Згадкі ў пісьмовых крыніцах пра вёску Радастава адносяцца да сярэдзіны XV стагоддзя. У 1600 годзе яна ўпамінаецца як мястэчка. Пазней зноў стала вёскай. Цяпер Радастава – цэнтр сельсавета і сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Радастаўскі”. Помнікам гісторыі і культуры тут з’яўляецца Пакроўская царква, пабудаваная ў 1862 годзе.
Недзе ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы было 303 хаты, у якіх налічвалася звыш 1790 жыхароў. Сяло акружалі балоты, сяляне ў асноўным былі малазямельнымі. Толькі тры дамы паблісквалі дахамі з ацынкаванай бляхі і яшчэ адзін быў пакрыты чарапіцай…
Не радавала вока забудова вёскі. Хаты з падслепаватымі акенцамі, саламянымі стрэхамі ўшчыльную туліліся адна да другой і прыземіста чаргаваліся з рознымі прыбудовамі і хлеўчукамі. Справа ў тым, што кожны вясковец будаваўся на сваёй палосцы зямлі. А палоскі тыя былі далёка не аднолькавымі. Больш дзяцей у сям’і, падрастуць – хаты ставіць ужо няма дзе. Таму малазямельныя і шматдзетныя сяляне ўзводзілі іх на так званых грамадскіх няўдобіцах.
Так, напрыклад, на сыпучых пясках, дзе не было ніводнай градкі, толькі на Загорскай вуліцы пасяліліся Навум Літвінец, яго сыны Раман і Сава, іх сваякі Якаў і Фёдар Літвінцы, Максім і Якаў Астапукі, Аляксандр, Васіль, Кірыла і Несцер Сухарэвічы і многія іншыя. Дарэчы, у большасці вяскоўцаў хаты былі аднапакаёвыя, цесныя, з глінянай падлогай і з вялікімі печамі-ляжанкамі. Замест ложкаў – шырокія драўляныя прымасткі, уздоўж сцен – лавы. Хаткі, якім лёсам было наканавана ўцалець ад пажараў, з гадамі аж да падслепаватых акенцаў урасталі ў зямлю.
Многія ў той час не выжывалі ад прастудных хвароб. Захварэў, скажам, запаленнем лёгкіх – смерць непазбежна. А прастуджваліся людзі, прамярзалі ў лапцях і даматканым адзенні, асаб-ліва зімой, часта. Аб здароўі беднякоў буржуазна-памешчыцкі ўрад Польшчы не клапаціўся, бо ў сялян не было грошай на аплату за лячэнне. Вось і лютавалі, акрамя прастудных захворванняў, эпідэміі тыфу, малярыі, шкарлятыны, коклюшу, ад якіх паміралі старыя і малыя. Як кажуць, не зарастала сцежка-дарожка да могілак. Адыходзілі ў свет іншы часта, асабліва дзеці. Так, Аляксандра Герасімук пахавала 5 дзяцей, Праскоўя Марчук – 9.
У некаторых беднякоў тады не хапала грошай нават на газу, запалкі, соль. Толькі адна трэць дзяцей вёскі наведвала школу. Большасць вучняў складалі хлопчыкі. Дзяўчынкам нават зімой было не да вучобы – пралі кудзелі, дапамагалі маці па гаспадарцы.
Штодзённа на вочы траплялі жабракі, пагарэльцы, дзеці-сіроты, якія з торбамі хадзілі ад хаты да хаты і выпрошвалі кавалачкі хлеба або жменькі зерня.
Ніводнай газеты, ніводнага часопіса не было ў сялян. Вялікай раскошай лічыўся веласіпед, кошт якога складаў 130 злотых. Многія хлопцы зайздросцілі Нікіфару Астапуку, які катаўся на гэтым двухколавым цу-дзе. Фізічна моцны, ён працаваў падсобным рабочым у паляка Стэфана Адамчука, які вырабляў цэглу. На працягу 6-месячнага сезону Нікіфар за сваю работу змог набыць толькі веласіпед.
Ненавідзелі людзі панскую ўладу. Сярод моладзі часта вяліся размовы аб уцёках за граніцу. І рызыкнулі б, напэўна, асобныя на гэтую крайнасць. Але падобны план выспеў яшчэ раней у суседняй вёсцы Повіць. Група юнакоў (сярод іх было і некалькі дзяўчат) пакінула бацькоўскі дом. Яны ішлі на ўсход, да бальшавікоў. Праз Радастава, напрыклад, прайшлі адкрыта, шумна і з палітычнымі песнямі. На жаль, бяда іх не мінавала. Пры пераходзе мяжы, што была непадалёку ад Слуцка, загінула Хрысціна Канцэвіч. Вестка аб смерці дзяўчыны стрымала радастаўцаў ад задуманага.
Доўгачаканае вызваленне наступіла 17 верасня 1939 года з прыходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Бясплатнае лячэнне, навучанне ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак у школе – першыя крокі новага жыцця. Дарэчы, за буквары сядала і сталая моладзь… Аднак неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая азмрочыла і пераблытала ўсе мары і светлыя спа-дзяванні людзей.
