Яго ўнукам пашанцавала: у свой час іх дзядуля, краявед-аматар Леанід Канстанцінавіч Гарбейка, прыехаўшы на бацькоўскую вотчыну – у вёску Сіманавічы, здзівіў і захапіў малых расказам аб тым, што ў гэтых мясцінах ёсць дарога, якая была пракладзена многа стагоддзяў таму назад і ў глыбіні векавых пяскоў захавала сляды рыцарскіх паходаў і іншых падзей, што адбываліся на тутэйшай зямлі. І гэта ці не самы важны з жыццёвых урокаў, які сталыя людзі могуць даць сваім дзецям і ўнукам: каб нашчадкі ведалі свой род і свае карані, бо без гэтага яны страчваюць падмурак, на якім маюцца зладкаваць сваю будучыню.
І тая дарога, пра якую Леанід Канстанцінавіч калісьці распавядаў унукам – не выдумка і не легенда. Яна сапраўды існуе, і па сённяшні дзень тутэйшыя доўгажыхары завуць яе “гасцінцам”. А знакаміты ўраджэнец гэтых мясцін, вучоны-лінгвіст і этнограф Фёдар Данілавіч Клімчук, называе яе “старым Загародскім шляхам”, паясняючы, што Загароддзе – гэта ўзвышаная раўніна паміж гарадамі Кобрын і Пінск. І зносіны між імі ажыццяўляліся якраз па той дарозе, рэшткі якой краявед-аматар Гарбейка паказваў сваім унукам. А нядаўна ён падахвоціўся быць і нашым экскурсаводам у паездцы па старым Загародскім шляху.
Напачатку Леанід Канстанцінавіч патлумачыў, што ў даўнішнія часы ніякія важныя шляхі праз Драгічын не пралягалі, а дарога ў цяперашнім райцэнтры з’явілася прыкладна ў той час, як тут праклалі чыгунку. Тагачасныя жыхары карысталіся старым Загародскім шляхам, які з Пінска пралягаў праз Моталь, Бездзеж, Хомск, Гнілец, Сіманавічы, Ласінцы, Субаты, Імянін (колішняя назва – Таракань), Гарадзец, Кобрын і далей. Яго рэшткі мы і збіраемся даследаваць…
Каб было зручней, сваю вандроўку пачынаем у вёсцы Ласінцы. З Драгічына пад’язджаем да тутэйшай Успенскай царквы, перад якой паварочваем налева і паглыбляемся ў лес. Відавочна, што трапляем у паляўнічыя ўладанні, бо паабапал дарогі неаднаразова заўважаем састарэлыя назіральныя вышкі для загону дзікоў. Далей праглядаецца парослы хмызняком шлях, і аб тым, што калісьці ён быў запатрабаваным шырокім гасцінцам, нагадвае невялікі насып узбоч бакавых ірвоў. Паабапал дарогі – сляды колішніх сядзіб. На месцы большасці з іх засталіся толькі здзічэлыя пладовыя дрэвы. Але ж далей, па правы бок дарогі, у прагаліне сярод гушчару, заўважаем рэшткі збудаванняў. Наш экскурсавод расказвае, што гэта ўрочышча завецца “Курыцкае”. Калісьці тут жылі заможныя гаспадары і “за польскім часам” хутар лічыўся ці не самым багатым ва ўсёй ваколіцы. Пасля вайны пачалося перасяленне хутаран у вёскі, хаця да нядаўняга часу тут яшчэ існавала жыццё і сяліліся людзі, аб чым сведчыць уцалелы дом з сумнымі аканіцамі і адзінокі калодзежны журавель у двары…
Далей, ад хутара “Курыцкае”, стары Загародскі шлях вёў на Субаты, а адтуль – у Імянін, дзе знаходзіўся Тараканскі манастыр і шмат іншых цікавых гістарычных аб’ектаў. Але гэта – тэма для асобнага даследчага артыкула. І таму з хутара мы паварочваем назад, каб прадоўжыць нашу вандроўку ў другім накірунку. Вяртаемся да зыходнай кропкі – да царквы вёскі Ласінцы, перасякаем дарогу Драгічын-Бяроза і едзем у накірунку вёскі Асаўляны, дзе цяпер засталося ўсяго некалькі жыхароў. Праязджаем ля могілак: спачатку мінулі старыя, якія пазначаны валам і крыжом, а далей знаходзіцца цяперашні пагост. Пазней ураджэнка гэтага населенага пункта Вольга Андрэеўна Федарэц (у дзявоцтве –Брэнька), якая цяпер жыве ў Нямержы, расказала пра абрад яго асвячэння, што быў праведзены 14 жніўня 1936 года. Аб гэтым жанчына, калі была падлеткам, даведалася ад свайго бацькі, які прыслужваў тады ў царкве. Ён распавядаў, што дарогу святару да могілак жанчыны высцілалі палотнамі, а ў час асвячэння пагосту іх складвалі ў выглядзе крыжа і клалі пад ногі свяшчэнніку. Бо так належыла рабіць па Божаму закону, якога тады строга прытрымліваліся…
Гэты факт, як і многія іншыя падзеі мінуўшчыны, занатаваў яшчэ адзін тутэйшы краявед-аматар Сяргей Аляксандравіч Літвінка, які нарадзіўся і вырас у Асаўлянах, жыве ў Брэсце і збірае матэрыял для кнігі пра гісторыю сваёй малой радзімы.Да яго архіўных звестак мы яшчэ звернемся.
А пакуль працягваем вандроўку па старому Загародскаму шляху, які выводзіць нас на шырокае поле тутэйшага сельгаскааператыва. Па словах нашага экскурсавода Л.К.Гарбейкі, ён памятае той час, калі тут, на адлегласці 200-300 метраў адна ад другой, стаяла некалькі дзясяткаў хутарскіх паселішчаў, якія мелі свае адметныя назвы: Гарамх, Бярэзіны, Карчы, Кайдашы і г.д. Згадкі пра іх застаюцца толькі ў людскіх успамінах ды яшчэ ў кнізе “Памяць. Драгічынскі раён”, актыўным стваральнікам якой быў і наш зямляк-вучоны Фёдар Данілавіч Клімчук, жыццёвы шлях якога пачынаўся на адным з гэтых сіманавіцкіх хутароў.
Далей мы кіруемся ў Сіманавічы, выязджаем да вясковай рэчкі пад мясцовай назвай Лосіца, якую сучаснікі выпрамілі і ператварылі ў меліярацыйны канал. Наш спадарожнік расказвае пра тое, што гэтыя мясціны з’яўляюцца абсалютным водараздзелам, паколькі сіманавіцкая Лосіца і іншыя тутэйшыя водныя артэрыі ўпадаюць у Ясельду і цякуць у Чорнае мора, а субацкія і брашэвіцкія рачулкі папаўняюць Балтыйскае мора.
Затым спыняемся ля месца пад назвай “Крыж”. Калісьці, прыгадвае Л.К.Гарбейка, тут стаяў насып з адмысловым драўляным зрубам пад два метры, з чатырох бакоў якога былі іконы, зверху, над невялічкім дахам – упрыгожанне ў выглядзе сонца, месяца і крыжа. Пазней, калі дарогу добраўпарадкоўвалі, на гэтым скрыжаванні бульдозер выкапаў косці чалавека. Так умацавалася меркаванне, што калісьці тут быў пахаваны вядомы манах-вандроўнік, у гонар якога і быў устаноўлены той адметны драўляны помнік. Зараз тут стаіць звычайны крыж як традыцыйны абярэг палескіх вёсак. А ад’ехаўшы крыху ўбок ад скрыжавання, можна ўбачыць вялізны камень з шыльдай, якая нагадвае, што “Вёска Сіманавічы ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах у 1452 годзе”.
Нямала дакументальных сведчанняў аб жыцці і побыце тагачасных вяскоўцаў сабраў ужо вядомы нам краявед-аматар Сяргей Аляксандравіч Літвінка. У электронным архіве бібліятэкі ў Літве ён знайшоў і наступны дакумент-пасведчанне на польскай мове, вытрымкі з якога прыводжу ў перакладзе на беларускую мову:
“Дадзеным лістом Ёселю Русіновічу, яўрэю, жыхару вёскі Сіманавічы, дазволена мець арэнду ў вёсцы Сіманавічы тэрмінам на 3 гады. Арэнда пачынаецца з 1723 па 1726 год такога дня з выплатай пэўнай сумы польскіх злотых жалезнымі срэбранымі манетамі … на наш Брашэвіцкі рахунак. Дадзеную суму яўрэю належыць плаціць за прысядзібную зямлю паўтары валокі на новай вуліцы насупраць сядзібы Рэпіхі і два моргі ў полі адным , пад Могілкамі размешчаным, на дарозе, якая вядзе да Хомска.
Другі Тарапатоўскі, які задэклараваў участак за Рэпіхай, пабудаваў на той зямлі бровар, пабудаваў сцёпку (прыбудову для захавання вяндліны, каўбас, масла, тварагу-аўт.) і свіран з сенямі. У такім разе можа азначаны яўрэй-
арандатар у гэтай вёсцы пражываць, можа нават гандляваць гарэлкай, півам, соллю, салодкасцямі, тытунём, хмелем, яму дазваляецца шынкаваць і ні ад кога не мець перашкод.
Падданыя капітулы (уніяцкага царкоўнага прыходу) у гэтай вёсцы Сіманавічы, паміраючы, ніколі не маглі купіць труну. Таму ў гэтага яўрэя павінны быць добрыя труны. Трэба знайсці майстроў, якія маглі б зрабіць добрую труну патрэбнага памеру для ўсіх памерлых, аб чым і ўведамляем нашага брашэвіцкага адміністратара. Таксама падданыя не могуць самі вырабляць піва і гарэлку, акрамя выпадкаў, калі намячаецца вяселле, аднак пры гэтым неабходна папярэдзіць арандатара і з яго дазволу вырабляць піва і гарэлку. Калі не будзе такога дазволу, яму будзе забаронена арэнда зямлі. Пры закрыцці карчмы аплату рабіць у карчму Брашэвічаў і квіткі браць для падліку сумы плацяжу. Другіх плацяжоў і падаткаў гэты арандатар уносіць не абавязаны.
Дадзены кантракт падпісаны ў Брашэвічах 5 верасня 1723 года.
Ксёндз Ян Аляксандр Віленскай капітулы”.
Паводле гістарычных звестак, сабраных такімі нераўнадушнымі і апантанымі людзьмі, як тутэйшыя краязнаўцы-аматары, вёска Сіманавічы была даволі вялікім населеным пунктам. У 30-я гады мінулага стагоддзя тут налічвалася 332 двары, у той час як у Драгічыне было 727, мястэчках Антопаль і Хомск адпаведна 491 і 415, у Бездзежы 298 двароў.
Далей, на ўскрайку вёскі, знаходзяцца старыя сіманавіцкія могілкі, якія былі закрыты прыкладна ў 1900-х гадах. Пазней, у 20-30-я гады мінулага стагоддзя, палякі перазахавалі сюды салдат германскай і расійскай армій, якія загінулі ў час Першай Сусветнай вайны. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя могілкі былі разбураны, многія надмагільныя пліты людзі разбіралі і нярэдка клалі ў аснову фундаментаў вясковых хат. Цяпер на тым абвалаваным узвышшы стаіць крыж з надпісам з двума шыльдамі: “Тут у канцы 19 стагоддзя знаходзіліся могілкі вёскі Сіманавічы” і “На гэтым месцы знаходзяцца могілкі салдат 1-ай Сусветнай вайны, якія загінулі ля вёскі Сіманавічы ў 1915 годзе. Ахоўваецца дзяржавай”.
Затым мы адхіляемся па правы бок ад старога Загародскага шляху. Там знаходзіцца ўрочышча “Курганка”, дзе былі выяўлены сляды старадаўніх людскіх паселішчаў, аб чым засведчылі знойдзеныя ў час археалагічных даследаванняў наканечнікі стрэл, дробныя крамянёвыя вырабы, абломкі керамікі і іншыя артэфакты. Праўда, ахоўным дзяржавай гістарычным помнікам гэтыя мясціны пакуль не сталі.
Далей мы зноў вяртаемся на стары Загародскі шлях, які на гэтым участку добра захаваўся і паўз лес вядзе ад Сіманавіч да вёскі Гнілец, якую па-тутэйшаму называюць “Хацюны”, таму што там жывуць у асноўным перасяленцы з Белавежскай пушчы, якія ў размове “хацякаюць”. Па дарозе Леанід Канстанцінавіч паказвае нам яшчэ адну старажытную стаянку пад назвай “Перадзел”, дзе былі знойдзены даўнішнія прылады працы, азярцо, дзе здабывалі торф і выкопвалі незвычайныя рэчы, і паясняе, што ўсе гэтыя мясціны, якія зараз параслі лесам, яшчэ пры яго памяці былі заселены людзьмі, і тут кіпела насычанае паўсядзённымі справамі сялянскае жыццё. “Не стала хутароў, адарваліся людзі ад зямлі, ад сваіх каранёў – і пачало слабець сялянства,” – скрушна заўважае наш суразмоўнік.
А мы праязджаем Гнілец і рухаемся далей, у накірунку Хомска, дзе таксама – свая багатая гісторыя. І наш спадарожнік выказвае мару, якую ён даўно выношвае: добра было б стварыць пры музеі аб’яднанне па вывучэнню тутэйшай гістарычнай спадчыны і мясцовых гаворак, а ў перспектыве арганізаваць і турыстычны маршрут з прывязкай да старога Загародскага шляху. Бо ён – сапраўды ўнікальная гістарычная спадчына, якая не павінна быць беззваротна страчана.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара