў. У яго ёсць толькі адзін спосаб дапамагаць людзям – слова. Але калі гэтае слова будзе выказана своечасова, даступна і таму кіраўніку, які валодае сродкамі і паўнамоцтвамі, то справа будзе абавязкова зробленая. Дарэчы, слова – вельмі моцны сродак. Даволі часта да дэпутата ідуць не толькі па падмогу, але і па параду ці проста пагутарыць. І гэта азначае, што людзі ў сваім выбары не памыліліся.
У якасці кандыдатаў у дэпутаты вылучаюцца розныя людзі – як па па-літычных поглядах, так і па сацыяльным статусе. Наша заканадаўства спрыяе гэтаму, прапануючы некалькі спосабаў вылучэння: працоўнымі калектывамі, партыямі, шляхам збору подпісаў. Гэта добра, але мяне некалькі здзіўляе імкненне асобных кандыдатаў у дэпутаты паказаць сябе лепшымі, чым яны ёсць, і нават падмануць насельніцтва. Ім памылкова падаецца, што пасля перамогі на выбарах яны атрымаюць высокі сацыяльны статус і нейкія асабістыя матэрыяльныя выгоды. Гэта заведама пройгрышны варыянт.
Дэпутацкі значок і пасведчанне не прыбаўляюць розуму і багацця, а толькі павышаюць патрабаванні да іх уладальнікаў з боку выбаршчыкаў. І для дэпутата асалода ад перамогі на выбарах доўжыцца некалькі гадзін, на другі дзень пасля яе пачынаецца адказная пара. Да таго ж, акруга дэпутата мясцовага ўзроўню звычайна складаецца з некалькіх вуліц, і людзі, якія там жывуць, ведаюць пра кандыдата часам больш, чым ён сам. Таму, як паказвае практыка, пры падліку галасоў такія асобы церпяць паражэнне. Наогул, да гонару нашых выбаршчыкаў, салодкімі абяцанкамі іх не купіш. Ім не патрэбныя таксама гучныя заявы “касмічнага маштабу”, накшталт “я палепшу якасць жыцця жыхароў, забяспечу ўстойлівы рост эканомікі, узнаўлю інстытуты і механізмы мясцовага самакіравання і развіццё мясцовай дэмакратыі, бо я ніяк не залежу ад мясцовай улады – ні маральна, ні матэрыяльна”. Мудры беларус адразу паставіць  пытанне: “Як ты гэта зробіш, тым больш калі не маеш кантактаў з выканаўчай уладай?..” Напэўна ў адказ нічога канкрэтнага не пачуем.
Што датычыцца тэзіса “ўлады ўсё роўна прасунуць сваіх дэпутатаў”, то яго выказваюць пераважна прадстаўнікі апазіцыі, прычым тыя з іх, хто ўжо спрабаваў свае сілы на выбарах, але прайграў. На найбліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы ўсе кандыдаты – “ад улады”, ад апазіцыі, самі ад сябе – будуць мець роўныя правы. Кожны з іх можа правесці сустрэчу з выбар-шчыкамі ў вызначаным выбарчымі камісіямі месцы і памяшканні. Дастаткова будзе толькі праінфармаваць мясцовыя органы ўлады.Галасаваць за кожнага кандыдата людзі будуць таксама на адколькавых умовах: датэрмінова (пачынаючы за пяць дзён да выбараў) і 25 красавіка 2010 года па месцы знаходжання (на кватэры, на працы) ці на ўчастку для галасавання. Роўныя правы і магчымасці ў кандыдатаў і на выступленні ў газеце, на радыё ці па тэлебачанні. Можна было б скардзіцца на невялікую суму грошай на лістоўкі і плакаты. Але ж, па першае, людзі хочуць пабачыць і пачуць самога кандыдата – чалавека, а не паперу. Па-другое, нават тоны надрукаваных лістовак ніколі не дапамогуць таму, каго людзі не ведаюць ці ведаюць з адмоўнага боку, — гэта факт, правераны ўласным досведам. А па-трэцяе, зноў жа ўсе кандыдаты знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Галоўныя козыры некаторых кандыдатаў – “не прайшоў у дэпутаты з-за маніпуляцыі членаў выбарчай камісіі пры падліку галасоў, бо мае назіральнікі не змаглі атрымаць доступ да працэдуры падліку”. Але ж Выбарчы кодэкс не дае назіральнікам, якія зноў жа прадстаўляюць інтарэсы любога, падкрэсліваю, любога кандыдата, кіраваць працай камісіі, ажыццяўляць замест яе перападлік галасоў, праводзіць праверку яе дакументацыі, патрабаваць нейкую інфармацыю. Да таго ж, у камісію звычайна ўваходзяць прадстаўнікі самага рознага сацыяльнага і палітычнага складу. Зноў жа з уласнай практыкі скажу: калі прадстаўнік нейкай партыі ці грамадскага аб’яднання быў членам акруговай ці ўчастковай выбарчай камісіі і меў намер “вывесці ўсіх на чыстую ваду”, то пасля завяршэння выбараў ён звычайна маўчыць, бо ўпікнуць камісію ў нейкай падробцы вынікаў галасавання не можа з-за адсутнасці гэтай падробкі. Але ж сказаць “падманулі”, “падтасавалі” значна прасцей – можа яшчэ хто паверыць і паспачувае.
На мой погляд, выбары не павінны праходзіць занадта весела і цікава. Гэта не кіно, не спектакль, не цыркавы паказ, а надзвычай сур’ёзная справа. Тут важна не столькі павеся-ліцца ў час выбарчай кампаніі, колькі не памыліцца ў чалавеку, вылучыць надзейнага, разумнага, адкрытага для людзей, адказнага, вартага павагі кандыдата, прыйсці на ўчастак і падтрымаць яго ў дзень галасавання. Выбары пройдуць хутка, а з абраным дэпутатам жыць яшчэ чатыры гады. І калі гэта будзе добры дэпутат, то і ў нашым жыцці застанецца менш суму. Таму схіляюся да таго, каб у нашай краіне любыя выбары праходзілі прыгожа, акуратна і спакойна, як і было да гэтага часу, а не ў спрэчках і бойках.
І апошняе. На выбары трэба ісці. Тут у свядомасці кожнага з нас павінна замацавацца наступная думка: калі я не прыйшоў на ўчастак для галасавання, то іншыя людзі выберуць таго, хто патрэбны ім, а не мне. А калі гэты чалавек мне не даспадобы, то што, мучыцца з ім чатыры гады?.. Дарэчы, па актыўнасці насельніцтва ў галасаванні можна будзе меркаваць і аб працы папярэдніх народных абраннікаў, аб іх патрэбнасці людзям. Але ўлічваючы, што бар’ер па колькасці прагаласаваўшых адменены, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца ў апошнюю нядзелю красавіка абавязкова. Нават калі на ўчастак прыйдзе і прагаласуе за кандыдата толькі адзін чалавек, у тым ліку сам кандыдат. Таму ў любым выпадку без дэпутатаў мы не застанёмся.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ,
старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...