Лета згарэла ў яркім кастры восеньскіх фарбаў, і надышоў час перадыхнуць ад клопатаў, падлічыць сабраны ўраджай, палюбавацца і скарыстацца шчодрымі пладамі стараннай людской працы, зрабіць запасы на зіму. З гэтай мэтай у мястэчках спрадвеку ладзіліся сезонныя кірмашы, і некалькі гадоў таму назад тая даўняя звычка пачала аднаўляцца. Месцам правядзення традыцыйнага сельскагаспадарчага кірмашу ў Драгічыне была абрана вуліца Карла Маркса, і ў мінулую нядзелю, 12 кастрычніка, ён зноўку вярнуўся на сваё звыклае месца, сабраўшы ўсе фарбы, якія толькі існуюць у прыродзе.
Асноўная гандлёвая пляцоўка разгарнулася ля магазіна “Явар”, дзе гасцей сустракае прывабная лялька-велікан у яркім нацыянальным уборы. Тут жа, у аздобленых асеннімі букетамі палатках, прапаноўваецца шырокі асартымент мясных і хлебабулачных вырабаў, працуе блінная і рыхтуюцца шашлыкі…
Далей абуладкавана імправізаваная сцэна, ля якой – не пратаўкнуцца. Самадзейныя артысты з усяго раёна радуюць прысутных сваімі песнямі, весяляць жартамі, забаўляюць гульнямі. Нягледзячы на тое, што ярмарка супала з іх прафесійным святам, работнікі культуры – сярод людзей, працуюць, каб узняць іх настрой.
Далей увагу прываблівае выстава-дэгустацыя ўласнай прадукцыі райспажыўтаварыства. Тут і марынаваныя гуркі, і салёныя памідоры, і квашаная капуста – усё тое, чым харчаваліся і што лічылі здаровай ежай нашы продкі. Увесь гэты асартымент, як абяцаюць арганізатары прэзентацыі, будзе і ў паўсядзённым продажы на гандлёвых прылаўках.
Значную частку кірмашовых радоў займаюць разнастайныя саджанцы, прывезеныя як з суседніх раёнаў, так і з мясцовых гадавальнікаў. Яркімі ўзорамі сваіх вырабаў упрыгожваюць вуліцу народныя ўмельцы. Вось стаіць са сваімі вышыванымі ручнікамі немаладая ўжо жанчына. Як аказалася, прыехала яна з Літоўска і завуць яе Марыя Пятроўна Кушаль. ”Зрок слабее, але ж вышываць ніяк не магу пакінуць. Напрацуюся ў полі і па гаспадарцы, стамлюся. Забягу на паўгадзіны ў дом – і хутчэй за вышыўку. Так і адпачываю”, – расказвае пра сваё захапленне сельская пенсіянерка.
Непадалёку выставіла свае работы таленавітая ўмеліца з Драгічына Любоў Мікалаеўна Новік. Вышытыя ёй васількі на льняным палатне ў абрамленні пяшчотнай мярэжкі – сапраўдны шэдэўр народнага майстэрства, і многія спыняюцца, каб прыцаніцца ці хаця б палюбавацца. Тут жа можна было набыць і шытыя валёнкі, і вязаныя рукавіцы, і іншыя тавары паўсядзённага ўжытку. Як самаробныя, так і фабрычнай вытворчасці…
Але ж асноўнае прызначэнне сезоннага кірмашу – спаўна забяспечыць попыт на сельгаспрадукцыю. Яе даставілі як кааператывы і прадпрыемствы, так і прыватныя фермерскія гаспадаркі. Таму вельмі добрай адметнасцю нядаўняга кірмашу стала тое, што сярод жадаючых прадаць вырашчаны ўраджай была немалая канкурэнцыя. І калі зранку пшаніца прапаноўвалася па 2600 рублёў за кілаграм, ячмень – па 2400, то бліжэй да абеда на зерне пачалі дзейнічаць скідкі.
А вось бульба, прывезеная з СВК “Імянінскі”, карысталася ўстойлівым попытам і добра разыходзілася па 3000 рублёў за кілаграм. Адзін вялікагруз ужо быў распрададзены, а ля другой аўтамашыны выстройвалася хоць і невялікая, але пастаянная чарга.
Акрамя збожжа, у дастатковай колькасці была морква і капуста па 2000 рублёў за кілаграм, таму сельгасвытворцы, кожны на свой лад, стараліся прывабіць пакупнікоў. У прыватнасці, ля аўтамашыны райаграсэрвіса ўсім, хто набываў іх прадукцыю, прапаноўвалі пачаставацца аладкамі з яблычным сокам. Гэта, па словах старшыні прафкама гаспадаркі Мікалая Фёдаравіча Данілюка, у нейкай ступені і паспрыяла таму, што авёс па 1800 і сталовыя буракі па 2000 рублёў за кілаграм былі распрададзены даволі хутка. А вось пшаніца і ячмень пачалі разыходзіцца пасля таго, як былі ўстаноўлены скідкі да першапачатковай цаны…
А зрэшты, то многія з патэнцыяльных пакупнікоў прыйшлі і прыехалі на першую сезонную ярмарку пераважна для таго, каб паглядзець на тавар і прыцаніцца да яго. Таму ўпаўне магчыма, што асноўны гандаль развернецца ўжо на наступным кірмашы, які адбудзецца праз выхадныя, 26 кастрычніка, на гэтым жа месцы.
Галіна ШАФРАН
На здымках: на кірмашы пакупнікоў чакаў багаты выбар тавараў
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА