spot_img

У НЯПОЎНЫЯ ШАСНАЦЦАЦЬ ГАДОЎ…

Дата:

Халодная, заснежаная зіма здавалася яму вечнасцю. Але з прыходам вясны Пётр Аляксеевіч павесялеў, узбадзёрыўся: выйдзе на сонейка, адведае суседку-равесніцу, пасядзіць на лавачцы. Тут, у Зарэчцы, усё нагадвае яму пра былое: як рос, сталеў, ваяваў у гэтых мясцінах, як гадаваў з жонкаю дзяцей, цешыўся ўнукамі ды праўнукамі, як пражыў жыццё…У чэрвені 1941, калі пачалася вайна, Пятру не споўнілася і 14 гадоў. Памятае мой суразмоўнік, што ўжо на наступны дзень фашысты былі ў Зарэчцы. Кругом панавала безуладдзе: вяскоўцы разбіралі і неслі па хатах ўсё, што было ў сельскім магазіне, а некаторыя знаходзілі чым разжыцца і ў ваколіцы. Пётр з бацькам таксама запрэглі каня і паехалі ў Драгічын, спадзеючыся прывезці прадуктаў. Бо сям’я была вялікая – 6 душ дзяцей ды дарослыя. Але магазіны былі ўжо разрабаваныя, і бацька з сынам спыніліся ля нейкай абутковай майстэрні. Зайшоў Пётр усярэдзіну, а там – адны абутковыя калодкі засталіся. І яўрэй іх у нейкія мяшкі пакуе, стараючыся схапіць паболей. Яны і апамятацца не паспелі, як у дзверы ўвайшоў немец і, доўга не разважаючы, стрэліў у яўрэя. А хлопец у гэты час выскачыў праз акно – і ўцякаць. На тым іх паездкі ў пошуку дарэмных прадуктаў скончыліся…А потым – іншая напасць прыйшла: Пятра Млынца, як і многіх яго равеснікаў, пачалі выклікаць у камендатуру і ўнеслі ў спісы для адпраўкі ў Германію. Але ехаць туды хлопец не хацеў: спачатку хаваўся на аддаленым хутары ў бацькавай сястры – цёткі Фядоры, а потым рашыў перабірацца ў лес. Дапамог выпадак.Сям’я Млынец таксама гаспадарыла на хутары, куды час ад часу наведваліся партызаны. Аднойчы разам з імі прыйшоў і знаёмы Пятра, які папрасіў хлопца, каб той дапамог яму здабыць зброю. Пётр успомніў, што яшчэ ў 1939 годзе, калі адступалі белапалякі, ён пасвіў кароў і выпадкова ўпільнаваў, як да аднаго дзядзькі заходзілі двое вайскоўцаў з вінтоўкамі, а выйшлі – у цывільным адзенні і без зброі. Схадзілі да дзядзькі, і той аддаў прыхаваныя вінтоўкі. Здабыўшы зброю сабе і напарніку, у сакавіку 1943 года Пётр Млынец пайшоў партызаніць у атрад імя Шыша. На той час яму не было і 16 гадоў.Разам з таварышамі хадзіў П.А.Млынец узрываць чыгунку, выконваў іншыя заданні. Але сапраўдным баявым “хрышчэннем” для яго стала 40-дзённая абарона Дняпроўска-Бугскага канала. Справа ў тым, што яшчэ ў сярэдзіне 1943 года народныя мсціўцы ў Зарэчцы і іншых навакольных вёсках  стварылі “партызан-скую зону”. Потым, калі фронт стаў рухацца на Захад і на дапамогу гітлераўцам былі адцягнуты часці адступаючай рэгулярнай арміі, справы партызан пагоршыліся.“Немцы пайшлі на нас такой сілай, што зямлі не было відаць. Як хмары, насоўваліся… Я быў 2-м нумарам кулямёта. Страляць прыходзілася бесперапынна, што зброя аж плавілася ад перанагрэву. Але Днепра-Буг і Зарэчку мы ўсё роўна не ўтрымалі і вымушаны былі адступіць. З тыдзень трымалі абарону ля сельскіх могілак, потым адышлі да канавы. Гэта быў самы рызыкоўны і смяротны бой партызан. Бо адбіць ворага ў нас не хапала сілы і адступаць не было як: ззаду – адкрытая паляна. Дзякуючы ротнаму кулямёту, пратрымаліся да змяркання. А там ужо прабраліся да лесу, дзе таксама аказалі супраціўленне ворагу. А потым паступіла каманда балотамі адыходзіць да вёскі Невір, што на Украіне. Разам з намі ў гэты небяспечны шлях накіраваліся і сотні мірных жыхароў з дзецьмі, якія ўцякалі ад фашысцкай расправы. Бо Зарэчку, як толькі партызаны адступілі, ворагі амаль дашчэнту спалілі. Згарэла і наша хата: зусім новая, пабудаваная перад самай вайной. На папялішча бацькі з дзецьмі пазней вярталіся.А цётку Фядору, якая мяне ад вывазу ў Германію ратавала, карнікі ўпільнавалі і застрэлілі, калі яна з лесу на свой хутар за прадуктамі бегла. Зусім нядоўга – дні са тры – яна да вызвалення не дажыла”, — расказвае сведка тых падзей П.А.Млынец.Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй партызанам выдалі пасведчанні і пераразмеркавалі: адных – на фронт накіравалі, другіх – аднаўляць разбураную вайной гаспадарку. Пятра пакінулі ў атрадзе для барацьбы з “бандэраўцамі”, а потым ён атрымаў заданне суправаджаць на Гомель, у штаб партызанскага руху, групу дзяцей і мірных жыхароў. Па дарозе гэты цягнік разбамбіла фашысцкая авіяцыя (нават адступаючы, вораг не пераставаў лютаваць). Пётр Аляксеевіч апынуўся ў шпіталі, а адтуль – месяцы праз тры – яго накіравалі ў распараджэнне Драгічынскага райваенкамата. А паколькі ў партызанах яму прыпісалі некалькі год, то 17-гадовы юнак атрымаў позву на фронт.Ваяваць П.А.Млынцу давялося ў кавалерыі. Звычайна іх эскадрон прыбываў на месца прызначэння, спешваўся. Канавод адводзіў жывёлу ў небяспечнае месца,а кавалерысты ішлі ў бой разам з пехацінцамі. Так Пётр Аляксеевіч разам з баявымі таварышамі вызвалялі Будапешт, а пазней – і Прагу. Пасля ўсяго іх эскадрон укамплектавалі, выдалі казацкае абмундзіраванне і меркавалі адправіць на Берлін, дзе яшчэ ішлі баі – для псіхалагічнага ўздзеяння на ворага. Бо кавалерыйскіх казачых атак немцы панічна баяліся…Але аб’явілі аб капітуляцыі Германіі, і ў гэтым абмундзіраванні Пётр Млынец удзельнічаў у пераможным парадзе. І калі жыхары вызваленай Прагі кідалі кавалерыстам кветкі, наш зямляк вельмі перажываў, каб на хаду, як і належыць спраўнаму казаку, злавіць букет і не пасароміць гонар мундзіра.Хаця вайна для Пятра Аляксеевіча і яго франтавых сяброў яшчэ не скончылася. Яны размясціліся ў лесе пад Прагай, чакаючы адпраўкі дадому. Ноччу, калі Пётр Аляксеевіч адышоў у лес па патрэбе, ён пачуў падазроны трэск ламачча і ледзь пазбегнуў нападзення. Франтавіка выратавала набытая яшчэ ў партызанах спрытнасць, асцярожнасць, назіральнасць. Ён прыбег у лагер і хутка далажыў абстаноўку камандзіру. Выклікалі падмацаванне, акружылі лес, і выявілася, што там хавалася цэлая група дыверсантаў, якія аказалі жорсткае супраціўленне.Потым іх эскадрон праз Львоў адправілі на Кубань, а адтуль – у Іран. Так што франтавік Млынец сапраўды прайшоў і праехаў паўсвету. І дамоў ён вярнуўся ў 1947 годзе з медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Будапешта”, “За вызваленне Прагі”, іншымі ўзнагародамі.Дома, у Зарэчцы, дэмабілізаванага салдата выбралі дэпутатам, а пазней – брыгадзірам калгаса. Аднойчы, калі ён павёз у райцэнтр здаваць хлебанарыхтоўкі, яго папрасілі па дарозе забраць з сабою дзвюх маладых настаўніц. Адна з іх была накіравана якраз ў Зарэчку. Так і пазнаёміўся П.А.Млынец са сваёй будучай жонкай. Пяцёра дзяцей выгадавалі яны разам, унукаў дачакаліся. У 1993 годзе жонка Пятра Аляксеевіча памерла. А ён і цяпер трымаецца на гэтым свеце.У свой час, калі                   П.А.Млынец узначаліў ветэранскую арганізацыю сваёй вёскі, у ёй налічвалася 35 былых партызан і франтавікоў. Цяпер з тае кагорты на ўсю Зарэчку наш суразмоўнік адзін застаўся. Ён – самы малады з тутэйшых ветэранаў. У зусім юным узросце Пётр Аляксеевіч узяў у рукі зброю, каб бараніць свой дом і зямлю, у няпоўныя 16 гадоў спаткаўся са смерцю, перажываючы бяду, сэрцам аплакваючы беззваротныя страты. І да гэтай пары ён не можа паверыць, што столькі пражыў пасля вайны. І жыве!..…Галіна ШАФРАН.НА ЗДЫМКУ: ветэран вайны з вёскі Зарэчка П.А.Млынец.Фота аўтара.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...

Как прошел новогодний бал во Дворце Независимости. Яркие детали и подробности праздника

В преддверии новогодних и рождественских праздников Зал торжественных церемоний...

Пособия семьям с детьми. Об изменениях и новациях рассказали в Минтруда и соцзащиты

Правительством внесен ряд изменений, касающихся государственных пособий семьям, воспитывающим...

Елка надолго. Какое новогоднее дерево лучше выбрать и как за ним ухаживать, рассказала биолог

Как только в доме появляется елка, начинается волшебное предвкушение...