Фашыстам чамусьці спадабаўся радастаўскі лес. На яго нарыхтоўку, вывазку фурманкамі, сплаў па Белаазёрскаму каналу гітлераўцы і паліцаі зганялі людзей дубінкамі пад пагрозамі расстрэлу.
Старажылы добра памятаюць лета 1942 года. Неяк у нядзелю карнікі сагналі сялян глядзець расстрэл сям’і і родзічаў партызана Уладзіміра Дзмітрука. Каля 30 старых, жанчын і дзяцей з Радастава і Гаравіцы было тады прынародна закатавана. Глядзіце, маўляў, так будзе з кожным, хто выступіць супраць “новага парадку”.
Аднак памыліліся ворагі. Народ не толькі не стаў на калені, а ўсё часцей і часцей у Радастава пачалі наведвацца партызаны. Гэта прыводзіла ў шаленства фашыстаў, і яны неўзабаве перабра-ліся ў Драгічын, пакінуўшы ў партызанскай зоне сваіх халуёў – паліцэйскіх.
З кожным днём мацнеў партызанскі рух. Звыш года немцы не маглі ўварвацца ў Радастава і суседнія вёскі. Таму бамбілі іх з самалётаў. Так, 15 лютага 1944 года адразу 9 сцярвятнікаў наляцела на Радастава. Сотні запальных бомбаў скінулі яны на саламяныя стрэхі хат. Пажары пачаліся на ўсіх вуліцах. На шчасце, людскіх ахвяр было мала – загінулі толькі 3 чалавекі.
12 ліпеня 1944 года Радастава было вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але гэтая радасць хутка азмрочылася – састарэлы Дзмітрый Астапук у той дзень не дайшоў да сваёй сядзібы, падарваўся на фашысцкай міне. Такім жа чынам засталіся кантужанымі, а хутка памерлі Андрэй Церашчук, Лявонцій Кавалевіч і Праскоўя Асіпук.
У многіх у той час не было ніякіх сродкаў для існавання. І ў такіх умовах мужчыны пакідалі сем’і і ішлі на фронт да-біваць фашыстаў. А неўзабаве зачасцілі ў вёску пахавальныя…
Пасля вайны ў Радастава пачалі пагаворваць аб калектыўным вядзенні гаспадаркі. У 1948 годзе ў мясцовы сельсавет паступіла звыш дзесятка заяў ад сялян-беднякоў з просьбай прыняць іх у калгас. Заявы напісалі былы партызан Панас Марчук, франтавік Васіль Астапук, Майсей Дзмітрук, Цімафей Марчук і іншыя.
У 1950 годзе ў калгас уступілі амаль усе жыхары Радастава. Хутка разгарнулася капітальнае будаўніцтва гаспадарчых памяшканняў, фермы папаўняліся жывёлай. Аднак распілоўка лесу і многія іншыя работы тады выконваліся ўручную.
Многія і сёння памятаюць, як у вёсцы паявілася першая грузавая аўтамашына. Дарэчы, вадзіцель яе, Міхаіл Ясінавец, які раней працаваў на лесаўчастку, дзесьці знайшоў трафейны матор і прыстасаваў да яго цыркулярку. Пачалася механічная распілоўка лесу.
У хуткім часе былі набыты яшчэ дзве аўтамашыны. Вадзіцелямі іх сталі былыя воіны Савецкай Арміі Сяргей Астапук, Фёдар Марчук і Іван Жыгавец. Словам, калгас “Чырвоны партызан” з кожным годам развіваўся і мацнеў, паляпшалася і жыццё сялян.
Сёння Радастава не пазнаць. Людзі жывуць у дабротных дамах. Таму змянілася аблічча вёскі. Яна разраслася, новыя вуліцы забудаваны і так званымі прэзідэнцкімі домікамі. Па асфальтаванай магістралі Драгічын — Радастава – Дзівін – Кобрын сюды курсіруюць аўтобусы і маршрутныя таксі. Для паслуг вяскоўцаў сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, розныя магазіны, аддзяленне сувязі, ФАП, Гаравіцкая ўчастковая бальніца, комплексны прыёмны пункт і г.д.
Вяскоўцы ў асноўным працуюць у мясцовым СВК “Радастаўскі”. На жаль, ворныя землі гаспадаркі вельмі нізкай якасці: ацэньваюцца толькі ў 23,9 бала, часта падтопліваюцца водамі з суседняй Украіны. Нягледзячы на гэта, сельгасвытворчасць пакрыху развіваецца.
— Нашы земляробы паспяхова закончылі ўборку ўраджаю, — гаворыць старшыня кааператыва Л.І.Кароль. – Як ніколі раней, яна сёлета праходзіла ў даволі складаных умовах. Аднак нам удалося намалаціць па 25 цэнтнераў зерня з гектара, а валавы збор яго давесці да 1640 тон. Зараз арганізавана вядзецца нарыхтоўка кармоў. Так, напрыклад, план закладкі сенажу выкананы на 176 працэнтаў.
Вялікія надзеі сельскія працаўнікі ўскладаюць на рэканструкцыю меліярацыйных земляў, якая ўжо вядзецца. Для гэтага з бюджэту выдзяляецца 5,8 млрд. рублёў.
Аляксей СЯРГЕЙ