У няпросты цяперашні час, калі свет імкнецца да глабалізацыі, нам вельмі важна захаваць сваю нацыянальную адметнасць і сваю родную беларускую мову. Бо без яе, без мовы, без нашых спаконвечных традыцый, абрадаў і іншых духоўных набыткаў, мы не можам звацца паўнавартаснымі беларусамі і заняць годнае места сярод іншых народаў. І вельмі радуе тое, што сёння ў многіх куточках свету, дзе жыве беларуская душа, сеецца і наша беларускае слова, захоўваецца наша нацыянальная культура.
З боку дзяржавы таксама надаецца адпаведная ўвага супрацоўніцтву з беларускамоўнай дыяспарай. Добрай традыцыяй у нашай краіне стала правядзенне з’ездаў Беларусаў свету. Вось і зусім нядаўна, з 7 па 11 верасня, ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і 950-годдзя заснавання Мінска, у нашу краіну былі запрошаны беларускія творчыя калектывы і індывідуальныя дзеячы – пісьменнікі, паэты, танцоры, спевакі, мастакі, фатографы, майстры народных рамёстваў, якія пражываюць за межамі Беларусі. Некаторыя з носьбітаў роднай мовы, пасля афіцыйных мерапрыемстваў, вяртаючыся да дому, наведалі музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” і этнасялянскае падвор’е “Каля Плэса”, дзе яшчэ больш пранікліся, ўзбагаціліся і захапіліся разнастайнасцю нацыянальнай культуры.
А калі канкрэтней, то гасцямі бездзежскага краю сталі нашы суайчыннікі, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, пераважным чынам – на Беласточчыне. Яны пабывалі ў музеі, дзе для іх правялі падрабязную экскурсію, пазнаёміліся з мясцовымі рамёствамі, абрадамі, традыцыямі, з задавальненнем павучыліся прасці лён на прасніцы, ткаць на станку мясцовыя ўзоры (майстар-класы для іх правялі тутэйшыя майстры). А затым, пераапрануўшыся ў колішняе адзенне палешукоў, беларусы з замежжа станцавалі падэспань. Вельмі ўразіў гасцей і старадаўні бездзежскі абрад “Стрылка”, які ім паказалі ўдзельнікі самадзейнага калектыву “Купалінка”. І зноў-такі нашы суайчыннікі не засталіся ўбаку ад дзеі і актыўна падтрымалі мясцовы абрадавы харавод. Далей гасцям была прапанавана дэгустацыя страў мясцовай кухні, а пасля – экскурсія па падворку “Каля Плэса”. І тут было што ім паказаць, ў чым паўдзельнічаць і з чаго скласці сваё меркаванне аб тым, колькі намаганняў тут прыкладаецца для захавання тутэйшай культурнай і духоўнай спадчыны.
– Мне вельмі падабаецца тут, – падзялілася ўражаннямі Міра Лукша. Яна – паэт і празаік, прыехала на з’езд з Беласточчыны, каб пазнаёміць беларусаў са сваёй творчасцю, а таксама даведацца аб развіцці друкавання ў нашай краіне. – Мае продкі былі беларусамі, але калі пачаўся падзел краін і мяжа змянілася, яны трапілі пад Польшчу і засталіся там. Але ж ніколі не забываліся роднай беларускай мовы, і дзякуй ім за тое, што перадалі яе нам – сваім нашчадкам, – распавядае паэтэса і працягвае. – У сваіх вершах я таксама стараюся закрануць тэмы малой радзімы, бо яна жыве ў нашых генах…
Яшчэ адзін паэт, наведвальнік з’езда – Юрый Баена, таксама вельмі рады таму, што праводзяцца падобныя мерапрыемствы, і лічыць, што яны патрэбны для падтрымання беларускай культуры за межамі.
– Я родам з польскага сяла Мокрае, што пад Беласточчынай, дзе таксама пражывае шмат этнічных беларусаў. Не ўсе яны, вядома, падтрымліваюць сувязь з малой радзімай, але ёсць і тыя, хто не забывае пра родную мову. А яшчэ наша вёска і гаворкай, і архітэктурным абуладкаваннем вельмі падобна да населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, – распавядае Юрый Баена.
Сваё меркаванне аб паездцы склала і празаік Барбара Гаральчук, якая адзначыла, што, незалежна ад таго, дзе мы пражываем, мы ўсе аднолькавыя – мы ўсе адзін народ, адно сэрца, адна беларуская душа…
Былі і другія госці з’езду, якія падтрымліваюць нашу мову за мяжой, – прадстаўнікі польска- беларускага дзіцячага садка №14 з Беластоку, які існуе больш за дваццаць гадоў. За гэты час з яго сцен выйшла больш сотні дзяцей – прыхільнікаў і носьбітаў беларускай мовы і культуры…
А завяршылася сустрэча беларусаў замежжа на сваёй гістарычнай радзіме песнямі, якія яны выканалі разам з бездзежскімі самадзейнымі артыстамі. І думаецца, што такія шчырыя стасункі пакінулі добры след у іх душы і па вяртанні дадому будуць грэць нашых замежных суайчыннікаў добрымі ўспамінамі.
Марына ШАФРАН
Фота аўтара