Час бяжыць няўмольна. Летась усё прагрэсіўнае чалавецтва адзначыла 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вельмі хочацца, каб наша маладое пакаленне як мага больш ведала аб гераічнай і трагічнай схватцы з фашызмам. І не толькі з мастацкіх кінафільмаў, у якіх звычайна перавага аддаецца розным домыслам, а з успамінаў непасрэдных удзельнікаў ваенных дзеянняў і дакументальных архіўных матэрыялаў.
21 год назад у райгазеце “ДВ” было апублікавана маё апавяданне “Палеская быль”. Я яго дапрацаваў, дапоўніў новымі раздзеламі і дадаткамі, у выніку чаго атрымалася невялікая аповесць “Пастка для здрадніка”. І ў яе аснове – рэальныя падзеі і факты. Прапаную чытачам самім ацаніць мастацкія і іншыя вартасці твора.
АЎТАР
Неспадзяваная сустрэча
Звыш 40 гадоў таму назад я пачынаў працоўную біяграфію ў рэдакцыі райгазеты і завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Неяк у маі, пабываўшы на кансультацыйных занятках па некаторых дысцыплінах, па дарозе са сталіцы вырашыў заехаць у родную вёску Азяркі, адведаць бацькоў.
У электрычцы “Мінск-Баранавічы” пасажыраў было нямнога. У асноўным пенсіянеры-дачнікі – людзі з неўтаймаванай, геннай цягай да зямлі, да сваіх шасці сотак, якія будуць апрацоўваць і даглядаць іх да таго часу, пакуль хопіць у нагах спрыту, каб дайсці ад электрапоезда да дачы, а ў руках сілы, каб трымаць рыдлёўку ці матыку.
Я ўглядаўся ў двайное аконнае шкло, па якому наўскос сцякалі кроплі дажджу. Перад вачыма мільгалі бясконцыя, пакрытыя шыферам, аднапавярховыя складскія будынкі, бетанаваныя і цагляныя платы, парослыя крапівой і дзядоўнікам пусткі – усё тое непрыгожае гарадское нутро, якое хавалася з вуліц за прыхарошанымі фасадамі і агароджамі і якое так добра бачылася з вокнаў пасажырскіх цягнікоў.
У новым мікрараёне, што на ўскраіне Мінска, у вагон зайшоў сярэдняга росту, хударлявы мужчына гадоў за сорак. Ён быў у чорнай, бліскучай ад дажджу куртцы, у такой жа кепцы, з-пад якой выбіваліся русыя з сівізной валасы. Акінуўшы позіркам пасажыраў, мужчына спыніўся ля мяне, зняў з-за плячэй мокры рукзак і сеў насупраць на свабоднае месца. Штосьці ў яго абліччы мне падалося знаёмым. А калі ён глянуў мне прама ў твар, я ўсхвалявана прамовіў:
– Дзмітрый Іванавіч, гэта вы?
– Ды я гэта, Алесь, я… Ведаю, што ў райгазеце ты працуеш. Чытаў твае артыкулы і ў рэспубліканскім друку. Малайчына!..
Вось так неспадзявана я сустрэўся са сваім былым настаўнікам Дзмітрыем Шкадзюком. Ён даўно з Азяркоў пераехаў у вёску Навасёлкі, дзе жыў з сям’ёю і выкладаў гісторыю ў мясцовай дзесяцігодцы. Штогод у Дзень Перамогі яго грудзі ўпрыгожвалі шматлікія баявыя ордэны і медалі – яскравыя сведкі таго, што чалавек у ваеннае ліхалецце мужна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанах і на фронце.
– А вы, Дзмітрый Іванавіч, па якой справе ў Мінск прыязджалі? – пацікавіўся я.
– Ды я, Алесь, вось ужо два гады тут, у сталіцы, у будаўнічай фірме сталяром працую.
– А як жа так атрымалася, што вы, чалавек з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, аказаліся на будоўлі?
Перахапіўшы мой дапытлівы позірк, Дзмітрый Шкадзюк пачаў свой аповед:
– Ты, Алесь, напэўна, ведаеш, якая зараз пайшла чахарда са школьнымі праграмамі, падручнікамі, асабліва па гісторыі. Гісторыя заўсёды была дысцыплінай палітызаванай, выкладалася ў навучальных установах у інтэрпрэтацыі партыйных ідэолагаў. Але ж, калі на працягу аднаго школьнага пакалення некалькі разоў мяняюцца ідэалагічныя ўстаноўкі, то прабачце… Як жа нам, настаўнікам, глядзець у вочы сваім вучням пасля такіх хістанняў? А сапраўдны педагог – гэта не толькі той, хто дае веды, але і той, хто фарміруе душы дзяцей, падказвае ім маральныя арыенціры ў гэтым няпростым жыцці, – мой суразмоўца паглядзеў мне ў вочы, як бы шукаючы падтрымкі сваім словам, і працягваў: – Неяк пасля адкрытага ўроку па гісторыі Беларусі мяне выклікаў да сябе дырэктар школы і ў прысутнасці інспектара райана пачаў абвінавачваць у тым, што я не разумею патрабаванняў часу, палітыкі партыі ў галіне адукацыі. Дырэктар, з якім у мяне і да гэтага былі напружаныя адносіны, заявіў, што не дапусціць, каб у яго школе настаўнік праводзіў сярод вучняў нацыяналістычную агітацыю. Словам, адбылася непрыемная размова, пасля якой я на наступны дзень напісаў заяву аб звальненні па ўласнаму жаданню.
Ён апусціў галаву, нахіліўся, пачаў развязваць рукзак, але потым, як бы схамянуўшыся, зацягнуў зноў у вузел ужо аслабленыя лямкі.
– Людзі кажуць: усё, што робіцца – робіцца да лепшага. Так яно і атрымалася, – зноў загаварыў мой спадарожнік. – Зараз я нядрэнна зарабляю, куды больш, чым настаўнік. А ў мяне хворы сын. Патрэбна шмат грошай на лекі…
– А дзе ж вы навучыліся сталярнічаць?
– Мой дзядзька Сяргей быў сталяр. Рабіў аднавяскоўцам вокны, дзверы… Вось я ля яго і навучыўся. У вольны час любіў браць у рукі геблік ці стамеску. У мяне дома амаль уся мэбля зроблена сваімі рукамі. Толькі вось ніколі не думаў, што буду гэтым зарабляць на жыццё.
Я не вытрымаў і задаў Дзмітрыю Іванавічу пытанне, якое не давала мне спакою на працягу ўсёй нашай гутаркі:
– Прабачце, я, мусіць, сыплю соль на вашу рану, але ці думалі аб тым, што, пакінуўшы школу, вы, таленавіты педагог, пазбавілі многіх дзяцей радасці навучання, магчымасці атрымліваць трывалыя веды, духоўную энергію ад сапраўднага настаўніка і, магчыма, некаторых з іх – будучыні. Можа, усё ж трэба было пайсці на кампраміс дзеля дзяцей?
Ён адказаў мне не адразу, нервова перабіраў лямкі рукзака, паглядзеў на гадзіннік, нарэшце, не падымаючы галавы, прамовіў:
– Я многа думаў аб гэтым. І рашэнне пакінуць школу далося мне няпроста. Ды і высокай мэты, ідучы на кампраміс са сваім сумленнем, дасягнуць нельга. Так можна дабіцца высокай пасады, але ж гэта розныя рэчы, – Шкадзюк нявесела ўсміхнуўся, памаўчаў. – А ўсё ж ты, Алесь, маеш рацыю. Чалавек павінен працаваць там і рабіць тое, чаго патрабуе яго душа, толькі тады ён зможа прынесці нейкую карысць грамадству і быць хоць крышачку шчаслівым. На жаль, іншы раз абставіны бываюць мацней за нас. Такое жыццё…
За вокнамі пацягнуліся цагляныя пакгаўзы, прамільгнула воданапорная вежа, электрапоезд, пагойдваючыся на стрэлках, запавольваў хуткасць – прыбываў на чарговую станцыю.
– Ну, вось я і прыехаў, – Шкадзюк падняўся, закінуў за плечы рукзак. – Дзякуй, Алесь, за прыемную кампанію і перадавай ад мяне прывітанне сваім бацькам.
