Заўсёды пахвальным з’яўляецца вывучэнне гісторыі роднага краю. Яшчэ больш станоўчых водгукаў выклікае ўключэнне ў гэты працэс школьнай моладзі. Нездарма многія кажуць, што любоў да сваёй Бацькаўшчыны павінна прывівацца яшчэ з падлеткавага ўзросту. Вынікаючы з гэтай ісціны, у ДУА ВПК “Дзеткавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа” быў заснаваны і ўжо не першы год працуе гісторыка-этнаграфічны гурток “Палессе”. Намаганнямі яго кіраўнікоў і дапытлівых вучняў зроблена вялікая работа па зборы краязнаўчай інфармацыі мінулага. Дзякуючы гэтаму у навучальнай установе аднавіўся гістарычны музей. Мы вырашылі наведаць вясковую сярэднюю школу, каб бліжэй пазнаёміцца з працай гуртка “Палессе”.
Гісторыка-краязнаўчы музей дзейнічаў ва ўстанове адукацыі і раней. Але ж так здарылася, што падчас капітальнага рамонту школы, які праводзіўся ў 2010-11 гадах, ён быў закрыты. Большая частка экспанатаў згубілася, і мясцовым краязнаўцам прыйшлося працаваць над адраджэннем новага музею.
Некалькі гадоў таму за гэтую справу ўзяўся малады настаўнік гісторыі Аляксандр Канецкі ў супрацоўніцтве з настаўніцай геаграфіі Ірынай Дзямчук. Школьныя краязнаўцы за апошнія два гады ажыццявілі нямала пешых і веласіпедных экспедыцый у такія вёскі, як Меневеж, Залессе, Каты, Рашын і Цемра. Аляксандр Канецкі дзеля збору дакументаў ездзіў у Брэсцкі абласны архіў. Жыхары Дзеткавіч і суседніх вёсак адгукнуліся на просьбу дапытлівай моладзі і аказалі дапамогу, падараваўшы свае хатнія рэчы, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні музея ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Фёдараўна Дзямчук. Значную падтрымку па збору экспанатаў і дакументаў аказаў дырэктар Ваенна-гістарычнага музея імя Д.К. Удовікава Сяргей Гранік. Ён перадаў гуртку “Палессе” памятныя рэчы гадоў Вялікай Айчыннай вайны, этнаграфічныя артэфакты.
У выніку краязнаўцы сабралі шмат экспанатаў і дакументаў па гісторыі роднага краю, што дало магчымасць зноў аднавіць дзейнасць музея Дзеткавіцкай школы. Сёння там можна пазнаёміцца з экспазіцыямі, прысвечанымі гісторыі роднай і навакольных вёсак, мясцовага СПК, Дзеткавіцкай школы. Ёсць стэнд, які распавядае пра знакамітых ураджэнцаў роднай мясцовасці, а таксама пра землякоў-удзельнікаў ВАВ і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Намаганнямі дзяцей і настаўнікаў сабрана багатая калекцыя этнаграфічных рэчаў. Найбольшая ўвага ў працы гуртка “Палессе” адводзіцца падзеям Вялікай Айчыннай вайны і асабліва партызанскаму руху на тэрыторыі існаваўшага ў тыя часы Антопальскага раёна. Юнымі даследчыкамі вывучалася дзейнасць атрадаў імя Шыша і Кірава. Па гэтай тэматыцы ў музеі аформлены два стэнды.
Актыўна ўключыўся ў краязнаўчую працу вучань восьмага класа Дзмітрый Мелянчук. Вывучаючы дзейнасць атрада народных мсціўцаў імя Кірава, хлопец сабраў падрабязную інфармацыю з розных крыніц і сустрэўся з непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей. Са сваёй даследчай працай Дзмітрый Мелянчук удзельнічаў у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, якая праводзілася ў студзені гэтага года, і заняў другое месца.
“Сярод самых каштоўных экспанатаў нашага музея – святочны нумар газеты “Праўда”, датаваны дзясятым мая 1945 года і прысвечаны Вялікай Перамозе. Друкаванае выданне было знойдзена выпадкова, падчас правядзення этнаграфічнай экспедыцыі. За гады існавання музея была сабраная вялікая колькасць успамінаў мясцовых жыхароў – удзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў”, – распавядае цяперашні настаўнік гісторыі школы і загадчык музея Аляксандр Барташ.
Наперадзе ў даследчыкаў яшчэ шмат працы па набыцці новых артэфактаў і афармленні неабходнай дакументацыі. Пажадаем жа ім поспехаў у гэтай крапатлівай справе!
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА