Надышоў самы халодны месяц года – студзень. Ён – сярэдзіна зімы для ўсяго паўночнага паўшар’я. Трашчаць маразы, мятуць завеі. Моцна скаваны лёдам рэкі і азёры. Усё навокал засыпана снегам. На першы погляд здаецца, што ўся прырода спіць. Аднак гэта далёка не так.
У сваіх норах, засыпаных снегам, спяць барсукі, янотападобныя сабакі і вожыкі. Спіць спакойна ў цёплай бярлозе, высланай сухім лісцем, травой і мохам, мядзведзь. Не спяць, зімуючы ў сваіх заснежаных хатках, бабры і выдры. Апошнія, набраўшы запас паветра ў лёгкія, могуць доўга плаваць пад ільдом і лавіць рыбу. Нягледзячы на мароз і снег, выдры могуць перабірацца з аднаго вадаёма ў другі. Бабры праз падводны выхад з хаткі выплываюць пад лёд і кормяцца тымі запасамі галля, што нарыхтавалі з восені. Ядуць яны і салодкія карэнні розных водных раслін.
Ціха ў заснежаным лесе. Ажыўляюць наваколле сваім вечназялёным убраннем ёлкі ды сосны. Не чуваць і каркання варон. Шэрыя вароны, якія гняз-дзяцца ў лесе, перабраліся на зімовы час бліжэй да гарадоў і вёсак. Толькі стук дзятла парушае цішыню. З вершаліны на вершаліну ёлак і сосен пералятаюць белабокія сарокі. Гэта азначае, што бу-дзе трымацца мароз. Дарэчы, перад адлігай сарокі лятаюць нізка.
Цяжка ў гэты суровы час капытным жыхарам лесу. У гушчарах пад дубамі, раскопваючы снег, шукаюць жалудоў дзікія свінні. Шукаючы корм, дзікі хо-дзяць па лесе чарадой, адзін за адным, пракопваючы ў снезе цэлыя траншэі. Часта яны пракладваюць сцежкі і да капцоў бульбы ў вёсках.
Ласі, алені і казулі капытамі выкопваюць сабе з-пад снегу леташнюю траву, мох, карэнні. У харчаванне ідуць тонкія галінкі кустоў, кара маладых дрэўцаў.
Па лясах, палях і пералесках блукаюць галодныя і злыя ваўкі. Днём яны адпачываюць у густых зарасніках, а ўначы выходзяць на паляванне. Зімою воўк есць усё, што трапляе яму на зуб.
Лясныя мышы пракопваюць сабе пад снегам хады і галерэі да сваіх зімовых кладовак. У гэтых хадах і галерэях мышэй знаходзіць і выкопвае ліса, якая мае надзвычай востры пах. Ловіць яна і зайцоў, і птушак, падбіраецца часам і да куратнікаў у вёсках.
На верхавінах дрэў часта гаспадарыць куніца – найзлейшы вораг вавёркі. Па спрытнасці і шпаркасці куніца не ўступае вавёрцы, і апошняя часта становіцца яе здабычай.
Вельмі цяжка ў студзені птушкам. Да гаспадарчых пабудоў, каб падкарміцца, прылятаюць шэра-бурыя птушкі – чубатыя жаўранкі. Сябруюць яны з нашымі вераб’ямі, пералятаючы з месца на месца невялічкімі чародкамі. Чубатыя жаўранкі з надыходам вясны першымі заспяваюць у небе над палямі.
У студзені холадна і марозна. Але паступова ўсё больш і больш праясняецца і сінее неба, звыш як па 1,5 гадзіны павялічваецца дзень у параўнанні са снежнем, а ноч становіцца карацейшай.
Пётр ПАДЛУЖНЫ,
аматар прыроды, наш няштатны карэспандэнт.