У мінулым годзе, таксама ў жніўні, мы наведалі археалагічную экспедыцыю, якая вяла даследванні ў пойме ракі Ясельда, недалёка ад вёскі Какорыца. Тады навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка кандыдата гістарычных навук Мікалая Крывальцэвіча разам з валанцёрамі знайшлі шмат цікавых артэфактаў першабытнага перыяду нашай гісторыі. У выніку была зроблена выснова, што людзі пасяліліся тут упершыню ў час фінальнага палеаліта (прыкладна ў 9-8 тысячагоддзях да н.э.). Зараз зноў, напрацягу некалькіх тыдняў, на месцы археалагічнага помніка працавала чарговая экспедыцыя Інстытута гісторыі. Цікава, што атрымалася знайсці ў гэтым годзе, якія таямніцы какорыцкай зямлі адкрыліся даследчыкам?

Знаходкі каменнага веку

Археалагічны помнік у пойме Ясельды, сведкамі даследвання якога мы сталі, носіць афіцыйную назву Какорыца-4. Кіраўнік экспедыцыі Мікалай Мікалаевіч Крывальцэвіч адзначыў, што першыя тры (адпаведна – Какорыца-1, 2 і 3) адкрыты яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Яны знаходзяцца на

паўднёва-усходнім вытоку Ясельды са Спораўскага возера. Даследваліся гэтыя помнікі ў 90-я – пачатку нулявых гадоў.

– Помнік Какорыца-4 быў адкрыты тры гады таму, дзякуючы Аляксандру Крываносаву – нашаму сябру, краязнаўцы, які родам з гэтай мясцовасці. Яго звесткі сталі падставай для таго, каб мы прыехалі сюды ў першы раз і правялі палявыя даследванні, заклалі шурф. Пасля чаго стала зразумела, што гэтае месца захоўвае шмат цікавых для навукі артэфактаў. За апошнія некалькі гадоў тут быў знойдзены яшчэ шэраг археалагічных помнікаў. Ёсць і Какорыца-13. На маю думку, можна знайсці яшчэ 20. Працуем менавіта тут, таму што гэтае месца вельмі насычанае матэрыяламі, знаходкамі, больш перспектыўнае для даследвання, – пазнаёміў нас з геаграфіяй археалагічных помнікаў у даліне Ясельды Мікалай Крывальцэвіч.

Удзельнікі археалагічнай экспедыцыі ў даліне ракі Ясельды

У старажытны час і ў сярэднявеччы для заснавання паселішчаў людзі часцей за ўсё выбіралі месцы каля вады. На нізіне, уздоўж правага берага ракі, знаходзіцца шэраг узвышшаў. Практычна на кожным з іх, па меркаванню даследчыка, у розныя часы жылі людзі і вялі гаспадарчую дзейнасць. Напрыклад, на ўзвышшы, на якім мы зараз апынуліся, чалавечы след перастаў прысутнічаць гадоў 5-7 таму, а гадоў 8 таму, вядома,тут яшчэ аралі зямлю. Па напластаваннях, якія добра бачныя ў раскопе, можна даведацца аб тым, што знаходзілася тут напрацягу стагоддзяў.

– У нашым раскопе сустракаюцца некалькі пластоў, дзе ёсць толькі белы грунт. Гэта значыць, што неаднаразова вада ў рацэ падымалася, даходзіла да гэтага месца, а потым, праз пэўны час, сыходзіла. Людзі таксама то выкарыстоўвалі яго ў сваіх гаспадарчых мэтах, то вымушаны былі адыходзіць вышэй. Мы вызначылі, што Ясельда як мінімум два разы затапляла гэтае месца. Адзін са стратэграфічных гарызонтаў атрымаўся ў выніку таго, што тут стаяла возера. Можна меркаваць, што ў старадаўнія часы дасюль даходзілі воды Спораўскага возера. Таксама маем чорны тарфяны пласт. Гэта станоўчы момант, таму што звычайна ў тарфяным грунце вельмі добра захоўваюцца ўсе рэчы, – паведаміў Мікалай Мікалаевіч.

Адна з цікавых знаходак: частка свідраванага камня

У якасці артэфактаў кіраўнік экспедыцыі паказаў нам драўляныя і касцяныя знаходкі, а таксама крамянёвыя. Вось камень, які раскалоўся, калі яго свідравалі. Гледзячы на гэтую рэч, бачна, што пачыналі яе свідраваць з аднаго боку і з другога. Ён раскалоўся пры апрацоўцы, таму што па сваёй структуры вельмі слаісты. Ёсць таксама шмат крамянёвых пласцін-сколаў. Відавочна, што яны былі створаны рукой чалавека, а не з’яўляюцца прыроднымі матэрыяламі. Апрацоўвалі крэмень, рабілі сколы, потым выбіралі лепшыя кавалкі, якія можна выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці. Гэтыя нарыхтоўкі проста выкінулі. Ёсць сярод рэчаў і крамянёвы разец, які ўстаўляўся ў рукаяць, з аднаго боку падпраўлены рэтушшу.

Мы змаглі ўбачыць далёка не ўсе з рэчаў, якія былі знойдзены даследчыкамі ў гэтым раскопе. Частка ўжо запакована, частка – памыта і сушыцца. Сярод іншых знаходак – нажы, наканечнікі стрэл. Па словах Мікалая Крывальцэвіча, дакладна вызначыць узрост знойдзенных тут крамянёвых прылад працы пакуль цяжка, але можна меркаваць, што яны адносяцца да мезалітычнага перыяду (9-5 тыс. да н. э.), бо знаходзіліся ў пластах сярэдняга каменнага веку. У верхніх пластах сустракаюцца элементы керамікі. Гэта ўжо больш позні перыяд. Керамічныя вырабы з’яўляюцца на нашых землях у неаліце (4-3 тыс. Да н. э.) і выкарыстоўваюцца ў наступныя эпохі.

Пытаемся ў даследчыкаў наконт таго, ці можна вызначыць, якое насельніцтва тут пражывала ў этнічным плане. У адказ атрымалі, што на знойдзенных фрагментах керамікі можна заўважыць адбіткі шнура. Такі арнамент характэрны для індаеўрапейскага насельніцтва, якое трапіла на беларускія землі ў 3 тысячагоддзі да н. э. Хто жыў тут раней, вызначыць цяжка. У гістарычнай навуцы ёсць розныя меркаванні наконт даіндаеўрапейскага насельніцтва Беларусі. Хтосьці лічыць, што гэта былі фіна-угры ці іншыя народнасці.

Акрамя прылад працы і адбіткаў, удзельнікі экспедыцыі знайшлі плады арэхаў, шышкі хвоі, кару розных дрэў. Гэта таксама карысны матэрыял, які нясе пэўную інфармацыйную нагрузку і паведамляе аб тым, што тут расло, як людзі ў розныя часы выкарыстоўвалі гэтае месца.

Ёсць і планы на наступны год даследванняў.

– Далей тут будзем капаць, бліжэй да ракі, а таксама на ўзгорку. Нам патрэбна вызначыць межы гэтага паселішча. Там, дзе вышэй, мы спадзяемся знайсці сляды жылля, пахаванняў. Увогуле перад намі стаіць мэта зразумець, як жылі тут людзі, як яны засялялі гэтае месца, як змянялася прырода, – адказаў на пытанне вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Пошук цікавых артэфактаў у зямлі – праца даволі крапатлівая. Спачатку здымаецца 10-сантыметровы слой грунту, потым ён прасейваецца праз усталяванае побач сіта. А калі пад рукі трапляе нейкая рэч, трэба акуратна яе ўзяць з дапамогай шпатэля альбо пэндзліка, не пашкодзіць.

Знаёмства з жывой гісторыяй

Побач з навуковымі супрацоўнікамі на месцы даследванняў працуюць і валанцёры. Гэта студэнты, магістранты, аспіранты ці проста людзі, якія хочуць дапамагчы. Усіх аб’ядноўвае любоў да гісторыі, жаданне дакрануцца да яе ў жывым выглядзе, а не праз падручнік.

Вось што пра гэта распавяла валанцёр Юлія.

Нягледзячы на тое, што ў раскопе стаяла вада і было надта брудна, валанцёры не гублялі добры настрой і жаданне адкрываць таямніцы мінулага

– Я родам з гарадскога пасёлка Мір, працую настаўнікам у адной з сярэдніх школ Мінска. Гэта маё шостае лета, калі я прымаю ўдзел у археалагічных экспедыцыях. Працавала ў Белавежскай пушчы, у пасёлку Кардон на Віцебшчыне, на тэрыторыі Расіі ў Касцёнках і інш. Гэтым летам таксама ўжо паспела прыняць удзел у экспедыцыі на рацэ Ушы, што побач з маім родным Мірам. З Мікалаем Мікалаевічам працую другі год. Усе экспедыцыі цікавыя, як і ўсе знаходкі, і, канешне, людзі. Тут знаходзіш новых знаёмых, сяброў, часта сустракаеш і тых, з кім ужо раней давялося бываць на палявых даследваннях. Гэта магчымасць адпачыць ад гораду, ад марнасці, налюбавацца прыгожымі краявідамі, паглыбіцца ў гістарычную навуку. Я ёй не займаюся, але, як мінімум, назіраю за тым, як яна развіваецца, – распавяла дзяўчына.

– У мяне з першага курса універсітэта была мара – знайсці наканечнік стралы. Я неаднаразова прымала ўдзел у археалагічных даследваннях, знаходзіла розныя дзіўныя рэчы, але доўга не трапляўся мне гэты артэфакт. Нарэшце, у мінулым годзе, падчас чарговых раскопак мая мара здзейснілася. А гэтым летам знайшла ўжо два наканечнікі, – з задавальненнем узгадвае Юлія.

– Я таксама неаднаразова прымала ўдзел у археалагічных палявых даследваннях, – кажа другая дзяўчына-валанцёр. – Была на раскопках каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна, а на першым курсе на Кардоне капала. Там быў іншы раскоп, не такі як тут, і ў ім мы знайшлі рэшткі чалавека. Нельга выказаць, якія эмоцыі я ў той час адчувала. Азарт да археалагічнай навукі захаваўся ў мяне і сёння. Часта, як толькі пачуеш стук па крэменю, спыняешся, акуратна дастаеш з зямлі сваю знаходку, каб не пашкодзіць, і нясеш кіраўніку экспедыцыі, са спадзяваннем, што гэта надзвычай цэнны для навукі артэфакт і знайшоў яго менавіта ты. “Не, гэта проста адбітак”, – чуеш у адказ. Ну вось няўдача! Але гэта не адбівае цікавасці да навукі: зноў ты бярэш у рукі шуфлік з задавальненнем ад таго, што твая праца з’яўляецца часткай вялікага сур’ёзнага даследвання.

Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота аўтара