spot_img

Вернасць роднай зямлі

Дата:

“Чалавеку патрэбна не слава, а людская ўвага і ласка…”, – такую думку агучыў у сваім вершы вядомы паэт Сяргей Грахоўскі. І гэта сапраўды так, асабліва калі сітуацыя тычыцца людзей пажылога ўзросту. І ў нашых мясцінах стараюцца не абыходзіць клопатам і спагадай ветэранаў вайны і працы. Вось і нядаўна ў адзін дружны гурт аб’ядналіся старшыня СВК “Брашэвічы” Фёдар Мікалаевіч Жыдковіч, прафсаюзны лідар гаспадаркі Галіна Мікалаеўна Піцуха, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Святлана Андрэеўна Магілянчык, прадстаўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Васільеўна Дуньковіч, святар Брашэвіцкай царквы айцец Віктар, вучні мясцовай школы і аўтар гэтых радкоў, каб адведаць і павіншаваць з днём нараджэння тутэйшага вяскоўца Сцяпана Панцялеевіча Пракаповіча, які ў свой час быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Многа цёплых слоў пачуў 85-гадовы юбіляр у свой адрас…

Ветэран-ардэнаносец Сцяпан Панцялеевіч Пракаповіч прымае віншаванні з нагоды свайго дня нараджэння
Ветэран-ардэнаносец Сцяпан Панцялеевіч Пракаповіч прымае віншаванні з нагоды свайго дня нараджэння

А мне прыгадалася, што раней, калі працаўнік-ардэнаносец быў яшчэ маладзейшы, я неаднойчы запрашала яго ў школу на сустрэчу з вучнямі. Выступаючы перад імі, ён кожны раз падкрэсліваў, што цяпер вельмі важна, каб моладзь заставалася ў вёсцы і працягвала справу бацькоў. І пры нядаўняй сустрэчы Сцяпан Панцялеевіч парадаваўся, што жыццё ў сельскай мясцовасці не замірае, што ў Брашэвічах абуладкаваны аграгарадок, узведзена звыш 20 жылых дамоў, і што нават на аддаленай ад цэнтра вуліцы, дзе пражывае заслужаны пенсіянер, ёсць маладыя сем’і з дзеткамі, гоман якіх абуджае ваколіцу, лагодзіць і весяліць душу…

Былы калгасны працаўнік С.П.Пракаповіч не ўяўляе свайго жыцця без вёскі. Вырасшы ў вялікай сялянскай сям’і, дзе было 9 дзяцей, Сцяпан з маленства прызвычаіўся да работы на зямлі. А пазней на яго долю выпала ўсенародная бяда – вайна…

– Добра памятаю, як першы раз пабачыў немцаў. Я з хлопцамі пасвіў кароў. У абед пагналі іх дадому, каб перачакаць летнюю спёку. Глядзім, а на дарозе – варожыя танкі. Жывёліны разбегліся ў розныя бакі… Тады ж у ваколіцы з’явіліся і чырвонаармейцы-акружэнцы, якія невялікімі групамі прабіраліся на ўсход. Ноччу яны стукаліся ў хаты вяскоўцаў, прасілі цывільную вопратку і што-небудзь паесці, – расказвае Сцяпан Панцялеевіч.

– А неўзабаве ў нашых мясцінах арганізаваліся першыя партызанскія атрады. Мы жылі на хутары, і ў нашым доме нярэдка спыняліся народныя мсціўцы. Аднойчы я пачуў урывак гаворкі партызан. “Будуць памятаць нямецкія прыхвасні…”, – сказаў адзін з іх.

А ноччу партызаны спалілі паліцэйскі ўчастак, лясніцтва, забілі некалькі паліцаяў. Пасля гэтай аперацыі нашу сям’ю забралі ў атрад, – працягвае свой аповед С.П.Пракаповіч.

Мінула больш за 70 гадоў пасля вайны. Але і сёння Сцяпан Панцялеевіч добра памятае тыя далёкія часіны, калі ён знаходзіўся ў партызанах. Байцы дыслацыраваліся на востраве сярод балота, і іх баявы лагер знаходзіўся ў двух кіламетрах ад сямейнага. Такім хлопцам, як Сцяпан і яго равеснікі, нярэдка даручалася малоць збожжа на муку. Млын быў замаскіраваны сярод бяроз. А хлеб у лесе, як прыгадвае наш суразмоўнік, выпякалі ў чатырох вялікіх ёмкасцях з-пад нафты.

Перажыў Сцяпан і партызанскую блакаду, калі фашысты хацелі знішчыць народных мсціўцаў, акружыўшы іх шчыльным кальцом і прыціснуўшы да балота. Людзі адыходзілі праз багну. Каб затрымаць карнікаў, праходы за сабой мініравалі падрыўнікі. Цяжкі быў час…

Пасля вызвалення родных мясцін Пракаповічы вярнуліся да звыклай сялянскай працы. Праз некаторы час Сцяпана прызвалі ў войска. Чатыры гады ён служыў у радах Савецкай Арміі ў Забайкаллі. У хуткім часе стаў малодшым камандзірам, вучыў салдат артылерыйскай справе, быў камсоргам батарэі.

 Наш суразмоўнік памятае, як звольніўшыся ў запас і вярнуўшыся дадому, ён ужо на другі дзень пайшоў стагаваць калгаснае сена. Хутка былога салдата накіравалі вучыцца на механізатарскія курсы. Гэта прафесія і стала яго жыццёвым прызваннем: на трактары С.П.Пракаповіч шчыраваў з 1957 па 1986 год. За гэты час працаўнік абучыў механізатарскай справе нямала вясковых юнакоў, і партрэт Сцяпана Панцялеевіча пастаянна ўпрыгожваў Дошку гонару гаспадаркі і раёна.

– Я імкнуўся працаваць старанна і сумленна, на ўсіх участках дабіваўся найвышэйшай выпрацоўкі. Падтрымліваў добрыя пачыны перадавікоў вобласці і рэспублікі, за што маю нямала дзяржаўных заахвочванняў, – гаворыць С.П.Пракаповіч

Але ж найлепшая ўзнагарода для ветэрана працы – пашана землякоў. Ведаюць і паважаюць Сцяпана Панцялеевіча людзі. Выхаваўшы і вывеўшы ў людзі дзяцей, ён дачакаўся ўнукаў і праўнукаў, якія нярэдка прыязджаюць у вёску, каб адведаць блізкага чалавека. Прыбягаюць да ветэрана і дзеці суседзяў, бо яны любяць слухаць цікавыя дзядулевы аповеды пра жыццё.

Ніна ГРЫЦУК,

старшыня Брашэвіцкай ветэранскай арганізацыі

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...