Вёска Малінаўка, што знаходзіцца за Дняпроўска-Бугскім каналам, надзвычай багатая на добразычлівых і таленавітых людзей. З яе выйшла нямала дбайных кіраўнікоў органаў улады, сельскай гаспадаркі, настаўнікаў, урачоў, інжынераў і іншых паважаных сёння людзей.
На жаль, цяпер вёска, як кажуць, старэе на вачах. Зараслі лесам і меліяраваныя землі, асушаныя ў 60–70 гады мінулага стагоддзя, ліквідавана ферма па адкорму буйной рагатай жывёлы. Няма ўжо тут і аддзялення сувязі, і сельскага клуба, у якім доўгі час працавала міла-відная жанчына Марыя Фёдараўна Нічыпорчык.
Нарадзілася мая гераіня ў прыгожай лясной вёсачцы Смольнікі, што ў Іванаўскім раёне. У 1970 годзе закончыла сярэднюю школу і ўладкавалася на работу ў Іванаўскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне. Аднак доўга там не затрымалася, бо ў хуткім часе паступіла ў Гродзенскае кааператыўнае вучылішча. Пасля вучобы пачала працаваць загадчыцай буфета, што знаходзіўся на ўчастку ПМК-3 у в. Малінаўка. Якраз у той час меліяратары вялі асушэнне навакольных забалочаных масіваў.
Неўзабаве тут жа, на танцах у Малінаўскім сельскім клубе, Марыя пазнаёмілася з прыгожым маладым лесніком Леанідам Нічыпорчыкам, які працаваў у Белінкоўскім (цяпер Новапапінскае) лясніцтве. Хутка і вяселле згулялі. Спачатку маладыя жылі ў бацькоў Леаніда, а затым пачалі будаваць уласны дом.
На жаль, доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця не атрымалася. У верасні 1979 года муж Леанід трагічна загінуў у лесе. У Марыі засталося двое малалетніх дзяцей: сын Вася, вучань першага класа, і дачка Таня, якой ішоў шосты год. Колькі сіл і намаганняў давялося прыкласці маладой маме, каб дзяцей падняць і дом дабудаваць! Праўда, вялікую дапамогу ёй аказвалі бацькі.
У 1980 годзе Марыя Нічыпорчык пачала працаваць у мясцовым сельскім клубе. Загадвала не толькі гэтай культурнай установай, але і бібліятэкай, спалучаючы работу з вучобай у Гродзенскім культпрасветвучылішчы.
Вось што пра М. Ф. Нічыпорчык гаворыць былы загадчык раённага аддзела культуры Адам Васільевіч Янусік:
– Марыя Фёдараўна – чалавек даволі таленавіты і творчы. Добрасумленнасць і высокая адказнасць за даручаную справу заўсёды яе вызначалі сярод іншых работнікаў культуры. Арганізаваны ёю фальклорны калектыў неаднаразова з вялікім поспехам выступаў не толькі ў райцэнтры, але і на абласной сцэне…
Сапраўды, самадзейныя малінаўскія артысты карысталіся высокай папулярнасцю сярод людзей. Таму з канцэртамі яны выступалі не толькі на Драгічыншчыне, але і ў населеных пунктах Іванаў-скага раёна і суседняй Украіны.
У 2006 годзе М. Ф. Нічыпорчык пайшла на заслужаны адпачынак. Аднак яна па-ранейшаму не губляе сувязі з мясцовымі жыхарамі, якія даўно сталі для яе роднымі. З асаблівай цеплынёй і вялікай удзячнасцю Марыя Фёдараўна ўспамінае былых самадзейных артыстаў: Ксенію Рыгораўну Гарбарук, Еўдакію Спірыдонаўну Крывецкую, Любоў Пятроўну Еўчык, Ганну Сідараўну Крывецкую і Антаніну Раманаўну Стасюк. На жаль, некаторыя з іх пайшлі ўжо з жыцця, але памяць пра сябе ў людзей пакінулі добрую.
У той час , калі я працаваў у калгасе, потым – у сельскім Савеце, даволі часта даводзілася сустракацца з Марыяй Нічыпорчык. І ніколі ніякіх невырашальных пытанняў у яе не было. Яна ўмела добра ладзіць з мясцовай моладдзю, якая прыходзіла патанцаваць на дыскатэку, не ўзнікала праблем і з юнакамі і дзяўчатамі з суседніх вёсак Іванаўскага раёна, што прыязджалі ў клуб павесяліцца і з карысцю правесці вольны час.
Дарэчы, тая моладзь даўно раз’ехалася па розных гарадах і кутках былога СССР. Але многія, калі наведваюць родную вёску, бацькоў, не абыходзяць і дом Марыі Фёдараўны, віншуючы яе з розных нагод і жадаючы моцнага здароўя.
—Добра памятаю Анатоля Сімановіча,— гаворыць М. Ф. Нічыпорчык. – Рос ён без бацькоў. Цяпер жыве ў Расіі, у Малінаўку прыязджае рэдка, але заўсёды адведвае і мяне, дзякуе за добрыя і слушныя парады, якія я ў свой час яму выказвала…
Яе ўласныя дзеці таксама выраслі, атрымалі адукацыю, ужо маюць свае сем’і. Сын Васіль жыве і працуе ў Мінску, дачка Таня – у Белаазёрску. Яны наведваюць родную матулю, якая жыве са сваёй старэнькай маці. І тады двор Марыі Фёдараўны ажывае, знікае смутак з твару гаспадыні, радасцю свецяцца і вочы бабулі.
Пётр ПАДЛУЖНЫ,
жыхар в. Белін,
наш няштатны карэспандэнт