Мінуў год, як заўчасна абарвалася жыццё Юрыя Блінова – беларускага віртуоза-піяніста, якому апладыравалі аматары класічнай музыкі ў лепшых залах свету. Сімвалічна, што яго сэрца перастала біцца за некалькі метраў да фінішу падчас забегу ў паўмарафоне (21 км) у Гомелі. Ён пражыў толькі 43 гады, якія былі падобны на марафон: Юрый Бліноў увесь час спяшаўся паспець ажыццявіць задуманыя праекты, ідэі, планы.

У Драгічын – хоць пешшу

Два гарады, Драгічын і Мінск, – раўназначныя для Блінова па сваім уплыве. У палескім горадзе, дзе жыла любімая бабуля Ганна Карпаўна Луцэвіч, Бліноў нарадзіўся, як, дарэчы, і яго малодшы брат Гаўрыіл. Ужо ў раннім дзяцінстве ў хлопчыка праявілася незвычайная цяга да музыкі. Любімым заняткам было слуханне радыё і вінілавых пласцінак. Асабліва падабалася яму песня «День Победы». Не вымаўляючы як след некаторых гукаў, ён ужо тады многа спяваў. З часам станавілася відавочным: у Юрыя ёсць музыкальныя здольнасці, якія былі ўласцівы яго продкам па бацькоўскай і мацярынскай лініях. Добрым музычным слыхам валодалі і драгічынская бабуля Ганна, і дзед Юрый з расійскай Вяткі, у гонар якога, дарэчы, быў названы Юрый Бліноў. Прабабуля з бацькоўскага роду Лукія Акілаўна (родам з Урала) была рэгентам у царкоўным хоры. Тое, што гэта ўнікальны музычны дар, як сцвярджае Ларыса Гаўрылаўна Луцэвіч – маці Юрыя Блінова, стала зразумела крыху пазней.

З трох да чатырох год маленькі Юра жыў разам з бабуляй у Драгічыне, ці Дарагічыне, як называлі яго старыя жыхары. І гэты маленькі і ўтульны гарадок быў вельмі дарагім сэрцу Юрыя Блінова. Ён жа лічыў сябе найперш палешуком. Кожнае лета на школьныя канікулы разам з братам прыязджаў да бабулі, якая чакала сталічных унукаў, а таксама многае ім дазваляла. Ларыса Гаўрылаўна часам рабіла заўвагі, на што бабуля катэгарычна адказвала: «Бацькі ёсць у дзяцей, каб іх выхоўваць, а бабулі – каб балаваць». Таму дзецям-Бліновым карцела ў Драгічын, куды б яны, як расказвае маці, згадзіліся б пайсці, напэўна, нават пешшу.

Пазней, ужо будучы дарослым, у Драгічын музыкант прыязджаў перад адказнымі канцэртамі. Цішыня, спакой, палеская аўра настройвалі Юрыя на патрэбны лад. Не менш важнымі былі іншыя «вітаміны»: мудры позірк, ласкавая ўсмешка, бабуліны развагі і парады. Дарэчы, сувязь Ганны Карпаўны з Юрыем невытлумачальная. Калі жанчына памерла, унук-піяніст быў на конкурсе ў Польшчы. Яму ніхто не паведамляў аб яе смерці. Прыехаўшы з-за мяжы, Юрый заспеў маці ў калідоры. «Я ўсё ведаю», – скрушна прамовіў ён.

Суперздольнасці

У сярэдняй школе з музычным ухілам, куды Юрый пайшоў у першы клас, маладая настаўніца музыкі неяк прызналася маці: «Вашаму сыну патрэбны іншыя педагогі. Ён вельмі адораны ў музыцы». Маці адвяла яго на праслухоўванне, і з другога класа Юрый Бліноў займаўся ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Такім чынам у яго жыцці з’явіліся высокапрафесійныя педагогі: спачатку Інэса Іванаўна Барташэвіч, потым Людміла Сяргееўна Шэламенцава.

Дзякуючы добра развітаму аналітычнаму мысленню, Юрый таксама мог дасягнуць вялікіх поспехаў у матэматыцы. У пятым класе настаўніца раіла бацькам паказаць сына ў школе №50 г. Мінска, дзе на павышаным узроўні вывучаліся дакладныя дысцыпліны. Юрый быў непахісны: «Музыка – гэта маё жыццё».

Яшчэ падчас вучобы ў школе пачынаецца яго канцэртная дзейнасць. У 1986 годзе ён выканаў 2-і фартэпіянны канцэрт Д. Шастаковіча ў Вялікай зале Ленінградскай філармоніі з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам БССР пад кіраўніцтвам Юрыя Яфімава. А ўвогуле, у жыцці піяніста канцэртаў і конкурсаў, якім папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка, часам па 8-10 гадзін у дзень, была незлічоная колькасць. Аднак у яго музычнай біяграфіі асобнае месца займаюць Усесаюзны конкурс вучняў спецыялізаваных музычных школ у Тбілісі (пятае месца); Першы міжнародны конкурс у гонар Сяргея Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу (пераможца, 1992); гастролі ў Японіі па запрашэнні аднаго з членаў журы конкурса Пракоф’ева (1993); конкурс у Пекіне (1999), пасля якога яму прапанавалі стажыроўку ў Амерыцы; сольны канцэрт у рэзідэнцыі губернатара штата Юта для ганаровых гасцей Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці; сольны канцэрт у 2006 годзе ў камернай зале Карнэгі-Хол; сольныя імпрэзы і выступленні з аркестрамі Расіі, Еўропы і Амерыкі; міжнародныя конкурсы і фестывалі.

Амерыка дала ўпэўненасць

Перад тым, як паехаць у ЗША, Юрый Бліноў скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру, працаваў нейкі час салістам філармоніі. Пабываў з канцэртамі ў многіх беларускіх гарадах і музычных школах, а таксама ў Расіі. Пасля быў плённы амерыканскі перыяд. Юрый Бліноў пражыў там з 2000 па 2009 год. Спачатку стажыраваўся ў Тэхасе, пасля вучыўся ў дактарантуры знакамітай Істмэнскай школы музыкі, дзе абараніў ступень доктара музычных мастацтваў.

Амерыка надала Юрыю дадатковую ўпэўненасць у сваёй выключнасці як музыканта і кампазітара. Харызма, прафесіяналізм Блінова, яго артыстызм прываблівалі многіх музыкантаў, у яго з’явілася вялікая колькасць сяброў сярод калег у розных краінах свету. Ён удзельнічаў разам з імі ў імпрэзах у шматлікіх замежных краінах, арганізоўваў іх канцэрты ў Мінску. Быў аўтарам, арганізатарам і ўдзельнікам вялікай колькасці розных тэматычных канцэртаў і фестываляў.

Юрый Бліноў шчыльна сябраваў са спортам, які, з аднаго боку, разгружаў ад шалёных нагрузак у прафесійнай музыцы, з другога – натхняў на стварэнне музычных твораў на спартыўную тэматыку. Так з’явіўся цыкл п’ес «Дэкатлон», прысвечаны беларускаму дзесяціборцу Андрэю Краўчанку – срэбранаму прызёру Алімпіяды-2008, канцэрт для фартэпіяна, струннага аркестра і свістка «Concerto-Krooso», прысвечаны нямецкаму футбалісту Тоні Кросу, музычная п’еса ў гонар футбольнага клуба «Крумкачы», сузаснавальнікам якога ён стаў у 2018 годзе.

Што ж да прафесіяналізму, Юрый быў выбітным піяністам: у яго рэпертуары болей трыццаці канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам, а пералік выконваемых ім сольных твораў займае пяць старонак дробным шрыфтам. Ён быў лаўрэатам многіх конкурсаў і сапраўдным даследчыкам музычнай класічнай спадчыны, напісаў шэраг навуковых даследванняў, кансультаваў вучняў і калег. Па словах маці, Ларысы Гаўрылаўны, яго кумірамі ў музыцы былі Бетховен, Брамс, Шапэн, Пракоф’еў, Рахманінаў, Скрабін, Равель і іншыя кампазітары. З беларускіх маэстра асабліва любіў Анатоля Багатырова, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага. Аднойчы пранікнёнае выкананне Бліновым сімфоніі Смольскага для фартэпіяна з аркестрам высока ацаніў сам Дзмітрый Браніслававіч: «Юра, вы ігралі лепей, чым я напісаў. Дзякуй!».

За перамогу ў конкурсе ў Штатах у якасці прыза наш слынны зямляк атрымаў чорны раяль фірмы Стэнвэй. Яго Юрый Бліноў так і не паспеў забраць на радзіму. Ды колькі такіх «планаваў, але не паспеў»! Ён хацеў напісаць оперу «Ладдзя роспачы» па творы Уладзіміра Караткевіча, думаў арганізаваць у сваёй новай кватэры студыю, дзе планаваў навучаць дзяцей і ладзіць хатнія канцэрты, у родным Драгічыне марыў паставіць помнік Элізе Ажэшка ля бібліятэкі ды закласці платанавы парк у раёне другой гарадской школы, а яшчэ хацеў высадзіць магноліі каля новай царквы, што будуецца ў гонар нябеснай заступніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай…

Хаця адну з такіх мар ён усё-такі ажыццявіў – заснаваў міжнародны конкурс маладых музыкантаў «Палескі агеньчык» у Драгічыне. Пры жыцці Юрыя Блінова, які быў арт-дырэктарам «Палескага агеньчыка», ён быў праведзены тройчы. На драгічынскай сцэне выступіла больш за пяцьсот юных музыкантаў з трыццаці чатырох краін свету. У якасці журы там пабывала шмат слынных у свеце музыкі асоб з Беларусі, Германіі, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Эстоніі.

Акрамя думак пра музыку, мастацтва, Юрый Бліноў вельмі любіў збіраць баравікі, мог правесці займальную экскурсію па зорным небе, прафесійна прадказваў надвор’е, чытаў як класічную, так і сучасную беларускую, замежную прозу і паэзію, бегаў марафоны, многа фатаграфаваў, запякаў на Новы год качку, пісаў вершы і апавяданні, любіў катоў, збіраў запісы класічнай музыкі і паштоўкі беларускіх гарадоў, на першага красавіка дасылаў знаёмым смешныя анкеты, а яшчэ часта паўтараў маці, што яна самая лепшая ў свеце…

«Мы ўсё жыццё беглі разам»

Матулі было прысвечана многае ў яго жыцці. Ларыса Гаўрылаўна была першым слухачом, галоўным крытыкам і матыватарам, сябрам, прадзюсарам, суцяшальнікам, настаўнікам па жыцці. Яна ведала ягоныя парывы душы і клопаты, жыла і падзяляла творчыя сынавы задумкі…

«Мы былі адным цэлым», – расказвае маці, якую сын іншым разам ласкава называў «Мурык». Справа ў тым, што і Юрый, і маці, і родны брат па гараскопе Львы, якія, як вядома, з роду каціных. Нават у тэлефоне, калі з Юрам здарылася бяда, міліцыянеры, знайшоўшы Мурыка, не падумалі, што гэта і ёсць самы важны чалавек у жыцці Блінова, таму пазванілі жонцы Анастасіі. У шлюбе з ёю нарадзіўся адзіны любімы сын Юрыя Блінова – Міраслаў, які на наступны год пойдзе ў школу. Якую сцежку ў жыцці абярэ Міраслаў – рана думаць, але тое, што ён наследаваў музычны талент – бясспрэчная ісціна. Не выключана, ён ажыццявіць нешта з таго, што не паспеў яго геніяльны бацька.

Аднойчы з Амерыкі Юра прывёз духі «Прывід оперы». Водар прыйшоўся маці даспадобы. Але спачатку было: «Мурык, глядзі, што я табе прывёз!». Пасля кожнага канцэрта першай фразай за кулісамі была: «Ну як?». Ларыса Гаўрылаўна, якая працуе ў сферы ІТ, таксама была самаадданай сыну: «Ён «бег» і я з ім». Хаця часам дакарае сябе за тое, што не стрымала, не спыніла сына. І ў той жа момант разумее, што ён не мог па-іншаму. Гэта было яго жыццёвым крэда, наканаваннем, лёсам.

Прарочыя прадчуванні

За два дні да Юравай смерці Ларыса Гаўрылаўна прысніла сон, які аказаўся прарочым: у вобласці сэрца яна нібыта адчувала спачатку невыносны боль, а потым там з’явілася незагойная рана. На экалагічным марафоне ў Гомелі, 21 красавіка мінулага года, медыкі амаль гадзіну безвынікова праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы Юрыю Блінову, які ўпаў за пяць метраў да фінішу. Але сэрца зорнага піяніста сцішылася назаўжды.

Пасля некаторага часу Ларыса Луцэвіч, разбіраючы сынавы запісы, знайшла вельмі інтымны па сваім характары верш, напісаны яго каліграфічным почыркам недзе год таму. У ім – прадчуванне заўчаснага канца свайго неардынарнага, багатага на цікавыя падзеі, сустрэчы, падарожжы жыцця. Яркага жыцця вялікага чалавека, памяць пра якога будзе прыкладам і нязгасным агеньчыкам для нашчадкаў, таму што прозвішча Бліноў – гэта ўжо беларускі музычны брэнд.

