У школьнікаў – вясновыя канікулы, і многія з іх праводзяць гэты тыдзень разам з кнігай. Таму спрыяюць і работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія арганізавалі для сваіх юных чытачоў цікавыя выставы і мерапрыемствы. Днямі тут было праведзена свята дзіцячай кнігі, прысвечанае творчасці Карнея Чукоўскага – аўтара захапляючых і з дзяцінства любімых твораў, якія лёгка ўспрымаюцца і вельмі добра запамінаюцца: “Муха-Цакатуха”, “Мыйдадзір”, “Цуда-Дрэва”, “Фядорына гора”, Айбаліт” і іншых. І глядзельная зала бібліятэкі, дзе праходзіла мерапрыемства, была даастачы запоўнена.
Для сваіх юных наведвальнікаў супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі пазнавальнае падарожжа ў краіну казак Карнея Чукоўскага, падчас якога расказалі неверагодныя гісторыі стварэння гэтых твораў, правялі гульні і віктарыны, дзе школьнікі маглі праверыць і прадэманстраваць сваё веданне папулярнай дзіцячай літаратуры, паказалі лялечны спектакль, а ўдзельнікі вакальнага гурта раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі парадавалі прысутных песнямі.
Прыемным завяршэннем мерапрыемства стала ўзнагароджанне самых актыўных юных чытачоў, у ліку якіх былі Кірыл Грэбень, браты Аляксандр і Дзмітрый Тынковіч, Ангеліна Самасюк, Ульяна Паплаўская, Вікторыя Самойлава, Павел Кучынскі, Кірыл Крывецкі і іншыя.
У ходзе мерапрыемства былі адзначаны і пераможцы анлайн-конкурсу вершаў “Любы сэрцу куточак”, якія праходзіў у пачатку бягучага года і быў прысвечаны 82-й гадавіне стварэння раёна. У намінацыі “Мая душа, мае вершы” ў тройку лідараў ўвайшлі Лізавета Андрановіч (Немяржанская д/с-СШ), Вікторыя Міхнюк (Новапапінская СШ), Анастасія Красоўская (СШ №1 г.Драгічына), а ў намінацыі “І сэрца кране матчына мова…” лепшымі прызнаны Сафія Тынковіч (гімназія г.Драгічына), Анастасія Сасноўская (Імянінская СШ), Андрэй Скрыпель (Пярковіцкая СШ), а спецыяльным прызам адзначаны Яўген Гардзіюк з Новапапінскай СШ.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара