spot_img

Пра зямныя клопаты і нябеснае заступніцтва шматдзетнай сям’і

Дата:

Трэцякласніцу Волечку Кінчак, школьную выдатніцу і разумніцу, мы забралі з яе любімага ўрока  – з матэматыкі. Мама “адпрасіла” дачушку з заняткаў крыху раней, каб яна паказала карэспандэнту дарогу да свайго дома і каб у дзяўчынкі была магчымасць сфатаграфавацца са сваімі блізкімі людзьмі. Бо не так часта вялікай сям’і выпадае збірацца разам: у дарослых – свае клопаты і справы…

2

І пакуль мы ехалі , дзяўчынка ахвотна распавядала пра сваіх родных: пра маму, якая працуе начным вартаўніком на ферме, днём упраўляе хатнюю гаспадарку і няньчыцца з унукамі, а вечарамі вышывае і вяжа; пра сястру і старэйшых братоў, якія сышліся-з’ехаліся ў вёсцы, каб талакой дапамагчы выкапаць бульбу дзеду Сцяпану, які доўгі час ляжаў у бальніцы і якому ўжо не пад сілу цяжкая работа; пра сваіх малых пляменнікаў, якім даспадобы розныя забаўлянкі…
Спыніліся ля дабротнага, упарадкаванага дома на ўскрайку Сварыні, побач з якім – мноства кветак. Высокія вяргіні і стромкія гладыёлусы ўжо прыхапіў першы прымаразак, а вось куст яркіх жоўта-аранжавых руж не паддаўся неспадзяванаму пахаладанню і па-ранейшаму палымнее, радуе сваім хараством. І па сваёй стойкасці, непахіснасці, імкненню пераадолець непагоду і выстаяць у самых неспрыяльных абставінах гэтыя кветкі ў нечым нагадваюць гаспадыню дома, Галіну Сцяпанаўну Кінчак…
А якім жа шчаслівым быў пачатак яе сямейнага жыцця! Са сваім каханым хлопцам, які быў родам са Сварыні, Галіна пачала сустракацца яшчэ ў школьныя гады. А ў 1988 годзе, неўзабаве пасля таго, як Мікалай Кінчак закончыў тэхнікум лясной гаспадаркі і прыйшоў працаваць у мясцовае лясніцтва, ён прыслаў сватоў у Гаравіцу, да сваёй любай Галіны. У студзені 1989 года яны пажаніліся. У сям’і жаніха было васьмёра дзяцей, у нявесты – сямёра, таму жыць маладыя адразу пайшлі да цёткі і стараліся хутчэй зладкаваць у Сварыні ўласны дом. Радня таксама, чым магла – дапамагала. “Свёкар-нябожчык штодня на будоўлі шчыраваў, свякроўка і мама ежу рыхтавалі, каб рабочых пакарміць, цётка рублём падтрымлівала…” – прыгадвае той час Г.С.Кінчак.
За год-другі ўзвялі сцены новага жылля, давялі да толку адзін пакойчык і кухню – і ўвайшлі ў сваю хаціну. К гэтаму часу ў Мікалая Міхайлавіча і Галіны Сцяпанаўны падрастала ўжо двое сынкоў-пагодкаў: Ванечка і Коля. У 1993 годзе ў сям’і Кінчак нарадзіўся Ільюша, у 1995 – чаканая дачушка Марыя.
“Муж вельмі любіў і шкадаваў дзяцей. І сваіх, і чужых. І яны адчувалі яго ласку, гуртом за ім хадзілі. І я за ім добра жыла. Думалася, што і векаваць будзем разам…” – расказвае Галіна Сцяпанаўна.
Як аказалася, у 2006 годзе ў іх сям’і неспадзявана знайшлося яшчэ адно – пятае дзіцятка. Жанчына была на пятым месяцы цяжарнасці, калі здарылася бяда: муж аказаўся ў бальніцы, яму зрабілі аперацыю на жоўцевым пузыры. Але спатрэбілася другая, пад час якой нешта пайшло не так. І з бальніцы дадому, да жонкі і дзяцей, Мікалай Міхайлавіч не вярнуўся. Яго век скончыўся на 41-м годзе жыцця…
А праз тыдзень пасля яго пахавання, праводзячы ўльтрагукавое абследаванне цяжарнай жанчыны, дактары сказалі Галіне Сцяпанаўне, што ў яе будзе дзяўчынка…
“Пасля смерці мужа на гэтым свеце мяне толькі дзеці ўтрымлівалі. І, пэўна, Божая маці, нябесная заступніца ўдавіц і сірот, суцяшала і дапамагала,” – прызнаецца вясковая жанчына.
Старэйшаму Вані было тады 17 гадкоў, астатнім – і таго менш. Але, як прыгадвае мая суразмоўніца, дзеці адразу неяк пасталелі, згуртаваліся, стараліся слухацца і падпарадкоўвацца матулі, каб лішні раз не заклапочваць і не турбаваць яе. Хлопцы ўзялі на сябе бацькавы клопаты, Марыя дапамагала няньчыць Волечку. Каб у сям’і быў дастатак не горшы, чым у людзей, каб захоўваць у парадку дом і каб дзеці не мелі патрэбы ў самым неабходным, Галіна Сцяпанаўна трымала па некалькі кароў, зарабляла ў ягадах і дзе толькі выпадала.
І сваіх сынкоў-дачушак, як лічыць мая суразмоўніца, яна выхавала неблагімі людзьмі. Ваня закончыў ліцэй і сельгасакадэмію, працуе ў меліярацыйнай арганізацыі ў Бярозе, мае сына Арцёмку, аднак па сённяшні дзень не перастае падтрымліваць і дапамагаць матулі ў гаспадарчых справах. Коля жыве ў Кобрыне і займаецца прадпрымальніцтвам. Ілья адслужыў у арміі і вызначаецца з далейшай прафесіяй. Марыя замужам, завочна атрымлівае спецыяльнасць эканаміста-менэджара ў вышэйшай навучальнай установе і гадуе ўжо сваіх дачушак – Віку і Анечку. А самая малодшая, шчабятуха Волечка – яшчэ школьніца. “Цяпер мне толькі ведай, што на падарункі да дзён нараджэння зарабляй”, – жартуе Г.С.Кінчак.
Жыве шматдзетная сям’я ў добраўпарадкаваным, дагледжаным доме, дзе ёсць і вада, і інтэрнэт, і ўсе неабходныя зручнасці.
“Дзеці ў мяне распусты не зналі, змалку да работы далучаліся. Бацькі, чым маглі, дапамагалі: і мужавы, і мае. А зараз ужо наша чарга прыйшла іх даглядаць. Сабраліся вось усе разам, каб нашым дзеду з бабай бульбу дапамагчы выкапаць…”, – распавядае Галіна Сцяпанаўна.
Яны, Галініны бацькі, Сцяпан Мікалаевіч і Ганна Пятроўна Рак, ужо ведаюць аб тым, што згодна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які быў падпісаны яшчэ ў верасні, іх дачка – у спісе жанчын, ўзнагароджаных ордэнам Маці. І пажылыя вяскоўцы шчыра радуюцца за такое прызнанне яе заслуг, бо каму, як не ім, бацькам, балела даччына бяда, вярэдзіла душу яе гора. Але ж выстаяла жанчына, не склала рукі, не паддалася нудзе і смутку: утрымала гаспадарку, вывела ў людзі дзяцей, дачакалася ўнукаў…
І дастойна пражыць жыццё ў такіх абставінах – гэта таксама подзвіг. Што- дзённы і пастаянны…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...