«Пакінь мне кавалак «Кіеўскага»

Апошні дзень Юрыя Блінова, які ён правёў дома, быў падобны на іншыя. Захварэў Міраслаў, і ён адвёз яму лекі, адмяніліся заняткі з кітайскай вучаніцай, ён пазаймаўся сам, крыху адпачыў і паехаў на сустрэчу са сваімі сябрамі-паэтамі. Пасля па тэлефоне ён паведаміў маці, што ўвечары едзе ў Гомель, дзе з камандай «Крылы анёлаў» 21 красавіка ён будзе ўдзельнічаць у экалагічным забегу. Быў, па-праўдзе, не ў стопрацэнтнай фізічнай форме – за тыдзень да гэтага перахварэў на прастуду.

Вечарам нават гарбаты не папілі з любімым тортам – «Кіеўскім», які прывёз Юра. Ад’язджаючы, ён папрасіў у маці: «Пакінь мне крыху, прыеду з Гомеля – даем». Ён спяшаўся адказаць на пісьмы, яна – збірала сына ў дарогу.

Яшчэ разам абмеркавалі бліжэйшыя планы: 29 красавіка былі намечаны «Маладыя віртуозы» ў канцэртнай зале «Верхні горад», у пачатку мая – праслухоўванне ўдзельнікаў на конкурс «Рускай музыкі», у сярэдзіне мая – канцэрт і майстар-класы ў Парыжы, 23 мая – канцэрт з цыклу «Усе санаты Пракоф’ева» ў Гомелі, афішу для якога падрыхтаваў сам Бліноў і які, праз ягоную смерць, так і не адбыўся.

На дзявяты дзень пасля таго, як Юры не стала, прайшоў канцэрт цыкла «Маладыя віртуозы», прысвечаны яго памяці – Юрый Бліноў быў аўтарам гэтага праекта. Піяніст, кампазітар, ён на працягу некалькіх гадоў збіраў вакол сябе таленавітых юных музыкантаў, даючы тым самым магчымасць паверыць ім у свае сілы, адчуць падтрымку старэйшага калегі, падпітацца яго творчай энергіяй. Сэрца Майстра спынілася назаўжды, але музыка ў памяць пра яго будзе гучаць так, як ён запланаваў сам, – у выкананні «маладых віртуозаў Беларусі». Апошняй з блізкіх сяброў, з кім размаўляў Юрый у суботу, 20 красавіка, на чыгуначным вакзале, была Наталля Котава-Громава – салістка Белдзяржфілармоніі, лаўрэат шматлікіх прэстыжных прэмій, аднакласніца, калега.

21 красавіка 2019 года Юрый Бліноў адышоў у вечнасць.

Ён быў…

Наталля Котава-Громава – салістка Белдзяржфілармоніі, аднакласніца, калега: «Асабістае знаёмства з Юрыем адбылося, калі я ў 9-м класе прыйшла ў ССМШ пры БДзК. Найперш здзіўляла фантастычная, у тым ліку музычная, памяць Юрыя. Часта на занятках практыкаваліся так званыя музычныя «дыктоўкі-маланкі», калі педагогам ігралася мелодыя на інструменце (фартэпіяна), а мы, вучні, павінны былі гэтую мелодыю напісаць нотамі. У гэтай, як і ў многіх іншых справах, Юрый Бліноў быў несумненным лідарам. Затым мяне захапляла яго «сквапнасць», у добрым сэнсе гэтага слова, да жыцця і розных яго праяў. Юрый цікавіўся метэаралогіяй і літаратурай, спортам і мастацтвам. Ён на дзіва выдатна паспяваў сябе праявіць у розных іпастасях. Безумоўна, ён быў шчодрым чалавекам. Сведчаннем гэтай якасці ў Юрыя з’яўляецца і заснаваны ім конкурс юных талентаў у Драгічыне «Палескі агеньчык», і супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі, і яго гатоўнасць падтрымаць розныя праекты, ідэі знаёмых яму людзей. Лічу, што не будзе перабольшваннем, калі скажу, што Юрый Бліноў быў як бы на прыступку вышэй як па сваіх дасягненнях, так і па магчымасцях за нас – музыкантаў. І яго заўчасная смерць – велізарная страта не толькі для беларускага, але і сусветнага музычнага мастацтва».

Наталля МЕЧНАЯ
Фота з архіва сям’і Юрыя Блінова