У ноч з 6 на 7 ліпеня ў вёсцы Бездзеж адзначылі адно з самых таямнічых беларускіх святаў – Купалле.
Купалле – самабытнае свята, прысвечанае сонцу і земляробству. Праца заўсёды была спадарожнікам руплівага беларускага народа. Нездарма Іван Дамінікавіч Луцэвіч, вядомы як нацыянальны паэт Янка Купала, на ўсё жыццё абраў сабе гэты творчы псеўданім. Купалле, Купалінка, купальскі дзядок, купальская папараць-кветка – нацыянальныя архетыпы-сімвалы, якія генетычна прысутнічаюць у грамадскай свядомасці. На іх запатрабаванасць у нашым жыцці паказваюць шматлікія рэйтынгі: ад песеннай візітоўкі, вядомай “Купалінкі”, якую многія артысты лічаць за высокі гонар выканаць, да памятных манет, прысвечаных Купаллю, смачнай “папараці-кветкі”, якая прысутнічае ў меню для частавання замежных гасцей, “Купалінкі”, што нас апранае. Ніхто яшчэ не знайшоў сапраўдную папараць, якая цвіце, паводле легенды толькі адзін раз у год, дык хаця б каштуем яе на смак.
Не ўсе ведаюць, магчыма, той факт, што Купала – старажытны бог Сонца, аднак відавочным становіцца тое, што дбаючы пра матэрыяльны камфорт, мы разам з тым усведамляем унікальнасць сваёй культуры. І мне здаецца, можна не спяшацца ехаць у Александрыю на свята Купалле. Вёска Бездзеж і пляцоўка на тэрыторыі музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” – шыкоўная магчымасць адчуць сутнасць гэтага старадаўняга беларускага свята!
Ужо на ўваходзе ўсё было купальскае: купальскія вяночкі, што прадаваліся на любы густ і памер, купальская лялька, якую патрэбна было спаліць у вогнішчы, каб пазбавіцца ад усяго благога: хвароб, ворагаў і няўдач… А яшчэ патрэбна, як на праваслаўнае свята Вадохрышча, у купальскую ноч пакупацца, каб, паводле павер’я, быць духоўна чыстым увесь год.
Быў на Купаллі ў Бездзежы так званы купальскі шабаш – імправізаванае дзейства нячыстай сілы. Цікавыя конкурсы для маленькіх гасцей з падарункамі, выступленні вядомых “Сваякоў” і іншых творчых калектываў Драгічыншчыны, катанне на запрэжанай конем брычцы дзяцей, купальскія карагоды, вялікае палымянае вогнішча… Безумоўна, самая чаканая кульмінацыя свята – пусканне на ваду Купалінкай вянка. Таго, што паводле прыгожай легенды, гаворыць пра жыццё яго ўладальніка на цэлы год, да наступнага Купалля – халастое ці замужняе, спрыяльнае ці складанае. Асаблівай моццу нібыта валодаў вянок, сплецены на світанні, у поўнай маўклівасці і з няцотным лікам кветак.А яшчэ яго закідвалі на дрэва – калі зачэпіцца, то яго ўладальнік ажэніцца ці выйдзе замуж. Увогуле, існуе многа прыкмет, разумных заўваг гэтага свята. Адна з іх нагадвае пра тое, што “сёння Купалле, заўтра Ян”. Святы Ян ці Іаан Хрысціцель – першы, хто здзейсніў таінства Хрышчэння. Гэтыя два святы разам акурат і паказваюць нам, сённяшнім пакаленням, каардынаты таго, як не згубіцца ў гэтым нестабільным свеце – неабходнасць захаваць самабытнасць, з аднаго боку, як неабходная ўмова існавання нацыі ў часе, з другога – мець духоўную еднасць як першы і галоўны паказчык гатоўнасці народа быць разам у любых сітуацыях і ў розныя часы!
Наталля Мечная
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА