Нядзельнай раніцай драгічынцы і госці райцэнтра сабраліся на цэнтральнай плошчы горада, каб разам, дружна ўшанаваць галоўныя сімвалы незалежнай Беларусі: Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг.
Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь у прысутнасці сотняў землякоў было нададзена старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Святлане Андрэеўне Магілянчык, дзесяцікласніку гарадской гімназіі, прызёру абласной алімпіяды па інфарматыцы, пераможцу рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы Станіславу Ляхоўчыку і вучаніцы 8 класа СШ №2 г.Драгічына, пераможцы абласной алімпіяды па асновах прававых ведаў Марыне Папені. Велічна і спакойна ўзнялося ў блакіт нябёсаў чырвона-зялёнае палотнішча, аздобленае на белым фоне нацыянальным арнаментам…
– Шлях да дзяржаўнасці, які выпаў на долю беларускага народа, быў нялёгкім, – адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ. – Толькі ў XX стагоддзі краіна атрымала магчымасць на самавызначэнне. Стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі стала першым крокам да незалежнасці. Стаўшы адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь у 1951-м годзе прыняла новы, чырвона-зялёны, сцяг, падкрэсліўшы тым самым самабытнасць і незалежнасць дзяржавы. Для мільёнаў нашых грамадзян дзяржаўныя сімвалы БССР увасабляюць дасягненні Беларусі за савецкі перыяд. Менавіта таму на рэферэндуме ў 1995-м годзе мы выбралі цяперашнія сцяг і герб, падкрэсліўшы тым самым непарыўную сувязь сацыялістычнага і сучаснага этапаў станаўлення дзяржавы… Як адзначыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, цяперашняя дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь адлюстроўвае сапраўды народныя традыцыі, мае нацыянальныя, гістарычныя карані і адпавядае сучаснаму і перспектыўнаму развіццю нашай Радзімы. Пад гэтым гербам і сцягам новым пакаленням прадстаіць будаваць будучае нашай краіны. У аснове паняцця беларускі народ закладзена вялікае духоўнае радство ўсіх, для каго наша шчодрая, прыгожая і добрая зямля стала родным домам. Паважаць і шанаваць дзяржаўныя сімвалы – наш святы абавязак.
Святлана Уладзіміраўна ад шчырага сэрца павіншавала землякоў з Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Да яе слоў далучыўся і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Іванавіч Дарагакупец, які ў сваім выступленні яшчэ раз падкрэсліў важнасць дзяржаўных сімвалаў і міралюбівасць палітыкі беларускай дзяржавы.
На дзвюх дзяржаўных мовах звярталіся да ўдзельнікаў урачыстасці выступаючыя: Святлана Барташ – на беларускай, Юрый Дарагакупец – на рускай. На беларускай і рускай мовах гучалі і песні ў выкананні самадзейных артыстаў. І ўсе яны былі пра любоў да роднага краю, да роднай зямлі, пра шчасце звацца беларусамі.
– Нарадзілася я ў Беларусі,
Я Айчыне пра шчасце пяю,
Дзе ні буду – сюды я вярнуся,
Па душу і па песню сваю.
Я дзяўчыначка, беларусачка,
У вачах маіх сінь васільков,
Я дзяўчыначка, беларусачка,
Шаўкавісты вянок валасоў.
Я дзяўчыначка, беларусачка,
Сэрцам дзе дабрыня і любоў,
– звінелі галасочкі самых маленькіх удзельніц канцэрту, кранаючы трапяткія струны ў душах людзей на плошчы.
Ніна ТКАЧУК
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА