spot_img

ПАКЛАПАЦІЛІСЯ ПРА СЕЛЬСКІХ ПЕРАДАВІКОЎ І ВЕТЭРАНАЎ

Дата:

Многае ў нашым жыцці – у тым ліку, і дабро – вяртаецца. Таму, ад каго яно сыходзіць. І ў гэтым пераконвалі жыццёвыя гісторыі розных людзей – і пажылых, і маладзейшых, якіх я наведала разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Святланай Уладзіміраўнай Барташ і бухгалтарам гэтай грамадскай структуры Святланай Васільеўнай Дуньковіч. Яны ехалі з мэтай павіншаваць вяскоўцаў з майскімі святамі і ўручыць земляробам падарункі, а  ветэранам вайны і працы – прадуктовыя наборы. І людзі з задавальненнем адрываліся ад звыклых спраў, каб пагутарыць аб сваім жыцці-быцці.

У Брашэвічах заязджаем да Івана Ула-дзіміравіча Труша, узрост якога набліжаецца да 100 гадоў. Ён быў прызваны служыць у польскую армію, і Вялікая Айчынная вайна застала яго на тэрыторыі Польшчы. “Многа ліха зведаў, але ж застаўся жыць”, — кажа наш суразмоўнік. Ён ужо зусім дрэнна бачыць, і прызнаецца, што трымаецца на гэтым свеце дзякуючы штодзённым клопатам сваёй жонкі, якая на дзесятак гадоў маладзей за яго, і разам з якой выгадавалі дзяцей, унукаў, дачакаліся праўнукаў. “І дзякуй Богу, што столькі ўсяго перажылі, столькі ўсяго зрабілі, і да гэтай пары на нагах трымаемся”, — у адзін голас гавораць, праводзячы нас, і гаспадар, і гаспадыня вясковай сям’і.

Нягледзячы на перажытае ліхалецце, аптымістам застаецца і Мікалай Іванавіч Сакалоўскі з вёскі Гумнішча. На вайну ён пайшоў у жніўні 1944, удзельнічаў у вызваленні Польшы, фарсіраваў Одэр, амаль дайшоў да Берліна і незадоўга да Перамогі быў цяжка паранены. За салдацкую адвагу і мужнасць франтавік узнагароджаны ордэнам Славы III ступені і многімі медалямі.

Пасля вайны салдат Сакалоўскі прадоўжыў службу, і несці яе ён пажадаў на армейскай канюшні, бо вельмі ж любіў жывёлу. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся дадому, ажаніўся і больш за трыццаць гадоў адпрацаваў у тутэйшым калгасе пастухом. Мікалай Іванавіч займаўся справай, да якой ляжала яго душа – даглядаў жывёлу, плёў кашы, гаспадарыў на зямлі. Ён жыў у суладнасці з блізкімі і са сваімі жыццёвымі  перакананнямі, за што, пэўна, і атрымаў сваю самую галоўную ўзнагароду – доўгае жыццё ў сямейнай пары.

Віншаванне ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымаў і былы франтавік Уладзімір Паўлавіч Пракаповіч, які жыве з жонкай у Вульцы Брашэвіцкай. А ў полі Святлана Уладзіміраўна і  Святлана Васільеўна ўручылі падарунак механізатару Генадзю Пятровічу Капуза і іншым сумленным земляробам СВК “Брашэвічы”.

У суседняй гаспадарцы – СВК “Імянінскі” – прафсаюзныя актывісты пабывалі на ўчастку, дзе працаваў на “Джон-Дзіры” Вячаслаў Аляксандравіч Клапаць. Ён расказаў, што жыве з сям’ёю ў вёсцы Дзераўная. Разам з жонкай – настаўніцай сельскай школы – выхоўваюць дваіх дзяцей.

Цяпер, у час пасяўной, каб па максімуму задзейнічаць энерганасычаную тэхніку, Вячаслаў Аляксандравіч працуе пазменна з напарнікам, сваім жа аднавяскоўцам Алегам Мікалаевічам Марозам. Па працоўнаму распарадку іх рабочы дзень доўжыцца з 6 гадзін раніцы і да 10 вечара. Але калі поле добрае ці трэба закончыць участак, каб не вяртацца сюды на наступны дзень, то затрымліваюцца на рабоце і да поўначы.

Яшчэ да арміі прыйшоў працаваць у кааператыў Сяргей Мікалаевіч Цімашук. Адслужыўшы, вярнуўся ў родныя мясціны,  на сваё ранейшае рабочае месца. Потым ён ажаніўся, атрымаў добраўпарадкаванае, газіфікаванае жыллё. Цяпер Сяргей з жонкай чакаюць папаўнення ў сям’і. Так што малады працаўнік               удвая заслугоўвае заахвочвання ад прафсаюза: і за бездакорную работу ў сельскай гаспадарцы, і за паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

На зваротнай дарозе з Імянін мы заязджаем у Сёманаўшчыну, дзе з сынам і нявесткай жыве былы франтавік Канстанцін Кузьміч Млынчык. Ён прызнаецца, што збіраўся, было ўжо, паміраць, не паднімаўся зусім, але ж нявестка, дай Бог ёй здароўя, выхадзіла. І на вайне, як лічыць Канстанцін Кузьміч, ён выжыў толькі таму, што за яго нястомна малілася маці. Бо памятае ветэран, як на подступах да Берліна салдат, бы касой, кулямі касіла, а яго – нават не зачапіла. Бы адводзіў хто бяду. З 4000 байцоў  у іх палку тады толькі 40 у жывых засталося. У ліку шчасліўцаў, якія сустрэлі Перамогу, быў і К.К.Млынчык.

Вярнуўшыся з вайны, Канстанцін Кузьміч працаваў па гаспадарцы, а потым пайшоў у калгас. Быў ён заўзяты  і шчыры да ўсякай сялянскай работы. Трымаў дзве каровы, і каб назапасіць кармоў на зіму, паднімаўся на досвітку і хадзіў шукаць, дзе б скасіць па лапінцы травы ў лесе ды па канавах. А цяпер наш суразмоўнік толькі здзіўляецца, што гэтулькі сенажацяў вакол, а касіць іх і кароў трымаць ахвочых мала.

А яшчэ Канстанцін Кузьміч вельмі шкадаваў сваю жонку. Калі яна цяжка захварэла і трапіла ў бальніцу, ён так клапатліва даглядаў яе, што многія гаварылі жанчыне: такі добры муж і гаспадар – не іначай, як узнагарода ад Бога.

Пасля смерці сваёй “палавінкі” К.К.Млынчык перайшоў жыць да сына і нявесткі ў Сёманаўшчыну. Ён радуецца, што атулены любоўю і ўвагай блізкіх людзей. Такім чынам, пэўна, яму спакваля вяртаецца тое, што ён ўсё жыццё аддаваў…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

 

 

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...

Как прошел новогодний бал во Дворце Независимости. Яркие детали и подробности праздника

В преддверии новогодних и рождественских праздников Зал торжественных церемоний...