Пакінуць свой адметна добры след на зямлі мае магчымасць кожны чалавек: ён можа пасадзіць сад, дастойна выгадаваць дзяцей, пабудаваць царкву, самааддана паслужыць веры, Айчыне, людзям або справе свайго жыцця. І для нашага земляка Фёдара Данілавіча Клімчука такім прызваннем, якому ён без шкадавання і на працягу многіх гадоў ахвяраваў увесь свой час, сілы, веды і здольнасці, стала яго праца па захаванню гаворкі і фальклорнай спадчыны сваёй роднай вёскі Сіманавічы і ўвогуле – па даследаванню, вывучэнню, навуковай класіфікацыі разнастайных заходнепалескіх дыялектаў. Ён быў не проста вучоным, фалькларыстам, глыбокім знаўцам мовы і традыцыйнай культуры заходняга Палесся, а быў яшчэ і актыўным папулярызатарам гэтай самабытнай духоўнай спадчыны. Яго старанне ўвасобілася ў шматлікіх артыкулах і выданнях, і да астачы сваіх дзён ён не пераставаў спадзявацца на тое, што выйдзе ў свет і знойдзе свайго чытача і кніга “Новага Запавету”, перакладзеная ім на гаворку роднай вёскі Сіманавічы.
Фёдар Данілавіч адышоў на вечны спачын 22 кастрычніка мінулага года, але справа, якой ён займаўся, і сёння працягваецца аднадумцамі і прыхільнікамі яго дзейнасці. Пры іх садзеянні яшчэ пры жыцці вучонага-мовазнаўцы “Новый Завіт” па-сіманавіцку пачаў рыхтавацца да друку і мог бы стаць чаканай уцехай для 83-гадовага перакладчыка, але ж Ф.Д. Клімчук крыху не дажыў да гэтай падзеі. Аднак справа была завершана, і 23 студзеня, праз тры месяцы пасля таго, як Фёдар Данілавіч пайшоў з жыцця, у Мінску, у галерэі
TUT.BY, адбылася прэзентацыя кнігі “Новый Завіт” у яго перакладзе на заходнепалескую гаворку. Сведкамі гэтай падзеі сталі калегі, родзічы, самадзейныя артысты з Драгічыншчыны і аднавяскоўцы-аднадумцы нашага слыннага земляка.
На нядаўнім мерапрыемстве пабывалі ўраджэнцы і жыхары вёскі Сіманавічы Мікалай Іванавіч Клімчук, яго пляменнік Іван Пятровіч Клімчук, Ніна Сцяпанаўна Хоміч (Шэндзер), Валянціна Аляксееўна Шэндзер і Леанід Канстанцінавіч Гарбейка, у якога я і даведалася аб падрабязнасцях той падзеі.
Па словах майго суразмоўніка, галоўным ініцыятарам выдання поўнага перакладу Новага Запавета (частка яго ўжо выходзіла раней) стаў праект “Традыцыя” пад кіраўніцтвам Сяргея Доўбушава. Грошы на кнігу збіралі краўдфандынгам, гэта значыць, талакой, супольна. На гэтай сустрэчы было шмат успамінаў аб жыцці і дзейнасці Ф.Д. Клімчука. Узгадвалася і тое, што перакладу Святога Пісання Фёдар Данілавіч прысвяціў два дзясяткі гадоў свайго жыцця. У прадмове да “Новага Завіту” ён пісаў: “Пераклад выконваўся невялікімі кавалачкамі. Звычайна… браўся адзін верш. Часам крыху больш. Тэкст прачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І ст. нашай эры, нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей… І распавядаў сваім землякам, прадстаўнікам старэйшага пакалення, тое, што пабачыў. Потым я гэта паведамленне запісваў.
Была заўважана своеасаблівая аздараўляльная ўласцівасць гэтага перакладу. Калі ўвечары быў перакладзены хоць бы адзін верш, то пасля гэтага ўсю ноч быў цудоўны прадуктыўны сон, раніцай – свежая галава і добры настрой. Калі з’яўляўся хваравіты стан, то я звяртаўся да перакладу Евангелля – перакладаў адзін-два вершы. Хваравітасць мінала…”
Падчас прэзентацыі ў многіх знаходзіліся добрыя словы, якімі адзываліся пра Ф.Д. Клімчука і той неацэннай духоўнай спадчыне, якую ён пакінуў палешукам-нашчадкам. Прычым гаворка пераважным чынам вялася на нашым мясцовым дыялекце, які так шанаваў наш зямляк-вучоны.
Свае стасункі з Фёдарам Данілавічам прыгадаў рэдактар часопіса “Наша гісторыя” Андрэй Дынько. Ён адзначыў адну вельмі адметную асаблівасць з жыцця вучонага: яго мала цікавіў асабісты быт і матэрыяльная добраўпарадкаванасць і забяспечанасць, затое ці не ўся яго аднапакаёвая кватэра – ад падлогі да столі – была занята кнігамі, папяровымі рукапісамі, нататкамі, запісамі і г.д. Разбіраючы гэты архіў, былі знойдзены ўнікальныя кнігі Ф.Д. Клімчука, як праходзіла вяселле ў вёсцы Сіманавічы, і некалькі асобнікаў альбома старых фотаздымкаў “Палессе”. Абодва выданні – бібліяграфічная рэдкасць. Яны перададзены на рэалізацыю ў “Акадэмкнігу”, а выручаныя сродкі пойдуць на помнік Фёдару Данілавічу Клімчуку, бо ў яго не было ні жонкі, ні дзяцей. Ён жыў, як манах, пакінуўшы пасля сябе пераклад Святога Пісання…
Выступіў таксама калега Фёдара Данілавіча, супрацоўнік Акадэміі навук Мікалай Антропаў, які адзначыў, што Біблія была перакладзена на паўтары тысячы моў, мікрамоў, рэгіянальных моў. Толькі на кайкаўскі дыялект харвацкай мовы існуе чатыры пераклады. Перакладалі яе і на гаворкі нямецкай мовы. І вось, дзякуючы Фёдару Данілавічу Клімчуку, евангелісты загаварылі на заходнепалескім дыялекце. Ён верыў, што калі Біблія перакладзена на нейкую мову, то яна ўжо ніколі не знікне, не забудзецца, і такім чынам імкнуўся захаваць у стагоддзях гаворку сваёй роднай вёскі.
У час прэзентацыі ў галерэі выступілі мінскія гурты “Рада” і “Кудмень”, што маюць у рэпертуары заходнепалескія песні. Падтрымалі добрую справу і нашы таленавітыя творчыя землякі: пастаноўку батлейкі на заходнепалескай гаворцы паказала ўраджэнка вёскі Агдэмер Ларыса Мікалаеўна Быцко з мужам Аляксандрам Мікалаевічам, а іх выступленне суправаджалі калядныя песні ў выкананні народнага сямейнага фальклорна-этнаграфічнага калектыва Лук’яновічаў (пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны Лук’яновіч) з вёскі Леснікі нашага раёна.
На прэзентацыі кнігі Ф.Д. Клімчука выступае народны сямейны фальклорна-этнаграфічны калектыў Лук’яновічаў з вёскі ЛеснікіЯк пацвердзіў мой суразмоўнік, Л.К. Гарбейка, “Новый Завіт” у перакладзе на заходнепалескую гаворку ўжо разыйшоўся па бібліятэках Берасцейшчыны, а набыць яго можна ў сталічных кнігарнях, у прыватнасці ў “Акадэмкнізе”. І гэта той добры выпадак, калі чалавека няма, а справа яго жыве.
Галіна ШАФРАН
Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