У сваёй паўсядзённай рабоце калектыў Драгічынскага АП-15 забяспечвае штодзённую перавозку людзей і грузаў у зададзеным накірунку, дастаўляючы іх у пункты назначэння. Тут нярэдка заказваюць аўтобусы для экскурсійных паездак па адметных і славутых мясцінах Беларусі, таму ў мясцовым аўтапарку добра ведаюць самыя запатрабаваныя з такіх маршрутаў і перыядычна скарыстоўваюць іх пры арганізацыі сямейнага культурнага адпачынку сваіх работнікаў. Некалькі часу таму назад па ініцыятыве кіраўніцтва і за кошт сродкаў прафкама транспартнай арганізацыі тутэйшыя працаўнікі і іх блізкія пабывалі ў Белавежскай пушчы і ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, а нядаўна яны разам з дырэктарам АП-15 Мікалаем Андрэевічам Гарнастаем наведалі старажытнейшыя помнікі нашай мінуўшчыны – Нясвіжскі і Мірскі замкавыя комплексы. І тая экскурсія ў далёкія часы пакінула незабыўныя ўражанні!
Першым па ходу гэтага турыстычнага маршрута быў Мірскі замак. З практычнага пункту гле- джання, тут па-добраму здзіўляла і захапляла майстэрства нашых продкаў, якія, не маючы складаных інструментаў і прыстасаванняў, маглі будаваць гэтак надзейна і трывала, што праца іх захавалася і праз вякі. Прынамсі, кожны з экскурсантаў мог дакрануцца да фрагментаў сцяны, пакратаць колішнюю цэглу, хаця што надае ёй такую трываласць, калі яна не рушыцца стагоддзямі, і цяпер застаецца сакрэтам. У сваім даўнішнім выглядзе захаваліся і вузенькія крутыя лесвіцы, якія вядуць да галоўнай башні і ў мураваныя склепы замка, інтэр’ер і мэбля многіх пакояў, дзе па тым часе разгортваліся не толькі радасныя падзеі, але і сапраўдныя жыццёвыя трагедыі, ад якіх не засцерагалі ні найвышэйшыя магнацкія пасады, ні панская раскоша і багацце…
Дарэчы, і ў Мірскім, і ў Нясвіжскім замках экскурсаводы з задавальненнем расказваюць аб таямнічых легендах і паданнях, якімі ахутана мінулае гэтых мясцін і іх колішніх насельнікаў. Значны след тут пакінуў Міхаіл Казімір Радзівіл па прозвішчу “Рыбанька”, які стаў адным з заснавальнікаў мануфактуры па вырабу знакамітых слуцкіх паясоў, узоры якіх ёсць у тутэйшай музейнай экспазіцыі. А сваё незвычайнае прозвішча, па сведчанню экскурсаводаў, магнат атрымаў з-за празмернай схільнасці да “слабога полу”: каб не блытаць імёны сваіх шматлікіх “сімпатый”, ён проста называў жанчын “рыбанькамі”.
Так гэта было ці не – хто зараз дакладна аб тым засведчыць? А вось тое, што яго жонкай была адна з самых разумных і таленавітых жанчын таго часу, пісьменніца, драматург, заснавальніца тэатра ў Нясвіжскай рэзідэнцыі Францішка Уршуля Радзівіл – гэта ўжо вядомы гістарычны факт. Наведвальнікі тутэйшага музейнага комплекса і цяпер могуць убачыць макет сцэны і паглядзець у дзеянні шматлікія драўляна-металічныя прыстасаванні, якія выкарыстоўваліся ў тагачасных сцэнічных пастаноўках, каб стварыць шум дажджу, ветру, паказаць іншыя з’явы прыроды.
Адметна, што ў палацы, дзе калісьці ладзіліся багатыя балі, сучасныя наведвальнікі магнацкіх пакояў і зараз могуць паслухаць тагачасную музыку ў “жывым” выкананні, апынуцца ў атмасферы колішніх падзей з даўнішнімі атрыбутамі і рэчамі, сустрэцца з многімі гістарычнымі асобамі, партрэты якіх суправаджаюць гасцей Мірскага і Нясвіжскага замкаў на працягу ўсёй экскурсіі…
Усё гэта было цікава і пазнавальна не толькі дарослым, але і дзецям, таму культурна-пазнавальную праграму нядаўняга выхаднога дня ў аўтапарку палічылі ўдалай, і традыцыю калектыўных вандровак за кошт прафсаюзных сродкаў тут мяркуюць прадоўжыць. На разгляд ужо вынесена прапанова наведаць адноўлены музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў “Дудуткі” і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.
Галіна ВІКТАРАВА
Фота аўтара