Ён выйшаў з вагона і, крыху сутуліўшыся, пайшоў па мокраму вузкаму перону. Дождж не пераставаў. Я праз акно глядзеў услед былому свайму настаўніку і думаў, што пакуль у нас яшчэ ёсць вось такія прынцыповыя і справядлівыя людзі, якія носяць праменьчыкі сонца ў сэрцах, не ўсё яшчэ страчана…
У бацькоў
Па-мойму, кожнага чалавека цягнуць да сябе родныя мясціны – туды, дзе нарадзіўся, вырас, дзе атрымаў першую пуцёўку ў самастойнае жыццё. Я таксама раней даволі часта прыязджаў у сваю вёску Азяркі, што прытулілася ў адным з маляўнічых куткоў Палесся. І кожны раз, калі аказваўся дома, пачуццё радасці і хвалявання сціскала ў грудзях сэрца. Выйшаўшы з аўтобуса, няспешна крочыў такой знаёмай шырокай вуліцай, вітаўся з вяскоўцамі, перакідваючыся з імі некалькімі словамі. У роднай хаце доўга гутарыў са сваімі бацькамі. Мама ў такіх выпадках звычайна ражком хусткі змахвала з вачэй слёзы і гаварыла:
– Добра, Алесь, што табе жывецца нядрэнна. А мы вось з бацькам састарэлі ўжо, часта хварэем. Дзякуй, што адведваеш нас. Снедай, а потым пойдзеш да конюха Міхася. Папросіш у яго каня – у агародзе трэба бульбу акучыць…
Так, работы дома заўсёды хапала. То з касою на сенажаць даводзілася ісці, то дровы пілаваць, то каровы пасвіць… І кожнае даручэнне бацькоў я выконваў з асаблівым задавальненнем – у сваім целе адчуваў тую сілу, што бывае ў чалавека ў маладым узросце. Дарэчы, на ўсё жыццё мне запомнілася адна вясковая гісторыя, калі я ўпершыню зведаў сапраўдны жах.
У той чэрвеньскі дзень было вельмі спякотна. Прыпарвала так, што не было чым дыхаць. Мы з бацькам працавалі ў полі: дасушвалі сена. Асабліва заварушыліся апоўдні, калі з захаду пачала насоўвацца цёмная навальнічная хмара. І калі першыя буйныя кроплі дажджу ўпалі на зямлю, наша сена было ўжо ў копах. Тата сеў на веласіпед і хутка паехаў у вёску, а я да яе пашыбаваў подбегам напрасткі. Але не дабег – дождж лінуў як з вядра, ды яшчэ з градам. На шчасце, на маім шляху аказаліся могілкі. Не раздумваючы, я забег на іх і схаваўся пад дахам старой каплічкі, побач з незашклёным акенцам.
На двары стала цёмна, нібы ноччу. Неба раз-пораз паласавалі маланкі. Вада патокам лілася зверху і, здавалася, пачаўся сапраўдны патоп. Ад шквальнага ветру трывожна шумелі і рыпелі старыя дрэвы. Адна бяроза не вытрымала – звонка затрашчала і пад чарговы ўдар грому павалілася непадалёку ад каплічкі.
Мне стала страшна. У памяці пачалі ажываць розныя аповеды старажылаў пра нячыстую сілу і ведзьмакоў. За кожным помнікам, кожнай магілай мроіліся вобразы мерцвякоў з жудаснымі стогнамі. Праўда, да гэтага я нябожчыкаў не баяўся, бо ведаў, што той, хто памёр, на белы свет не вяртаецца. А вось тады да таго стала вусцішна, апанаваў такі жах, што і выказаць зараз не магу… Частыя дрыжыкі прабягалі па майму целу, асабліва ў час моцных разрадаў маланкі, калі яна трапляла ў недалёкія дрэвы, біла па полі і доўгімі стужкамі слалася па зямлі, асвятляючы наваколле, якое нагадвала суцэльнае пекла…
Я дастаў з кішэні цыгарэту. Думаў, што нікацін хоть крыху супакоіць нервы. Зрабіў глыбокую зацяжку. І раптам… перад маім носам паявілася худая чорнавалосая рука і пачуўся прахрыплы, нібы з-пад зямлі, голас:
– Дай і мне закурыць…
Цыгарэта выпала з маіх губ. Я здранцвеў у прамым сэнсе гэтага значэння – не мог ні крыкнуць, ні вымавіць слова. Толькі адчуў, як валасы на галаве заварушыліся і ўзняліся дыбам…
– Ой, людцы добрыя, ну і напалохаў хлопца, – пачуўся той жа хрыплы голас. – Не бойся, Алесь, гэта дзядзька Рыгор, твой сусед. Я ад дажджу ў капліцы схаваўся. Захацелася закурыць, а цыгарэты скончыліся. Выглянуў у акенца – бачу, ты стаіш. Але, стары дурань, не падумаў, што цябе так спалохаю…
Дзядзька Рыгор яшчэ нешта гаварыў, супакойваючы мяне. Нарэшце да маёй свядомасці дайшло, што нічога страшнага не здарылася. Мы з суседам закурылі, а праз некалькі хвілін ужо прыглушана смяяліся.
…На гэты раз я прыехаў у родную вёску надвячоркам. Аднак штосьці мне тут паказалася не такім, як заўсёды. Людзі са мной віталіся, але на іх тварах я не заўважаў цёплых усмешак, а позіркі іх былі нейкімі трывожнымі і заклапочанымі. “Што ж тут здарылася?” – увесь час, пакуль ішоў дахаты, гэтае пытанне не давала мне спакою.
Праўда, бацькі сустрэлі мяне ветліва. Але ранейшай цёплай размовы ў нас не атрымалася. Маці, падаўшы на стол вячэру, узяла вядро і пайшла ў хлеў даіць карову. Бацька, некалькі разоў падліваючы ў чаркі гарэлку, гаварыў:
– Вып’ем, сынок, за наша жыццё, за мірныя дні…
Доўга сядзець за сталом я не мог. Выйшаў на двор. Было ўжо цёмна. Вёска як бы вымерла – навокал стаяла нязвыклая цішыня. Яе толькі час ад часу парушала выццё далёкага сабакі. У галаве крыху гудзела ад выпітай гарэлкі. Я хацеў закурыць, але запалкі доўга не загараліся, ламаліся. Неўзабаве ў сенях пачуўся шоргат. У цёмным праёме дзвярэй я ўбачыў постаць бацькі. Ён падышоў да мяне і, цяжка ўздыхнуўшы, спытаў:
– Табе, Алесь, ніхто нічога не расказваў?
– Не, – адказаў я. І тут жа паспешліва і горача звярнуўся да бацькі: – Скажы, тата, што здарылася ў вёсцы? Па-мойму, штосьці незвычайнае. Людзі быццам не тыя, якіх я ведаў раней. Ці, можа, проста мне здалося?
– Не, сынок, пачуццё не абманула цябе…
Я з хваляваннем слухаў бацьку. Вось што ён мне расказаў.
Суседзі
Вінцэсь Крывухін жыў некалькі з намі па-суседску. Сям’я ў яго была невялікая: сам, жонка Тэкля і сын Чэсь. Жылі яны багата: 18 гектараў зямлі мелі, 5 кароў, 3 коней, свіней з дзясятак. Бывала, у нядзелю, калі людзі ішлі ў царкву і неслі ў руках абутак, каб не стаптаць яго, Вінцэсь запрагаў у брычку сваю тройку і з нейкім асаблівым гонарам імчаўся па гасцінцы ў мястэчка, дзе быў касцёл.
Неўзабаве стары Вінцэсь пачаў здаваць здароўем. А перад Калядамі ў 1936 годзе зусім злёг у пасцель і больш не падняўся. Калі яго праводзілі ў апошні шлях, ніхто з вяскоўцаў нават не выйшаў на вуліцу. Бо нябожчык пры жыцці лічыў сябе шляхцюком, а ўсіх астатніх азяркоўцаў смярдзючымі мужыкамі.
Калі памёр Вінцэсь, яго сыну споўнілася 20 гадоў. Быў ён высокага росту. Яго густая чорная шавялюра заўсёды блішчала, як залізаная. Чэсь меў характэрную звычку – выцягваць шыю, быццам яму ціснуў каўнер, а паўнашчокі твар яго вечна ўсміхаўся. Толькі ўсмешка гэтая ішла не ад душы, а была зроблена мускуламі твару, і калі хто яе першы раз разглядваў, – ён насцярожваўся. Сваім позіркам чалавек раздражняў Чэся і стваралася такое ўражанне, што яму цесна з-за таго, што ты жывеш на зямлі…
Хутка Чэсь ажаніўся на невысокай непрыгляднай Катажыне. Калі заляцаўся да яе, думаў, што яна не простая мужычка, а шляхцянка і, вядома, тую-сюю выгаду ён будзе мець. І не памыліўся. Ягоны цесць Збажэцкі ў пасаг за Катажынай даў зяцю 4 гектары зямлі, карову і двух прыгожых коней-рысакоў. Гаспадарка Чэся яшчэ больш расшырылася. Аднак ён сам не працаваў – як і нябожчык бацька, трымаў парабкаў.
Неяк надвячоркам, калі Чэсь, Катажына і старая Тэкля вячэралі, у дзверы іх дома хтосьці нерашуча пастукаў. Гаспадар устаў з-за стала і выйшаў на двор. Там стаяла яго парабчанка сінявокая Аленка. Убачыўшы яе, Чэсь аж расплыўся ад замілавання: вочкі яго заблішчэлі і ён аблізнуўся, як кот на смятану.
– Я прыйшла да вас, каб вы заплацілі за маю работу збожжам, – пачала нясмела Аленка. – Бацька прыхварэў, ляжыць, а ў хаце – ні зярнятка…
– Для такой прыгажуні я на ўсё гатовы, – яшчэ больш расплываючыся ва ўсмешцы, гаварыў Чэсь. – Толькі ў мяне, Аленка, да цябе ёсць невялікая просьба. За вёскай, ля старога млына, стаяць дзве сцірты неабмалочанай збажыны. Вартаўнік мой, стары Даніла, таксама моцна захварэў, памрэ, мабыць, хутка. Дык ты, Аленка, папільнуй сёння ноччу сцірты, а заўтра раніцай мае людзі табе насыплюць мяшок пшаніцы. Згодна?
– Добра, – адказала Аленка, і толькі цяпер прыўзняла галаву, глянула на Чэся. Вочы яго па-ранейшаму блішчалі, а твар свяціўся недарэчнай усмешкай. І штосьці нядобрае ва ўсім гэтым паказалася дзяўчыне. Яна павярнулася і хутка пайшла са двара. А Чэсь, гледзячы ёй услед, ад задавальнення пацёр рукі: “Гэтая прыгажуня, па якой сохнуць усе хлопцы навакольных вёсак, ноччу будзе належаць мне…”
Двайное забойства
У канцы жніўня ночы ўжо бываюць халаднаватымі. Аленка, апранутая ў стары салдацкі шынель, сядзіць, прыхіліўшыся да сцірты. Навокал – цішыня. Непадалёку над лугам вісіць густы шэры туман, на небе гараць далёкія зоркі. У галаву дзяўчыны лезуць розныя думкі. Вось ужо другі год яна служыць парабчанкай у Чэся. Нялёгка ёй даводзіцца. Не так даўно памерла мама, а бацька часта хварэе. Ён амаль кожны дзень гаворыць, каб яна выходзіла замуж. Маўляў, тады лягчэй будзе жыць. Ён і жаніха ёй рэкамендуе: Міхася Дуніцкага з суседняй вёскі Замосце. Бацькі яго багатыя, ён адзіны сын у іх. Летась ён нават прыязджаў да Аленкі ў сваты. Але як убачыла яна тады Міхася, дык адразу вырашыла, што лепш незамужняй увесь век быць, чым за такога ісці. Твар хлопца быў пашкоджаны воспаю, ногі крывыя, а галава, нібы ніткамі прышытая да тулава, матлялася, калі ён рухаўся. Ды і ніхто ёй не патрэбны, бо яна моцна кахае Віктара, свайго суседа. Ён яе – таксама. А вось бацька не хоча, каб яна стала яго жонкай. З беднай сям’і, кажа, хлопец. Ну і што? Была б толькі разумная галава на плечах, ды рукі працавітыя, а астатняе з часам нажывецца. Хутка яе Віцька павінен прыйсці сюды. Ён ведае, што яна тут, у полі.
Неўзабаве, сапраўды, пачуліся нечыя паспешлівыя крокі – пад нагамі трашчала ржышча.
– Віцька, гэта ты? – пазвала Аленка.
– Не, гэта я, Чэсь, – пачуўся глухі голас яе гаспадара. – Вось вырашыў праверыць, ці не падманула ты мяне, ці прыйшла на варту…
Дзяўчына сціснулася ўся ў клубок, моцна прытулілася да збажыны і, напалоханая нечаканым візітам гаспадара, з-пад ілба сачыла за кожным яго рухам. А Чэсь сеў побач з Аленкай, паклаў на яе плячо сваю цяжкую руку.
– Цябе, Аленка, сам Бог да мяне паслаў. Кахаю я цябе. Кахаю з таго часу, як убачыў. Ты будзеш маёю жонкаю… – навальваючыся на дзяўчыну ўсім сваім целам, горача шаптаў Чэсь.
Таго, што ён прыйдзе сюды, што ён будзе гэта рабіць, яна не чакала. А тым часам Чэсь не на жарты разышоўся. Яму ўдалося сарваць з Аленкі шынель, падабраць дзяўчыну пад сябе, і ён, шукаючы сваімі тоўстымі абвіслымі губамі яе маладыя гарачыя вусны, абяцаў ёй усё:
– Я хачу, каб ты была маёй. Чуеш, хачу… Катажыну я не люблю. Бяздзетная яна. Кіну яе. А ты будзь маёй. Я цябе азалачу і ашчасліўлю. Буду ногі твае мыць і ваду тую піць. Жыццё-то якое ў нас будзе!..
– Вы што, здурнелі?! – не сваім голасам крыкнула Аленка, і жах ахапіў яе. Яна выгнулася, прыпаднялася, абапіраючыся нагамі і галавой аб зямлю. Але Чэсь трымаў яе мёртваю хваткаю, і вырвацца ёй не ўдалося…
Аленка ачомалася. І толькі цяпер да яе свядомасці дайшлі страх і бяда, што здарыліся з ёю. Яна з цяжкасцю ўзнялася на ногі. Побач валтузіліся, хрыпелі дзве постаці. Гэта былі Чэсь і Віктар. Дзяўчына ў роспачы прытулілася да сцірты, заплакала. І ў гэты момант убачыла, як у руках Чэся бліснула лязо нажа. Узмах – як падкошаная, стройная фігура Віктара мякка апусцілася на зямлю. А Чэсь падбег да Аленкі, заціснуў рукою ёй рот і кудысьці пацягнуў. Дзяўчына, вырываючыся, закрычала. І тады Чэсь моцна ўдарыў нажом у яе галаву.
У тую ноч з суседняй вёскі ад бацькоў вяртаўся дадому Адам Бурачок. Праходзячы міма старога млына, ён чуў плач нейкай жанчыны. Але не прыдаў гэтаму асаблівага значэння. Падумаў, што хтосьці шукае прапаўшую карову ці іншую жыўнасць.
Калі Адам падыходзіў да Азяркоў і аглянуўся, то ўбачыў у полі, дзе стаялі сцірты збажыны, вялікае полымя. Яно асвятляла наваколле і чалавека, які ўцякаў. Адам схаваўся за кустом альхоўніку, сцішыўся. Чалавек, раз-пораз азіраючыся назад, прабег побач. У ім Бурачок пазнаў Чэся, падумаў: “Па-мойму, яго збажына гарыць. Хто ж падпаліў? Чаму сам уцякае? Штосьці тут не тое…”
Перапалох у вёсцы
Раніцай наступнага дня ў Азярках быў сапраўдны перапалох. У полі, на папялішчы, выявілі астанкі двух абгарэлых трупаў. Хто згарэў? Хто віноўнік трагедыі? Дзесьці апоўдні з пастарунка прыехалі супрацоўнікі польскай дэфензівы. Дарэчы, выклікаў іх Чэсь. Па яго ж ініцыятыве вяскоўцаў сабралі ля старога памяшкання школы. Людзі былі неспакойнымі – натоўп гуў, як растрывожаны вулей. Паўнашчокі, невысокі і круглы, як бочка, паліцэйскі першым звярнуўся да грамады:
– Сабралі мы вас, панове, невыпадкова. Гэтай ноччу ў вас здарылася трагедыя. Згарэла збажына пана Крывухіна, а на папялішчы знойдзены два трупы. Наша расследаванне паказала, што ў агні загінулі Віктар Сямашка і Алена Доўгель. Мы таксама прыйшлі да вываду, што спаліў сцірты ніхто іншы, як Віктар. Нацешыўшыся, намілаваўшыся, маладыя людзі заснулі (вы ж ведаеце, што яны моцна кахалі адзін аднога), а самакрутка Віктара і паслужыла прычынай пажару. Але, як кажуць, сабаку – сабачая смерць. Па ім даўно турма плакала. Гэты абарванец толькі і ведаў, што за бальшавікоў агітаваў, розныя нелегальныя пракламацыі ў грамадскіх месцах распаўсюджваў. А вось дзяўчыну шкада…
– Пане паліцэйскі, – раптам з натоўпу пачуўся журботны голас бацькі Віктара Сямашкі, – мой сын ніколі не курыў. Што ж вы такое гаворыце…
– Замаўчы, галган! – дзіка закрычаў паліцэйскі. – Я яшчэ не ўсё сказаў… Дык вось я гавару, што дзяўчыну вельмі шкада. Таму пахаваць яе трэба па-людску. Для гэтага пан Крывухін выдзяляе трыста злотых. Так што хопіць не толькі на пахаванне, але яшчэ і бацьку яе добрая сума застанецца.
Пакуль паліцэйскі гаварыў, Чэсь стаяў, як на голках: то адступіць улева, то ўправа, то назад, то галавой пакруціць, ззяючы сваёй недарэчнай усмешкай. А калі яму далі слова, ён спачатку яшчэ больш збянтэжыўся, але ўсё ж, як кажуць, узяў сябе ў рукі, бо загаварыў больш-менш спакойна:
– Я чаму, паважаныя людцы, выдзяляю грошы на пахаванне Алены Доўгель? Ды таму, што яна ў мяне звыш года служыла. Працавала добра, нічога дрэннага пра яе не магу сказаць. А ўчора яна згадзілася павартаваць мае сцірты… Тут вось бацька Віктара гаварыў, што яго сын не курыў. А можа, яны вогнішча расклалі – холадна ж ноччу было, а самі заснулі… Як сказаў пан паліцэйскі, нябожчыкаў трэба пахаваць па-людску. Труны для іх на маім падворку ўжо робяць…
Пакуль Чэсь гаварыў, з натоўпу наперад праціснуўся Адам Бурачок і спытаў:
– Скажыце, пан Крывухін, а чаму вы сёння ноччу ўцякалі з поля, калі збажына ваша гарэла?
– Хто-о, я ўцякаў? – спалохана прамовіў Чэсь і невядома дзеля чаго замахаў рукамі. – Ды мяне, людцы, дома не было. Я…
– Мы ўсё праверылі, – перабіў Чэся паліцэйскі. – У пана Крывухіна – поўнае алібі. Ён сёння ў цесця начаваў. Гэта пацвердзілі родныя і сваякі. Карацей, няма чаго базар разводзіць. Можаце, панове, разыходзіцца.
Безумоўна, вяскоўцы здагадваліся, што да смерці маладых людзей Чэсь мае самае непасрэднае дачыненне. Але паспрабуй гэта каму дакажы, калі ён з’яўляўся агентам польскай дэфензівы. А ў той трагічны, жалобны дзень, калі ўся вёска праводзіла ў апошні шлях Аленку і Віктара, паліцэйскія яшчэ доўга гасцявалі ў доме Крывухіна, адкуль даносіліся песні і дзікі рогат.
Пад дулам пісталета
У нялёгкія гады белапольскай акупацыі ў Азярках была створана падпольная ячэйка КПЗБ. У вёсцы часта паяўляліся нелегальныя газеты, лістоўкі… Аднак дзейнічаць камуністам з кожным днём станавілася ўсё цяжэй. Па даносу Чэся былі арыштаваны некаторыя члены ячэйкі. Але справа, за якую яны змагаліся і пакутвалі, не прапала дарэмна – у верасні 1939-га года прыйшло доўгачаканае вызваленне. Ды нядоўга людзі радаваліся – неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Што з Чэсем? Перад прыходам Чырвонай Арміі ў вобласці Заходняй Беларусі ён кудысьці знік. Мабыць, ведаў, што калі ў час не збяжыць, то кулю атрымае ў лоб. Сям’ю яго раскулачылі. Катажыну і старую Тэклю вывезлі ў Сібір, а іх дыхтоўны дом аддалі пад сельсавет.
…Апоўдні 25 чэрвеня 1941-га года гітлераўцы ўжо былі ў нашай вёсцы. Па вуліцы з грукатам ехалі танкі з белымі крыжамі, аўтамашыны з фашыстамі… Я глядзеў праз акно на варожую тэхніку, на здаровых укормленых салдат у шэрым убранні, і гнеў нянавісці да чужынцаў апальваў сэрца. Неўзабаве ля нашай хаты спыніўся легкавы аўтамабіль. З яго вылезлі тры нямецкія афіцэры і накіраваліся да веснічак.
– Хавайся хутчэй, сынок! – усхвалявана сказала мне маці, і я ўбачыў, як спалатнеў яе твар.
Я замітусіўся па хаце. Хацеў выбегчы ў сені, але ўжо было позна. Дзверы расчыніліся, і на парозе з’явіліся фашысты. Адзін з іх, у акулярах, тонкі і высокі, як аглобля, кінуў на мяне цікаўны позірк.
– Ты хто будзеш? – сеўшы ля стала, спытаў ён праз перакладчыка. – Камуніст?
– Не, няма ў нашай вёсцы камуністаў. Тыя, што былі, уцяклі з бальшавікамі.
– Чым ты займаўся да вайны?
– Конюхам, калгасным конюхам быў.
– Ты ёсць камуніст! – раптам дзіка закрычаў афіцэр, і яго рука ў адно імгненне выхапіла з кабуры парабелум. Дула яго варожа і холадна глядзела мне проста ў твар. Я ўбачыў, што позірк немца скіраваны на сцяну, дзе вісеў партрэт Сталіна. “Усё – канец!” – маланкай пранеслася ў маёй галаве думка. І ў апошні момант здарылася тое, чаго я ніяк не чакаў. Дзверы хаты расчыніліся, і ў пакой зайшоў ён, Чэсь.
– Пан маёр, – адразу звярнуўся ён да даўгавязага фашыста, – гэта былы мой сусед Андрэй. Ён не камуніст…
Дула пісталета паволі апусцілася ўніз, халоднае вока смерці, якое прагна глядзела мне ў твар, знікла.
– А як гэта разумець? – злосна спытаў маёр, паказваючы рукой на партрэт.
Я па-ранейшаму стаяў моўчкі. Ад вялікага хвалявання не мог вымавіць ні слова. Ды і не ведаў, што адказаць. І тут зноў загаварыў Чэсь:
– Пан маёр, бальшавікі сілай прымушалі людзей вешаць дома партрэты сваіх кіраўнікоў. У кожнай хаце яны былі. Мой сусед проста забыўся зняць Сталіна са сцяны…
– Так-так, – забарабаніў пальцамі па стале афіцэр. – Значыць, калгасны конюх Андрэй не камуніст. Добра. А цяпер, матка, – звярнуўся ён да маёй маці, якая, перапалоханая да смерці, выглядвала з-за печы, – вы павінны нас накарміць. Нясіце на стол масла, яйкі, млека, шнапс…
Зноў Чэсь
Толькі пад самы вечар немцы з Чэсем пакінулі наш дом. Я застаўся адзін са сваімі думкамі. На душы было трывожна і цяжка. Што рабіць? Трэба хутчэй пакідаць вёску, інакш расстрэлу не мінаваць. Праўда, Чэсь яшчэ не ведаў, што я перад вайной уступіў у члены партыі. А можа, ён падасца з гітлераўцамі далей, на ўсход? А калі не? Я вырашыў прабрацца агародамі да старшыні сельсавета Івана Шкадзюка і папярэдзіць яго аб небяспецы. Толькі наблізіўся да хлява, як з вуліцы пачуўся вокліч:
– Андрэй, ты куды?!
Я аглянуўся. На наш двор зноў заходзіў Чэсь. Пахістваючыся на нагах, ён падышоў і, схапіўшы мяне загрудкі, моцна рвануў на сябе, і я ўпрытык убачыў поўныя лютасці яго вочы, скрыўлены нянавісцю і прагай помсты твар з дзікай усмешкай. Я ўпёрся ў яго грудзі рукамі, стараючыся адціснуць яго ад сябе, але ён не даўся. Раптам Чэсь штурхануў мяне назад так, што я ледзь устаяў на нагах.
– Гад ты, Андрэй, гад! – злосна прашыпеў Чэсь. – Вош ты паршывая… Навошта ў хаце партрэт бальшавіцкага фанатыка павесіў? Ведаю, да спадобы былі табе Саветы. Скажы дзякуй мне, гніда, што вось цяпер стаіш жывы. Каб не я, то куля сёння прадзіравіла б тваю дурную башку…
Чэсь раптам замаўчаў. Дастаў з кішэні пачак дарагіх нямецкіх цыгарэт, закурыў. Я бачыў, як нервова дрыжаць яго белыя рукі, а налітыя крывёю вочы глядзяць драпежна, па-воўчы.
– Вы ўсе тут думалі, – зноў загаварыў Чэсь, – што Крывухіна даўно Саветы ў турме згнаілі. Дудкі! Я своечасова адсюль збег… Аднак настаў і мой час. Цяпер усё маё жыццё – барацьба з бальшавікамі. Душа шчыміць, як гнілы зуб, ад нянавісці да іх, ад шалёнай смагі помсты. Літасці камуністам не дам. Я тут навяду парадак! І ў гэтай справе ты, Андрэй, мне дапаможаш. Ідзі ў хату і складзі спіс камуністаў, камсамольцаў, бальшавіцкіх актывістаў. Сюды ўключай і сем’і тых, хто ваюе супраць вялікай Германіі на фронце…
У гэты момант дзесьці на другім канцы вёскі пачулася стральба. Чэсь куляй выляцеў з двара на вуліцу. Я некалькі хвілін пастаяў ля хлява. Змяркалася. Трэба было хутчэй уцякаць, бо Чэсь зноў мог вярнуцца. Я наблізіўся да бульбоўніка, лёг у разору і папоўз да рэчкі, у кусты хмызняку. Там прысеў на пянёк, прыслухаўся. Навокал стаяла цішыня. Калі добра сцямнела, падаўся ў лес.
Густы яловы лес шумеў трывожна і глуха. Рыпелі, расхістаныя ветрам, старыя дрэвы. Ішоў я шпаркім крокам. Раптам спатыкнуўся і ўпаў на штосьці мяккае. Некалькі хвілін ляжаў нерухома. А калі рукі намацалі тое, што было пада мною, нібыта спружына, ускочыў на ногі, стралой сігануў убок. Прытаіўся за ствалом густой елкі. Было ціха, ніхто не адзываўся. І толькі цяпер да маёй свядомасці дайшло, што я ўпаў на труп чалавека. Свайго ці фашыста? Вярнуўся назад, запаліў запалку. На зямлі ляжаў забіты немец, а побач з ім – аўтамат. Абшукаўшы кішэні гітлераўца і пераканаўшыся, што там іншай зброі няма, я забраў аўтамат, адшпіліў сумку, набітую харчамі, і падаўся далей.
Адышоўшы кіламетры тры ў глыб лесу, зашыўся ў густы ельнік. Наламаў сабе пад бок сасновых лапак, лёг. Доўга ўслухоўваўся ў шум дрэў, непрыкметна заснуў.
У лясных салдат
Калі я прачнуўся, сонца ўжо ўзышло. Яго промні асвятлялі вершаліны дрэў. Незлічонае птушынае царства на розныя лады славіла прыход новага дня. Не верылася, што дзесьці грукочуць выбухі, паміраюць людзі. У маёй галаве мроіліся розныя думкі: што рабіць далей, дзе шукаць сваіх?..
Раптам да мяне данёсся нейкі шум. Я схапіў аўтамат, насцярожыўся. Чуваць быў трэск сухога ламачча. Хтосьці набліжаўся. Непадалёку ад мяне крокі заціхлі. Асцярожна расхіліў густыя лапкі ельніку і заўважыў ногі незнаёмца. Прыўзняў галаву і чуць не ўсклікнуў ад радасці. Гэта быў Васіль Ракуць, сакратар райкама партыі. У руках ён трымаў вінтоўку.
– Васіль Мікалаевіч! – усхвалявана паклікаў я і пачаў выпаўзаць са свайго сховішча. Падняўся на ногі, але перада мною нікога не было.
– А, Андрэй Сярдзюк! Напалохаў ты мяне, браток… – з такімі словамі Ракуць выйшаў з-за ствала тоўстай сасны. Мы прывіталіся. Разгаварыліся. Я ўсё расказаў пра сябе, пра немцаў і Чэся.
– Біць фашыстаў, здраднікаў, Андрэй, трэба. Знішчаць, як самую апошнюю гадзіну. Пытаеш, як ваяваць будзем? Далёка нікуды не пойдзем. Арганізуем партызанскі атрад. Будзем дзейнічаць у тыле ворага: пускаць пад адхон яго эшалоны, граміць гітлераўскія гарнізоны… Трэба, каб наша зямля гарэла пад нагамі акупантаў. Дарэчы, тут непадалёку знаходзяцца мае новыя сябры. Пайшлі, пазнаёмішся з імі.
Мы прайшлі яшчэ з паўкіламетра ў глыб лесу. На невялікай палянцы сядзела чалавек дваццаць. Некаторыя з іх былі ў вайсковай форме. Прымасціўшыся ля старога вялікага пянька, галіўся капітан. Да яго і звярнуўся Васіль Ракуць:
– Таварыш капітан, выпадкова сустрэў Андрэя Сердзюка. Ведаю яго даўно. Свой чалавек. Хоча прылучыцца да нас, ды і зброю ўжо мае…
– Капітан змерыў мяне цікаўным позіркам. Не закончыўшы галіцца, паклаў на пянёк брытву, сказаў:
– З акружэння мы вырваліся, таварыш Сярдзюк. Спачатку хацелі прабівацца да сваіх, але ўчора сустрэліся з Ракуцём. Ён, аказваецца, упаўнаважаны абкама партыі. Яму даручана арганізаваць партызанскі атрад. Як бачыце, пачатак ужо зроблены, – весела прамовіў капітан, паказваючы кіўком галавы на людзей, якія сядзелі непадалёку і прыслухоўваліся да нашай размовы. – Так што будзем біць фашыстаў.
Партызанскі атрад рос з кожным днём. Камандзірам мы абралі Міхаіла Сямёнава, камісарам – Васіля Ракуця, а начальнікам штаба – Пятра Молаша. Падтрымлівала нас і мясцовае насельніцтва, у кожнай вёсцы мы мелі сваіх людзей – сувязных. У хуткім часе пачалі ажыццяўляць розныя дыверсіі на варожых камунікацыях, узрываць шасейныя і чыгуначныя масты, пускаць пад адхон эшалоны з жывой сілай і тэхнікай акупантаў.
Першая ахвяра
Стаяла гарачае лета першага года вайны. У спякотныя дні руплівыя гаспадары спяшаліся ўправіцца са жнівом і своечасова звазіць у гумны цяжкія, набрынялыя важкім калоссем, снапы.
Язэп Шкадзюк радаваўся, што сёлета жніво правялі даволі хутка. Дзякаваць Богу, сыны яго, Іван і Сяргей, даўно жанатыя, падрастаюць і ўнукі. Аднаму з іх, Дзімку, ужо 16 гадоў. І ўсе жывуць разам, у адной хаце. Дзяліць няма чаго – гаспадарка невялікая. Не раскашуюць, але і не галадаюць – хлеб з мякінаю пасля Грамніц не ядуць, як некаторыя іншыя вяскоўцы.
Каб пракарміцца, і Язэп, і сыны, і нявесткі шчыруюць на зямлі да сёмага поту. Цяпер вось і Дзіма ўцягваецца ў нялёгкую сялянскую працу: бярэцца і за плуг, і за касу. А ўзімку малацьба на таку ішла ў чатыры цапы. Праўда, унук, памахаўшы цэпам з гадзіну, прыставаў, збіваўся з рытму. Язэп, шкадуючы хлопца, адпраўляў яго дапамагчы жанчынам па гаспадарцы: прынесці дроў або вады.
У 1939-м годзе прыйшлі бальшавікі і раздзялілі панскую зямлю. Вялікай сям’і Шкадзюкоў адмералі пяць гектараў добрага ворыва, і справы пайшлі лепш. Праўда, непакоіла нейкая няўпэўненасць. У вёсцы былі раскулачаны чатыры сям’і. Хадзілі размовы пра калгасы, у якія, маўляў, Саветы рана ці позна загоняць усіх сялян. Але пакуль ніхто іх сілай у тыя калгасы не заганяў. І ўсё ж у 40-м годзе арганізавалася невялікая сельгасарцель з самых бедных вяскоўцаў. Прырэзала ім новая ўлада добры кавалак былой панскай зямлі – багацейце! Аднак у каго не атрымлівалася гаспадарыць на сваёй зямлі, у таго нічога вартага не атрымалася і ў калектыве. І калі грымнула вайна, той калгас у момант разваліўся. Людзі жартавалі: “Хто за грыву, хто за хвост – расцягнулі ўвесь калхоз”.
Знаходзячыся ўбаку ад вялікіх дарог, Азяркі асабліва не адчувалі крывавага подыху ваеннай віхуры. Фронт адкаціўся далёка на ўсход. Гітлераўцы разы тры прыязджалі ў вёску. Правялі сход, прызначылі старасту, Мікіту Шчарбака, і пакінулі людзей у спакоі. Толькі вельмі непакоіла тое, што заўсёды з немцамі быў Чэсь Крывухін. А ад яго можна было чакаць усяго самага найгоршага.
…Язэп корпаўся на прыгуменні ў цяньку: змазваў дзёгцем колы ў драбінах – заўтра збіраліся вазіць снапы з узгорыстай Кругліцы.
– Язэп! Немцы коней забралі! – да яго подбегам накіраваўся сусед Даніла.
– Коней, якіх коней? – адразу не сцяміў Язэп.
– Ды нашых коней. Маю кабылу, твайго Каштана і яшчэ ў Юркі, Антося, Рамана…
– Пачакай, адкуль яны, гэтыя немцы, узяліся? – усё ніяк не мог даць веры Язэп.
– Прыехалі раніцай, зайшлі да Мікіты, а потым пайшлі на пашу. Ну і, вядома, лавілі лепшых. Цяпер вунь прывязалі да Мікітавага плоту, а самі пайшлі ў хату абедаць.
– Ах, ты! – Язэпа апанавала злосць чамусьці не на немцаў, а на Мікіту Шчарбака. – Усё выслужваецца, сволач…
– Кажуць, немцы з Залесся, з нейкай тылавой часці…
Язэп ужо не слухаў суседа, да яго нарэшце дайшоў страшны сэнс гэтых слоў: забралі каня… Яго Каштана, жвавага, разумнага прыгажуна, на якога з зайздрасцю паглядвалі аднавяскоўцы. Ён успомніў, як гады тры назад, пры паляках, асаднік Касуцкі, убачыўшы тады яшчэ зусім маладога Каштана, хацеў купіць яго. Не скупіўся – даваў узамен сівую рабочую кабылу і 200 злотых. Жонка таксама ўгаворвала:
– Язэпка, прадавай! Гэта ж столькі грошай! Ды і кабыла яшчэ не старая.
Язэп разумеў жонку. Пры іхнім несалодкім жыцці 200 злотых – цэлае багацце. Але ён не мог расстацца са сваім пестуном, якім так ганарыўся, і наадрэз адмовіўся прадаваць каня. На яго здзіўленне, пан Касуцкі, былы паручнік войска польскага, не пакрыўдзіўся, а нават пахваліў яго за такую вернасць. І вось цяпер яго Каштана забралі немцы.
Адкінуўшы бляшанку з дзёгцем у бок, Язэп накіраваўся на вуліцу. Даніла пацягнуўся следам за ім.
Ля Мікітавай хаты, пад старой ліпай, стаялі прывязаныя да плоту коні. Язэп, убачыўшы сярод іх Каштана, аж застагнаў. На другім баку вуліцы стаяла купка мужчын і жанчын – гаспадароў коней, і проста цікаўных. Язэп падышоў да іх і ўсклікнуў:
– Што ж вы стаіце, людзі?! Трэба ж нешта рабіць! Як гэта – забіраць коней у такі гарачы час?! Пайшлі прасіць – можа, аддадуць?
– Гэ, аддадуць… Ужо прасілі – сказалі, кампенсацыю выплацяць!..
– Што я іх кампенсацыю ў аглоблі пастаўлю! Не, вы як хочаце, а я пайду, – Язэп павярнуўся і рашучым крокам накіраваўся на падворак Мікіты.
– Не гарачыся, Язэп! – крыкнуў наўздагон Даніла. – Гэта ж немцы…
А Язэп ужо пераступаў парог Мікітавай хаты. Гаспадар і трое немцаў, у рашпіленых кіцялях, сядзелі за сталом, на якім стаялі дзве бутэлькі самагонкі і даволі багатая закуска.
– Ну, чаго табе, Язэп?! Ты што, не бачыш – паны афіцэры абедаюць? – да яго падскочыў Мікіта.
– Ды каня майго забралі… Хачу папрасіць, можа, аддадуць?
– Каня, каня… Не аднаго твайго забралі. Што ты хочаш – вайна. Немцы потым заплацяць за коней.
З-за стала падняўся тоўсты немец і, падышоўшы да іх, спытаў на польскай мове:
– Цо, пан, хцэ?
– Пан афіцэр, там яго конь, – Мікіта паказаў пальцам у акно.
– О, конь! Конь потшэбен велькай арміі фюрэра. Пан, розуме? Нех пан не пшежыва – атшымаш пінёндзэ.
– Але ж, пан афіцэр, мне конь патрэбен сёння.
– О, так! Розумем пана. Солтыс, – немец паказаў на Мікіту, – ютро дасць пану коня.
– Язэп! Я заўтра прывяду коней – немцы ўзамен даюць са сваёй часці.
– Ат, ведаю, якія там будуць коні! Іх трэба будзе паўгода адкормліваць, каб у воз запрэгчы…
– Но, досць! – абарваў іхні дыялог тоўсты немец. – Ідзь стэнд!
– Пане! – памкнуўся да яго зноў Язэп, але гітлеравец рэзкім рухам рукі паказаў на дзверы:
– Цурюк!
– Ідзі, ідзі, дурыла, табе што жыць надаела?! – пагрозліва зашыпеў на яго Мікіта.
Язэп у роспачы махнуў рукой і выйшаў на двор. Яго ахапіла невыносная крыўда на сябе, на каня, на вяскоўцаў. І гэтая крыўда пачала перарастаць у злосць да нахабных чужынцаў, да халуя Мікіты, да тых мужчын, якія стаялі воддаль і баяліся нават падысці да сваіх коней.
– Што гэта за жыццё такое?.. – шаптаў праз сціснутыя зубы Язэп. – У сябе дома, на роднай зямельцы, ты – ніхто. То палякі, то немцы… І для ўсіх ты чарвяк, якога можна растаптаць, знішчыць…
Ён падышоў да веснічак і, не азіраючыся, рашуча накіраваўся да коней. Каштан, пачуўшы гаспадара, падняў галаву і ціха заржаў. Дрыжачымі рукамі Язэп адвязаў повад, спрытна ўскочыў на каня.
– Хальт! – малады немец выскачыў праз акно, на хаду кляцнуў затворам снайперскай вінтоўкі.
Каштан, нібы адчуўшы небяспеку, паімчаўся галопам, падымаючы капытамі фантанчыкі пылу.
Немец прыпаў на калена і, прыцэліўшыся, стрэліў. Штосьці гарачае і вострае штурханула Язэпа ў спіну. Рука, што сціскала грыву каня, аслабла. Вуліца, хаты, дрэвы пачалі хіліцца і паплылі кудысьці ўверх.
Язэп упаў у цёплы, мяккі пясок. Цёплы пясок яго роднай вуліцы, па якому было так прыемна прайсці басанож, цяпер прагна ўсмоктваў ягоную гарачую кроў. Кроў першай, але не апошняй ахвяры вайны з невялікай вёскі Азяркі.
Вылюдак выслужваецца
Перад нямецкім камендантам мястэчка Залесся стаяў Чэсь Крывухін, камечачы шапку ў руках. Па яго твары распаўзалася кіслая, штучная ўсмешка.
– Пан камендант, у вёсцы Азяркі ёсць партызанскі сувязны, былы старшыня сельсавета Іван Шкадзюк. Да яго часта прыходзяць бандыты з лесу.
– Ты іх відаль? Когда? – на ламанай рускай мове спытаў камендант.
– Дзень назад. Дайце мне некалькі салдат, і я дастаўлю Шкадзюка сюды.
– Почему выдаёт нам руській? – усміхаючыся, пытае фашыст, адкінуўшыся на спінку канапы.
– Я, пан камендант, не рускі, я – паляк. Рускія мяне згнаілі б у турме, каб я своечасова не ўцёк. Я ўжо вам дакладваў… – гаварыў Чэсь басавітым голасам, стараючыся надаць яму больш мяккасці і лагоднасці.
– Карашо! Ты нам нужен. Ты карашо служыт фюрэру. Мы цебя делает начальнік паліцыя, – з гэтымі словамі камендант наліў Крывухіну кілішак каньяку. Вылюдак, нізка пакланіўшыся, выпіў і, пераступаючы з нагі на нагу, зноў пачаў:
– Пан камендант, трэба таксама арыштаваць Бурачка Адама, Бурачка Хведара, Праневіча Аляксея, Максіма Голуба… Усе яны бальшавікі, дапамагаюць партызанам, народ муцяць.
– Карашо! Ты составіт спісак всех, а мы іх – пуль-пуль…
Чэсь, зноў нізка пакланіўшыся, выйшаў, ужо ў каторы раз перабіраючы ў памяці ўсіх бальшавікоў і іх актывістаў, якіх меў намер занесці ў спіс. А камендант, паклікаўшы дзяжурнага, загадаў падрыхтаваць машыну з салдатамі.
Пад вечар аўтамашына выехала з мястэчка. У кабіне з шафёрам сядзеў афіцэр, а ў кузаве, сярод нямецкіх салдат – Чэсь Крывухін.
Першым заўважыў немцаў сын Івана Шкадзюка, Дзмітрый. Ён убег у хату і даволі гучна ўсклікнуў:
– Тата, немцы! Уцякай хутчэй!
– Ціха, не крычы так моцна! – выглянуўшы ў акно, сказаў бацька і тут жа панікшым голасам дадаў: – Позна ўжо.
Дзіма выскачыў у супрацьлеглае ад двара акно і схаваўся ля плоту ў густых кустах маліны, адкуль можна было назіраць за наваколлем. Салдаты, вылезшы з машыны, хутка акружылі хату. Чэсь падышоў да афіцэра і далажыў:
– Шкадзюк дома, ваша міласць. Выглядваў у акно. Сына яго таксама трэба забраць – такі ж вырадак, як і бацька. Усё роўна ў партызаны пойдзе.
Афіцэр, два салдаты і Чэсь зайшлі ў хату Шкадзюка.
– Хэндэ хох! – усклікнуў афіцэр.
– Дзе тваё шчанё? Давай яго сюды! – крычаў Крывухін, махаючы перад тварам Шкадзюка пісталетам.
– Няма Дзімы дома, – спакойна адказаў гаспадар. – Пайшоў у суседнюю вёску да сваякоў.
Немцы абшукалі ўвесь дом, хлеў, гумно, але ні зброі, ні Дзімы не знайшлі. Чэсь, выслужваючыся перад афіцэрам, сам звязаў Шкадзюку рукі і павёў з салдатамі да машыны, некалькі разоў ударыўшы рукаяткай пісталета па спіне і галаве.
Калі Чэсь з салдатамі падсажваў на машыну Шкадзюка, у якога былі звязаны рукі, Іван ціха сказаў здрадніку на вуха:
– Доўга ты, гад, не пражывеш… Хутка заплаціш за ўсё сваёй прадажнай скурай.
Ад гэтых слоў Крывухін аж аслупянеў, потым з сілай тузануў Шкадзюка на машыну і ўскочыў сам. З перакошаным ад злосці тварам ён ударыў Івана нагой і прашыпеў:
– Пракляты бальшавік, хутка ты ў мяне па-іншаму загаворыш.
У засценках гестапа
Івана Шкадзюка зноў павялі на допыт. На гэты раз ён апынуўся ў знаёмым кабінеце, куды неаднаразова прыязджаў перад вайной да старшыні райвыканкама. За сталом сядзеў лысы фашыст і, уткнуўшыся ў паперы, штосьці пісаў. На яго гарбатым носе паблісквалі акуляры.
Адарваўшыся ад работы, немец паглядзеў на Шкадзюка, закурыў, падняўся з-за стала. Стараючыся прыдаць свайму твару ветлівую ўсмешку, а голасу – ласкавае адценне, сказаў:
– Перш за ўсё я прашу прабачэння за тое, што мае людзі не вельмі далікатна абышліся з вамі. Нічога не зробіш – служба. Дрэннага мы вам у далейшым не прычынім, не бойцеся. Але і вы абавязаны нам дапамагчы.
Гестапавец зноў сеў і, абапіраючыся аб край стала, прамовіў:
– Нам вядома, што вы працавалі старшынёй сельсавета, а цяпер цесна звязаны з партызанамі. Вы павінны расказаць нам, дзе знаходзіцца лагер бандытаў, колькі іх там, як яны ўзброены. Пасля гэтага мы вас адпусцім.
Шкадзюк падумаў крыху і адказаў:
– Нічога я не ведаю.
– Можа, цяпер будзеш больш згаворчывы? – рука гестапаўца рэзка ўзнялася ўверх, і металічны прут са свістам апусціўся на галаву Івана. Гарачая кроў струменьчыкам пацякла па шчацэ. Удар, яшчэ ўдар… Падаючы на падлогу, Шкадзюк бачыў перакошаны ад злосці твар фашыста, яго налітыя крывёю вочы. І тут жа страціў прытомнасць.
Яго зноў кінулі ў цёмны падвал. Моцна ныла пабітае цела. Пераадолеўшы боль, Шкадзюк сеў. Пахла гніллю і сырасцю. У кутку ляжаў ахапак саломы. Іван з цяжкасцю дапоўз да яго, лёг, доўга ўслухоўваўся ў піск і шоргат пацукоў, якія смела бегалі побач…
Прачнуўся ад рэзкага святла, якое біла з адчыненых дзвярэй, і злога воклічу:
– Шкадзюк, на допыт!
І вось зноў той самы кабінет. Зноў гэты ненавісны твар гестапаўца.
– Учора, Іван, ты паводзіў сябе не так, як трэба. Але яшчэ не позна, усё можна паправіць.
Фашыст дапытліва глядзеў на Шкадзюка і няспынна бубніў:
– Нам усё вядома. Вядома, дзе знаходзіцца партызанскі лагер, у які ўцяклі і твой сын, і твой брат. Ты толькі павінен гэта пацвердзіць…
– Гаварыць я нічога не буду, – перабіваючы немца, сказаў Іван. – Дарэмна стараецеся.
Зноў паўтарылася ўчарашняе. Білі, аблівалі вадой, зноў білі…
Так прайшоў цэлы тыдзень. Івана Шкадзюка нельга было пазнаць. Перабітая рука вісела… Усё цела пасечана, раны гнаіліся, у іх ужо варушыліся чарвякі.
На апошнім допыце гестапавец раптам загаварыў па-іншаму. Ці то ён быў здзіўлены мужнасцю чалавека, ці то задумаў нейкую хітрасць, бо сказаў:
– Слухай, Іван, я дарую табе жыццё. Больш таго – адпраўлю цябе ў Германію. Будзеш там жыць так, што табе нават і не снілася.
З нянавісцю глянуўшы на фашыста, Шкадзюк у каторы раз прамовіў адны і тыя ж словы:
– Нічога не ведаю…
Цёмная ноч. Машына спынілася за мястэчкам Залессе, ля мясцовых могілак. У апошнія моманты жыцця ўдыхаў Іван Шкадзюк паветра, з болем глядзеў у роднае неба. Як ён зайздросціў цяпер гэтым мірным вольным воблачкам!..
Грымнуў стрэл – Шкадзюка не стала. Абурана шумеў у кронах дрэў парывісты вецер, нібы клікаў да помсты.
