3 ліпеня беларусы адзначылі галоўнае нацыянальнае свята – Дзень Незалежнасці. А для маленькага хлопчыка па прозвішчу Клімчук вагой 3650 грамаў, які з’явіўся на свет у радзільным аддзяленні Драгічынскай райбальніцы, гэта дата стала яшчэ і асабістым днём нараджэння. У сям’і Вольгі Пятроўны Клімчук з вёскі Ліпнікі ён — другі сыночак, таму заканамерна, што, віншуючы бацькоў з гэтай падзеяй, многія жадалі ім шукаць яшчэ і дачушку.
Адметна, што маладая мама і наш нованароджаны суайчыннік атрымалі падарунак ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Андрэевіча Сумара, які разам са словамі найлепшых пажаданняў у раддом прывёз і перадаў віноўнікам урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Іванавіч Нерад.
Да Дня Незалежнасці прыўрочана і традыцыйная акцыя “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей”, у рамках якой прадстаўнікі гэтага грамадскага аб’яднання віншуюць тых малышоў, чыё нараджэнне супала з галоўным дзяржаўным святам. Вось і старшыня раённага аддзялення “Белай Русі” Васіль Васільевіч Нагурны наведаў мясцовы раддом з прыемнай місіяй. Ён уручыў кветкі і падарунак маладой маме Вользе Пятроўне Клімчук і яе маленькаму сыну, для якіх 3 ліпеня стала двайным святам, і сардэчна пажадаў ім здароўя, радасці і сямейнага дабрабыту.
Галіна ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА