Душэўная дружалюбная абстаноўка панавала 2 кастрычніка ў чытальнай зале Драгічынскай бібліятэкі. На сустрэчу сабраліся ветэраны – медработнікі Драгічынскай райбальніцы, прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі лячэбнай установы.
У напружаным графіку сваёй работы галоўны ўрач райбальніцы Аляксандр Сцяпанавіч Пратасевіч знайшоў час, каб у нефармальнай абстаноўцы пагутарыць з былымі работнікамі, аб сумеснай працы з якімі ў яго засталіся толькі самыя прыемныя ўспаміны.
Старшыня прафсаюзнай арганізацыі медустановы Дзмітрый Аляксандравіч Юрашэвіч працуе параўнальна нядаўна і многіх ветэранаў нават не ведае, аднак ад чыстага сэрца ён пажадаў былым калегам актыўнага даўгалецця і моцнага здароўя.
Валанцёрская група Чырвонага Крыжа “Другое дыханне” падарыла прысутным шмат прыемных хвілін. У іх выкананні гучала нямала душэўных песень, але адна з іх – “Дажывем да ста пяці” – надта спадабалася ўсім. Гэта і не дзіўна: артысты-валанцёры – удзельнікі клуба “Спатканне” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у якім яны рэгулярна праводзяць свае рэпетыцыі, часта сустракаюцца і ўдзельнічаюць у многіх іншых масавых мерапрыемствах. Мне здаецца, каб нехта спазніўся б на гэтую сустрэчу, а такіх, вядома, не было, то мог бы падумаць, што на сцэне прафесійныя сталічныя артысты – настолькі ўдала ў групе падабраны выканаўцы і рэпертуар.
Душою калектыва па праву лічыцца патомны гарманіст Васіль Сцяпанавіч Салівончык. Сярод шматлікіх выканаўцаў і былыя медработнікі Валянціна Сяргееўна Палхоўская, Вольга Васільеўна Логвіна, Мікалай Мікалаевіч Бурчак.
Салісты, якія выступалі падчас сустрэчы, таксама вядомыя ў медыцынскім асяроддзі людзі – Любоў Мікалаеўна Байдук і Ніна Іосіфаўна Грыцук. Да выхаду на заслужаны адпачынак яны працавалі ў раённай бальніцы.
Шмат гадоў таму ў наш раён прыехала сямейная пара ўрачоў – Уладзімір Пятровіч і Людміла Васільеўна Скорб. Прыехала і засталася тут назаўсёды. Цёпла і пранікліва расказалі яны аб сваім цяперашнім жыцці, яго праблемах, цяжкасцях і кур’ёзах. Заслугоўвае павагі той факт, што вопыт і ўменні Уладзіміра Пятровіча запатрабаваны да гэтай пары. Па-ранейшаму ён працуе ўрачом-хірургам на карысць удзячным пацыентам і маладым калегам.
Ад шчырага сэрца Мікалай Мікалаевіч Бурчак падзякаваў медработнікам за іх нялёгкую працу і вялікую дапамогу, а таксама ўрачам, якія ў гады дзяцінства выратавалі яму жыццё. Мо, таму працяглы час ён і працаваў у бальніцы электрыкам, а цяпер разам з самадзейнымі артыстамі дорыць усім душэўныя песні.
Аб людзях элегантнага ўзросту гаварылі на сустрэчы старшыня ветэранскай арганізацыі Марыя Сяргееўна Шынгерэй, а таксама Лідзія Сяргееўна Рудзько і Таццяна Міхайлаўна Лохіна. Тэматыка сустрэчы, а таксама людзі, якія прысутнічалі на ёй, ім дарагія і блізкія, бо ўсе яны людзі залатога ўзросту, багатага жыццёвага вопыту і аптымізму.
У гэты дзень ветэраны атрымалі невялікія, але даволі патрэбныя падарункі – наборы прадукцыі РУП “Экзон”, якія прадпрыемства прапанавала ў якасці спонсарскай дапамогі.
Сардэчную дружалюбную атмасферу сустрэчы дапамаглі стварыць работнікі раённай бібліятэкі Алена Рыгораўна Богуш і Святлана Аляксандраўна Аполька, а таксама салістка Вольга Міхайлаўна Нічыпорчык.
З прыемнымі ўражаннямі вярталіся былыя медработнікі дамоў. Вярталіся з вялікім жаданнем праз некаторы час сустрэцца разам яшчэ раз, пагутарыць пра здароўе, успомніць сумесную працу, праспяваць любімыя песні і падарыць добры настрой адзін аднаму.
Аляксандр РЭПІХА.
Фота аўтара.