На мінулым тыдні, 23 ліпеня, пад старшынствам В.М.Хваціка адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. У яго рабоце прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.М.Здановіч. Разгледжаны і абмеркаваны актуальныя пытанні жыцця Драгічыншчыны.
Усебакова прааналізаваны вынікі работы народнай гаспадаркі раёна за першае паўгоддзе 2010 года, а таксама вынікі выканання мясцовага бюджэту за гэты час. Са змястоўнымі інфармацыямі па гэтых пытаннях выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Л.С.Янковіч, Ю.В.Дзядзюк, У.Б.Карповіч, У.І.Нерад і намеснік начальніка райфінаддзела Т.В.Зіновіч.
Адзначалася, што ў першым паўгоддзі бягучага года выкананы асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Так, аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў прамысловасці склаў 121,2% (пры прагнозе 115,5%), аб’ём спажывецкіх тавараў – 114,9% (107,5%), экспарт паслуг – 718,8% (115-116%), рознічны тавараабарот – 113,3% (112,5).
Ніжэй узроўню 2009 года выпусціў таварнай прадукцыі трактарарамонтны завод, не выканаў прагнозных паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі і тавараў народнага спажывання філіял “Каапнарыхтпрам”.
Па выніках работы за 5 месяцаў 2010 года спрацавалі са стратамі РУВП “Экзон-Глюкоза”, аўтапарк-15 і райкамунгас.
За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 19,843 тыс. кв.метраў агульнай плошчы жылля пры заданні на паўгоддзе 16 тыс. кв.м.
Калі ў прамысловасці і будаўніцтве ёсць пэўныя зрухі ў бок лепшага, то гэтага не скажаш у цэлым пра сельскую гаспадарку. Як адзначыў старшыня райвыканкама В.М.Хвацік, мы ў гэтай га-ліне народнай гаспадаркі працуем не ў поўную сілу. У выніку недабор сельгаспрадукцыі за 5 месяцаў да прагнознага паказчыка склаў 638 млн. рублёў.
Шэсць сельскагаспадарчых арганізацый не выканалі прагнозны паказчык па тэмпах росту валавой прадукцыі. Гэта племзавод “Заказельскі”, СВК “Асіпавічы”, “Агра-Дзеткавічы”, “Прыазёрскі”, “Імянінскі”. Не дасягнулі ўзроўню мінулага года СВК “Бездзеж-агра” і прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Гутава”.
Па-ранейшаму нізкая ў раёне прадуктыўнасць дойнага статка. Заданне па вытворчасці малака не выканалі ўсе арганізацыі, акрамя СВК “Асавецкі” і “Ліпніцкі”.
Вялікія надзеі па павышэнню вытворчасці малака сёння ўскладваюцца на такія гаспадаркі, як СВК “Імянінскі”, “Асіпавічы”, “Бездзеж-агра”, “Пенякова” і ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”. На жаль, пакуль яны не з’яўляюцца лідэрамі ў гэтым накірунку і не могуць пахваліцца высокай прадуктыўнасцю кароў.
Што тычыцца раённага бюджэту, то за першае паўгоддзе ён выкананы па даходах да гадавога плана на 48,5%, у тым ліку па ўласных даходах – на 43,2%.
Былі заслуханы тлумачэнні старшыні райспажыўтаварыства А.М.Масальскай, дырэктара трактарарамонтнага завода А.І.Спосаба, старшынь СВК “Брашэвічы”, “Асіпавічы”, “Імянінскі”, “Бездзеж-агра” Ф.М.Жыдковіча, М.К.Гутэля, У.І.Сухарэвіча, В.І.Куксы і дырэктара племзавода “Заказельскі” М.С.Якоўчыка. У названых працоўных калектывах не на ўсіх участках вытворчасці справы ідуць так, як таго патрабуе сённяшні час.
У спецыяльным рашэнні, прынятаму па абмеркаванаму пытанню, намечаны рад мер і мерапрыемстваў. Думаецца, што паспяховае іх ажыццяўленне дазволіць ліквідаваць многія недахопы ў рабоце некаторых галін народнай гаспадаркі, безумоўна выканаць прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2010 год.
Аб стане правапарадку на тэрыторыі раёна ў першым паўгоддзі 2010 года праінфармавалі прысутных начальнік РАУС Л.В.Эйхарт і намеснік пракурора раёна А.Р.Саўчук.
Адзначалася, што крымінагенная абстаноўка на Драгічыншчыне ў 1-ым паўгоддзі бягучага года заставалася складанай, аднак знаходзілася пад пастаянным кантролем з боку райаддзела ўнутраных спраў. Нягледзячы на нязначны рост як агульнай злачыннасці, так і злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку, раскрываемасць іх перавысіла 82 працэнты. Знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах і на глебе сямейна-бытавых адносін.
Менш злачынстваў учынена непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў групах.
Аднак адзначаецца значны рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, рэцыдыўнай злачыннасці з 15 да 35. Гэта сведчыць аб дапушчаных праліках у арганізацыі работы па прафілактыцы п’янства і алкагалізма, а таксама кантролю за раней судзімымі асобамі.
На нізкім узроўні ажыццяўляўся прафілактычны кантроль за непрацуючымі грамадзянамі. Як сведчыць статыстыка, іменна яны ўчыняюць большасць злачынстваў. У бягучым годзе павя-лічылася колькасць грабяжоў і разбойных нападаў, а таксама ўгонаў аўтатранспарту.
У справаздачным перыядзе ўзбуджаны 2 крымінальныя справы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Знішчана звыш 700 кілаграмаў наркатычных раслін, 8 грамадзян прыцягнута да ад-міністрацыйнай адказнасці за іх вырошчванне.
У сферы эканомікі выяўлена 13 злачынстваў, у тым ліку 6 цяжкіх. Чатыры былі звязаны са злоўжываннем сваім службовым становішчам пасадавымі асобамі. Прадухілены 2 факты незаконных здзелак з каштоўнымі металамі. У даход дзяржавы канфіскавана тавараматэрыяльных каштоўнасцей больш як на 17 мільёнаў рублёў.
У першым паўгоддзі ў грамадскіх месцах былі затрыманы 874 чалавекі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама 215 грама-дзян, якія ўчынілі дробнае хуліганства. З пачатку года выяўлена 30 фактаў збыту самагону. Канфіскаваны 93 літры самагонкі і брагі, 11 самагонных апаратаў.
Стан дарожнай бяспекі на тэрыторыі раёна характарызуецца зніжэннем аварыйнасці і колькасці пацярпеўшых у дарожна-транспартных здарэннях.
У другім паўгоддзі 2010 года аддзел унутраных спраў будзе працягваць актыўную работу, накіраваную на расследаванне і раскрыццё асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, у тым ліку мінулых гадоў; на барацьбу з п’янствам і алкагалізмам; на правядзенне практычных мерапрыемстваў па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта №18 і г.д.
Кіраўнік справамі райвыканкама Т.А.Цынкуш праінфармавала прысутных аб рабоце са зваротамі грамадзян у першым паўгоддзі 2010 года і стане работы па прынцыпу “адно акно” на тэрыторыі раёна.
Па ўсіх разгледжаных і абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксей ФЁДАРАЎ.
У РАЙВЫКАНКАМЕ
Дата:
Популярно
Архив новостей