Бездзежскай зямлі не ўпершыню сустракаць гасцей, і ў тым ліку з замежжа. Што тут можа прывабіць, зацікавіць турыстаў? Канешне, гістарычныя і культурныя помнікі, музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, сялянская этнасядзіба “Каля Плэса”. 24 мая аграгарадок наведалі ўдзельнікі 4-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследвання”.
Сярод гасцей, завітаўшых у наш край, былі даследчыкі, работнікі бібліятэк, архіваў, супрацоўнікі вышэйшых навучальных устаноў, навуковых таварыств, як з Беларусі, так і з Польшчы, Украіны, Расіі. У гэты дзень удзельнікі канферэнцыі наведалі гісторыка-архітэктурныя помнікі (праваслаўныя храмы) у Брэсцкім, Жабінкоўскім, Іванаўскім раёнах і напрыканцы свайго падарожжа пазнаёміліся з культурным каларытам бездзежскай зямлі. Спачатку навукоўцы наведалі пункт “Бездзеж” геадэзічнай дугі “Струвэ”, потым даведаліся пра мінулае і сучаснасць вёскі падчас экскурсіі. На парозе “Бездзежскага фартушка” гасцей сустрэлі работнікі музея з караваем, артысты народнага калектыву “Сваякі” – з вясёлай песняй. Навукоўцы адзначылі ўнікальнасць музея, сабраных у ім рэчаў. Тут і былі падведзены вынікі працы канферэнцыі. Падчас сустрэчы госці адзначылі, што Берасцейшчына, не менш чым іншыя рэгіёны Беларусі, багата на сваю гісторыка-культурную спадчыну, і такія ўстановы, як музей “Бездзежскі фартушок”, – таму пацвярджэнне.
На развітанне ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі сувеніры на памяць, а таксама кожны з іх пачаставаўся кавалкам свежага, смачнага каравая.
Андрэй РАСАФОНАЎ