Доўга не песціла нас цяплом сёлетняя вясна. Вось і 6 красавіка, калі мы пабывалі ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Прыазёрскі”, дуў пранізлівы паўночна-заходні вецер. З шэрых хмар часта сыпаўся дробны дождж. Нягледзячы на гэта, на многіх палетках гаспадаркі паспяхова вяліся палявыя работы.
— Многія ўчасткі глебы яшчэ пераўвільготнены, заліты вадой, — сказаў у размове з намі галоўны аграном кааператыва Д.В.Таргун. – Аднак чакаць нельга, некалькі дзён назад сяўбу ранніх каласавых пачалі выбарачна, паступова нарошчваючы тэмпы за кошт пашырэння фронту палявых работ.
З далейшай размовы з Дзмітрыем Віктаравічам высветлілася, што ў гаспадарцы аснову пад ураджай сёлетняга года заклалі яшчэ мінулагодняй восенню. На значных плошчах узнялі зябліва, на палеткі, на якіх размесцяцца цукровыя буракі, бульба, унеслі арганічныя ўгнаенні. Кожны гектар у сярэднім атрымаў па 65-70 тон тарфагнойных кампостаў.
Дарэчы, пра мясцовыя ўгнаенні. Іх пад сяўбу яравых культур у кааператыве нарыхтавалі звыш 20 тысяч тон. Зімой вывозілі на палі, забуртоўвалі. Цяпер спецыяльнае механізаванае звяно хуткімі тэмпамі ўносіць арганіку ў глебу. Дастаткова сказаць, што за дзень раскідваецца па 500 і больш тон тарфагнойных кампостаў.
У гэтыя дні поўным ходам вядуцца і іншыя палявыя работы. У прыватнасці, падрыхтоўка глебы пад сяўбу, падкормка азімых культур мінеральнымі ўгнаеннямі. І на ўсіх участках сельгасвытворчасці тон задаюць механізатары. Асаблівай пахвалы ў свой адрас заслугоўваюць Мікалай Сідарук, Сяргей Здановіч, Мікалай Макарчук, Сяргей Ярошык, Андрэй Курылюк і іншыя. Як правіла, усе яны перавыконваюць зменныя нормы выпрацоўкі.
З галоўным аграномам Д.В.Таргуном мы пабывалі на ўчастку, дзе ішла сяўба ячменю. Глеба тут добра апрацавана і выраўнена. На трактары “Джон Дзір” сяўбу вёў механізатар В.С.Кузьміч. Зрабіўшы круг, другі, ён пад’ехаў на ўскрай поля, каб заправіць сеялку насеннем. Тут з поўным кузавам ячменю яго ўжо чакаў ва-дзіцель Віктар Ярашэвіч. Літаральна за лічаныя мінуты аперацыя была выканана і пасяўны агрэгат зноў прыступіў да сваёй непасрэднай справы.
— Віктар Сцяпанавіч Кузьміч – адзін з лепшых механізатараў нашай гаспадаркі, — сказаў аграном Д.В.Таргун. – Заўсёды ўсе работы выконвае добрасумленна і якасна. Цяпер вось за дзень засявае па 40 і больш гектараў зерневых культур.
Каб закончыць веснавую сяўбу ў лепшыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, у сельгаскааператыве, як кажуць, усё прадугледзелі да дробязей. Складзены дакладны план правядзення ўсіх палявых работ, распрацаваны ўмовы аплаты працы механізатараў, кожнаму з якіх даведзена канкрэтнае заданне.
Ні на гадзіну не змаўкае гул трактарных матораў над палямі СВК “Прыазёрскі”. Земляробы даражаць кожнай гадзінай. Яны пасеялі ўжо авёс, а цяпер поўным ходам вядуць сяўбу іншых зерневых і зернебабовых культур. Шчаслівага вам фінішу, хлебаробы!
Аляксей ФЁДАРАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) механізатар М.А.Сідарук, галоўны аграном Д.В.Таргун, вадзіцель аўтамабіля В.У. Ярашэвіч і механізатар В.С.Кузьміч удакладняюць план работы на наступны дзень; запраўка сеялкі насеннем; сяўба ячменю; апрацоўка глебы.
Фота Юрыя Сяргея.