Расплата
Жыццё ў партызанскім лагеры ішло сваім распарадкам. Дзіма Шкадзюк, прымасціўшыся непадалёку ад кухні, чысціў вінтоўку. Побач сядзеў дзядзька Сяргей і, зацягваючыся самасадам, павучальна гаварыў:
– Любі, сынку, зброю, яна – што маці родная. Будзеш пра яе клапаціцца – яна ніколі не падвядзе…
– Немцы ў лесе! – раптам разнеслася па наваколлі трывожная вестка. Усе замітусіліся і тут жа пачуўся спакойны голас камандзіра Сямёнава, які аддаваў загады:
– Не хвалюйцеся, не падымайце лішняга шуму. Жанчынам і дзецям пераходзіць у запасны лагер. Байцам заняць зыходныя пазіцыі, будзем абараняцца.
Прайшло некалькі мінут напружанага чакання. І вось паказаліся шэрыя фігуры. Яны перабягалі ад дрэва да дрэва. Вось ужо добра бачны і твары гітлераўцаў, іх злосныя, як у галодных ваўкоў, вочы.
– Па фашысцкіх вылюдках – агонь!
Дружны залп партызан спыніў рух немцаў. На нейкі момант яны разгубіліся, пападалі на зямлю, схаваўшыся за дрэвы і кусты. Неўзабаве зноў узняліся, пайшлі ў атаку. Завязаўся цяжкі бой.
Дзіма Шкадзюк ляжаў за тоўстай сасной і, старанна прыцэльваючыся, пасылаў кулю за куляй па ворагу. Глянуўшы ў бок, ён убачыў, як началькік штаба Пётр Молаш неяк незвычайна ўздыхнуў, ткнуўся тварам у траву, заціх.
– Таварыш лейтэнант! – першай думкай Дзмітрыя было кінуцца да начальніка штаба, дапамагчы яму. Але некалькі партызан тут жа забралі параненага і панеслі яго ў глыб лесу.
Лютая нянавісць да ворагаў яшчэ мацней успыхнула ў сэрцы юнага байца. Ён пачаў цэліцца яшчэ лепш. “Вырадкі! Гэта вам за кроў бацькі, а гэта – за кроў дзеда…”
Цяжкі, няроўны бой працягваўся ўжо гадзіны дзве. Фашысты вераломна лезлі ўперад. Партызаны адчайна супраціўляліся.
– Нам бы, таварышы, яшчэ з паўгадзіны пратрымацца, – гаварыў камандзір Сямёнаў. – Вось-вось павінны падысці на дапамогу партызаны з суседняга атрада імя Кірава.
Неўзабаве, сапраўды, прыбыло падмацаванне. Партызаны павесялелі, дружна ўдарылі па гітлераўцах з розных відаў зброі. Вораг пачаў адступаць.
Ужо змяркалася, калі народныя мсціўцы, праследуючы немцаў, выгналі іх з лесу. І тут хтосьці крыкнуў:
– Глядзіце, вунь з групай фашыстаў адыходзіць Чэсь Крывухін.
– Здрадніка ўзяць жывым! – загадаў Сямёнаў.
Крывухін, нізка прыгінаючыся да зямлі, уцякаў. Ён ніколі не думаў, што партызаны так моцна ўзброены, што давядзецца ганебна адступаць. “Што скажа мне камендант? Гэта ж мая ідэя была: разграміць лагер лясных бандытаў. Вядома, па галаве не пагладзіць. Тым больш што з двухсот немцаў і паліцэйскіх у жывых засталося менш палавіны”, – з такімі невясёлымі думкамі Чэсь дабег да нейкага хутара. Схаваўся за сцяну, пачаў аддыхвацца, засунуў у кішэню пісталет, выцер рукавом узмакрэлы ад поту твар. Раптам з-за вугла перад самым яго носам паявіўся чалавек з аўтаматам і злосна загадаў:
– Рукі ўгару, здраднік!
“Партызаны!” – мільганула ў галаве думка. Інстынктыўна ўдарыўшы знізу ўверх па аўтамату, Крывухін кінуўся ў кусты. У тры скачкі ён дасягнуў іх, ірвануў пісталет з кішэні. Але быццам з-пад зямлі паявілася новая фігура чалавека з аўтаматам. А ззаду па правай руцэ вышэй локця хтосьці стукнуў нечым цвёрдым так, што канечнасць знямела і выпусціла пісталет. Азірнуўшыся, Чэсь убачыў каля сябе трох чалавек са зброяй. Ён зразумеў, што трапіў у пастку партызан і жывым з яе яму не выбрацца.
Пачуццё страху, прага да жыцця ахапілі вылюдка. “А можа, просцяць?” – падумаў Крывухін і ўпаў на клені з паднятымі рукамі, а потым паваліўся народным мсціўцам у ногі. Партызаны, суровыя, грозныя, моўчкі стаялі вакол здрадніка. А ён, поўзаючы па зямлі, стараўся пацалаваць іх ногі.
Гэтую сцэну перарваў Сямёнаў:
– Хопіць, сволач, поўзаць, што, не налізаўся яшчэ нямецкіх ботаў?..
– Колькі за кожнага нашага чалавека плацілі табе немцы? – спытаў камісар атрада Васіль Ракуць.
Аднак Крывухін працягваў сваё:
– Людцы, даруйце, памілуйце. Буду служыць вам, як сабака…
– Колькі, гад, за майго бацьку атрымаў ад немцаў? Добра, відаць, заплацілі? – тыкаючы ствалом вінтоўкі, амаль крычаў Дзіма Шкадзюк.
– Устаць! – уладна загадаў Сямёнаў і пхнуў Крывухіна нагой.
Падняўшы Чэся за шыварат, партызаны павялі яго да тарфяной ямы. Здраднік ішоў, упіраючыся і трасучыся ўсім целам, нібы ў ліхаманцы, працягваючы штосьці мармытаць. Нельга было зараз у ім пазнаць таго Крывухіна, які арыштоўваў людзей, а потым разам з немцамі іх дапытваў і здзекваўся, цешачыся сваёй уладай над ахвярамі.
– Ад імя народа і Радзімы па здрадніку – агонь! – скамандаваў Сямёнаў.
Партызаны кінулі цела вырадка ў яму і засыпалі тарфакрошкай. Потым адзін за другім падышлі да болотнай вады, моўчкі памылі рукі, закурылі…
Замест эпілога
Бацька закончыў свой расказ. Мы некаторы час сядзелі моўчкі. Я быў моцна шакіраваны пачутым. Потым спытаў:
– А якое, тата, усё гэта мае дачыненне да сённяшняга дня?
– Справа ў тым, што ўчора, праводзячы меліярацыйныя работы, экскаватарам вырылі труп чалавека. Па чэрапу, у якім было шмат залатых зубоў, устанавілі, што гэта астанкі Чэся Крывухіна. Вось тут усё і пачалося…
– Што пачалося?
– Вестка гэтая хутка разнеслася па вёсцы, дзе, мусіць, няма той сям’і, у якой бы вайна не забрала чыёсьці жыццё. Вось і загаласілі жанчыны – маці, удовы, праклінаючы вайну, Крывухіна. Дарэчы, толькі ў Азярках Чэсь выдаў немцам 25 чалавек, якія былі звязаны з партызанамі, ці з’яўляліся савецкімі актывістамі. Усіх іх, вядома, расстралялі.
Што ж, цяпер я ўсё зразумеў: да сённяшняга дня мае землякі жылі спакойна, вырашаючы свае праблемы, працавалі, выхоўвалі дзяцей… І раптам іх звычайныя будні парушыла рэха вайны. Рэха ў асобе былога здрадніка, вырадка… Пачаліся ўспаміны, аповеды пра трывожныя дні ваеннага ліхалецця. Вёска ўзбударажылася, праклінаючы вайну, фашыстаў і іх прыхвасняў, аплакваючы родных і блізкіх, жыццё якіх абарвалася заўчасна і было прынесена на алтар будучай Перамогі.
Світала. Ва ўспамінах, гутарцы мы не заўважылі, што настаў новы дзень. Яго прыход віталі бесперапынныя песні пеўняў. А навокал круціла майская мяцеліца. Засыпала вішнёвым белым кіпенем двор, агарод. Цвілі сады. Жыццё працягвалася…
Аляксей СЯРГЕЙ,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў