spot_img

Сям’я з Драгічына адзначыла “брыльянтавае” вяселле

Дата:

Аб тым, хто стане яе мужам, Люба даведалася задоўга да вяселля. На Шчадруху, у ноч на Стары Новы год, па прыкладу многіх дзяўчат яна таксама вырашыла паваражыць: насыпала пад падушку семя льну, побач паклала расчоску і прыгаварыла: “Сею семя на Святога Васіля, дай Божа, знаці, з кім да шлюбу стаці”.  А ноччу ёй сніцца, быццам стаіць яна ля люстэрка, расчэсвае валасы і бачыць Міхаіла, які ўваходзіць у пакой і бярэ яе руку з расчоскай… І калі пазней хлопец прыслаў да яе сватоў, дзяўчына не здзівілася: яна ж сама сабе яго наваражыла!

Шлюб маладыя заключылі напрыканцы студзеня 1955 года, і днямі Любоў Трафімаўна і Міхаіл Васільевіч Грэчка адзначылі 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця. На мінулым тыдні, у пятніцу, у іх кватэры на вуліцы Вясёлай у Драгічыне было па-святочнаму шумна і радасна. Тут сабраліся дзеці, унукі, праўнукі з роду Грэчка, якім выпала шчасце бачыць “брыльянтавае” вяселле сваіх бацькоў, сваіх дарагіх дзядулі і бабулі.

У цёплай дамашняй атмасферы, у прысутнасці родных і  блізкіх сям’і Грэчка, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ірына Сяргееўна Кез правяла сімвалічную цырымонію заключэння  шлюбу. Віноўнікі ўрачыстасці распісаліся ў памятнай кнізе “Ганаровых юбіляраў сямейнага жыцця”, пацвердзіўшы надзейнасць і трываласць сваіх адносін. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі, дэпутат Святлана Андрэеўна Магілянчык зачытала прывітальны адрас, які паступіў Міхаілу Васільевічу і Любові Трафімаўне ад імя райсавета дэпутатаў, і падзякавала іх за актыўную жыццёвую пазіцыю. Да віншаванняў далучылася і прадстаўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Авініраўна Блізнец, якая ўручыла сямейным доўгажыхарам падарункі ад адміністрацыі і калектыву сваёй установы, дзе доўгі час, да выхаду на заслужаны адпачынак, працаваў Міхаіл Васільевіч.

Любоў Трафімаўна і Міхаіл Васільевіч Грэчка - у дзень свайго "брыльянтавага" вяселля
Любоў Трафімаўна і Міхаіл Васільевіч Грэчка – у дзень свайго “брыльянтавага” вяселля

А Любоў Трафімаўна некалькі дзесяцігоддзяў выконвала абавязкі тэхработніка ў такіх сур’ёзных установах, як райаддзел унутраных спраў і мясцовае падраздзяленне камітэта дзяржаўнай бяспекі. Кветкі і падарунак ад імя калектыву УКДБ жанчыне перадала Ірына Сяргееўна Кез. Яна ж узгадала і прытчу, сэнс якой заключаецца ў наступным: для таго, каб пражыўшы жыццё, застацца ў вечнасці, дастаткова нарадзіць і выгадаваць добрага чалавека, які дастойна прадоўжыць свой род.

У сям’і Любові Трафімаўны і Міхаіла Васільевіча – двое дзяцей: дачка Галіна і сын Уладзімір, якія ўжо са сваімі сем’ямі, дзецьмі і ўнукамі прыйшлі  падзякаваць юбіляраў за добры жыццёвы прыклад і дастойнае выхаванне, паслухаць іх успаміны і распытаць аб сакрэтах суладнага і гарманічнага сямейнага даўгалецця. Віноўнікам урачыстасці і сапраўды было аб чым расказаць сваім нашчадкам…

Міхаіл Васільевіч па сённяшні дзень з болем у душы распавядае, што рос ён без бацькі, і таму пасталець прыйшлося вельмі рана. Сілы яшчэ не набраўся, плуг падняць не мог, але араць і сеяць у полі падлетку прыходзілася нароўні з дарослымі, бо быў у сям’і за гаспадара. Памятае ветэран і аб тым, як акурат напярэдадні вызвалення раёна ад акупацыі гітлераўцы падпалілі яго родную вёску Дробаты, як людзі ўцякалі ў лес, і як ён, вярнуўшыся да свайго падворку, замест хаты ўбачыў папялішча. Так і скітаўся  ён з маці і братам па чужых кутках…

Потым Міхаіла Грэчку прызвалі ў армію. Пакуль яго рыхтавалі да баявых дзеянняў, вайна скончылася. Але адслужыць салдату прыйшлося “за сябе і за таго хлопца” –  шэсць гадоў. Вярнуўшыся, пачаў клапаціцца аб тым, каб адбудаваць родны дом. Сам ён уладкаваўся на работу ў Драгічын, дзе неўзабаве і пазнаёміўся са сваёй будучай нявестай.

Адразу пасля вяселля сям’і Грэчка выдзелілі пакойчык у гэтай самай кватэры, у памяшканні былой турмы па вуліцы Вясёлай, дзе яны жывуць па сённяшні дзень. Праўда, з цягам часу іх суседзі рассяліліся, і жыллёвая плошча маладых пашырылася. У двары Грэчкі абуладкавалі невялікі хлеўчык, дзе трымалі кароўку і іншую жыўнасць. Гэта была нялёгкая справа, бо паша знаходзілася далёка, ажно пад Ліпнікамі, і гаспадыні ў перапынках паміж работай штодня прыходзілася бегаць туды, каб падаіць рагулю.

Ды і вытворчыя ўмовы, паводле слоў гаспадара сям’і М.В.Грэчка, былі настолькі цяжкія, што цяперашняму пакаленню і ўявіць немагчыма. Міхаіл Васільевіч, які працаваў дэзінфектарам у санстанцыі, прыгадвае, як аднойчы яго камандзіравалі ў Гаравіцу. Заехаў туды веласіпедам, зрабіў справу, а назад вярнуцца не можа – снегу за гэты час выпала па калена. Прыйшлося чакаць, пакуль рэдкі транспарт вымасціць каляіну…

У сваю чаргу дачка юбіляраў, Галіна Міхайлаўна, расказала, што і яе з братам бацькі з маленства настаўлялі вучыцца і далучалі да работы. Яны ўвесь час займалі дзяцей нейкай карыснай справай. Памятае жанчына, як у сям’і набылі матацыкл, і як яны ўсе разам пастаянна ездзілі ў лес за ягадамі і грыбамі. А яшчэ маці, Любоў Трафімаўна, вучыла дзяцей прыстойнасці, адказнасці і сумленнасці. Яна ўвесь час наказвала дачцэ і сыну: “Ляжыць чужая рэч ці капеечка – не бярыце, бо не вы іх туды паклалі, а калі паднялі – знайдзіце і аддайце, каму гэта належыць”. Пэўна, толькі з такімі перакананнямі і можна было ўсё жыццё адпрацаваць у салідным сілавым ведамстве і з пашанай пайсці на заслужаны адпачынак…

За свае 60 сумесных гадоў Любоў Трафімаўна і Міхаіл Ва- сільевіч  не нажылі вялікіх харомаў, не накапілі матэрыяльных каштоўнасцяў і  багаццяў, затое пастараліся для таго, каб застацца ў вечнасці: выгадавалі дваіх прыстойных дзяцей, дапамаглі вырасціць траіх унучак (Марына – стаматолаг, Кацярына  і Наталля – пагранічнікі, і ў іх – ужо свае сем’і), дачакаліся пяцярых праўнукаў…

Родныя прызнаюць, што свят у жыцці Любові Трафімаўны і Міхаіла Васільевіча было ня-многа, бо і ў пажылым узросце муж з жонкай працуюць, як пчолкі, якім – не да забаў. Але ж радня спадзяецца дачакацца і разам справіць яшчэ і 65-гадовы юбілей іх сумеснага жыцця – іх “жалезнае” вяселле. Бо маладыя вучацца на вопыце сваіх блізкіх. І ім карысна ведаць і пераконвацца, што ў жыцці гэта магчыма і ўпаўне дасягальна, каб сямейныя ўзаемаадносіны сталі ярчэй за брыльянты і мацней, чым скала ў хвалістым моры…

Сям’і Грэчка пашанцавала: такі прыклад у іх – побач!

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

На комплексе «Симоновичи» ОАО «Алексеевичи-Агро» открыта новая ферма

Сегодня, 26 декабря, в ОАО «Алексеевичи-Агро» состоялось торжественное открытие...

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...