spot_img

Нашы дастойныя землякі: паэт Мікола Панасюк адзначыў 70-годдзе

Дата:

У першым месяцы вясны, 9 сакавіка, наш зямляк, паэт, публіцыст, журналіст Мікола Панасюк, жыццёвы шлях якога пачынаўся на хутары вёскі Галоўчыцы, адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Калісьці, на зары сваёй літаратурнай дзейнасці, ён прызнаваўся:

Не выдаў я пакуль што кніжкі,

Але, паверце, не журуся:

Кладу пакосы, нібы нізкі,

На лузе росным Беларусі.

Пішу за вёскаю – плугамі,

Пішу ў чэрвені – касою.

Лугі мне дзякуюць стагамі

І пояць чыстаю расою…

Але час ніколі не стаіць на месцы, ды і людзі не сядзяць склаўшы рукі, а тым больш творчая чалавечая душа, якая выбрала сабе прафесію журналіста. А журналістыка, як вядома, – вечная сяброўка і спадарожніца не дамаседаў і кабінетчыкаў, а няўрымслівых дабравольцаў-вандроўнікаў, шукальнікаў нечага новага, цікавага, непаўторнага ў жыцці. Вось як па-сонечнаму захоплена пісаў паэт у маладосці пра сваю журналісцкую працу:

Калі ў травах спелых або ў жыце

На золку лета ззяе ад расы,

У вёску, хлопцы, пісьмы не пішыце,

Бо я штодня мяняю адрасы…

Скачу ў начлег за вёску з табунамі,

Да ранку зноў вартую цішыню.

Як добра спаць улетку з туманамі

І плыць у снах праз звонкую вясну!

Мікола Панасюк па натуры – адзін з тых пілігрымаў-падарожнікаў, якія ніколі не дазваляюць сабе, ды і не маюць права, адседжвацца дома ці раслабляцца ў кабінетах. Як пералётны птах, ён заўсёды знаходзіўся ў бясконцым руху, вечна некуды ляцеў, спяшаўся і – тварыў у розных літаратурных жанрах. Мікола Васільевіч і цяпер застаецца такім жа лёгкім на ўзлёт, крылатым птахам-буслёнкам, гатовым па першаму воклічу душы і сэрца ў любую вандроўку. Ці не таму пачынаючы творца калісьці з глыбокім сэнсам і юнацкім густам ды любоўю выбірае сабе ў псеўданімы белакрылую птушку. Малады “Буслёнак”, у яго разуменні, служыць не толькі сімвалам роднай Беларусі, але і па натуры адпавядае характару мудрай і высакароднай чалавечай душы.

І не дзіва, што ў хуткім часе ў творцы народзяцца наступныя даволі ўдалыя паэтычныя радкі, якія засведчаць, што ён не сухі ілюстратар імгненняў жыцця, з’яў, фактаў ці падзей, не выпадковы чалавек у літаратуры, а выбраннік, пакліканы музай; яны доказна засведчаць, што першыя яго крокі ў паэзію ўжо зроблены, і даволі ўпэўнена і ўдала:

Хто я? Адкуль хлапчук Дзяніс?

Казаў мне дзед, што ад бусла…

Сінечу неба зверху ўніз,

Як Божы дар, мне Бог паслаў.

Ад бацькі – плуг і баразна,

Ад птаха – моцнае крыло.

Бусліным клёкатам вясна

Будзіла роднае сяло.

Так вобразна і ўзнёсла, так захоплена пісаў паэт напачатку свайго творчага жыцця. Крыху пазней Мікола Панасюк выступіць ужо ў ролі абаронцы, заступніка свайго народа, сваёй міралюбівай нацыі, у яго напішуцца яшчэ мацнейшыя строфы:

Ці хто сказаў, што беларус

Чужое некалі загроб?

Нашто нам крадзены абрус

І нават сто чужых Еўроп?!

Услед за гэтымі радкамі паэт з гонарам за сваіх людзей, сваю краіну роздумна заўважыць:

У чужынцаў – злавесная манія:

“На Усход… На Усход… На Усход…”

Ды прайшлі мы з баямі Германію –

Перамогу святкуем штогод!

Калі ж паглядзець у творчую бібліяграфічную скарбонку Міколы Васільевіча, дык – дзіва дзіўнае! Колькі ж кніг рознага жанру за сваё пісьменніцкае жыццё выдаў гэты адораны прыродай руплівец мастацкага слова! Цэлы стос паэзіі, нарысаў, дакументалістыкі, публіцыстыкі. Цікава, што паэтычны зборнік “Крык немаўляці” перавыдаваўся ажно дзевяць разоў! А колькі ж яшчэ твораў рознага жанру раскідана па шматлікіх перыядычных выданнях саюзнага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўню, па калектыўных зборніках! А яшчэ ж Мікола Васільевіч адрэдагаваў не адну кнігу пачынаючым літаратарам, сябрам, калегам па пяру.

І пра каго толькі не пісаў гэты таленавіты, шчодры на сардэчную цеплыню і добрае слова шчыроўца! Каго толькі не славіў за свой пісьменніцкі век, каму толькі не прысвячаў узнёслыя, пранікнёныя вершы, нават паэмы, цэлыя дакументальныя аповесці, літаратурна-публіцыстычныя артыкулы, змястоўныя нарысы, багатыя па зместу водгукі на выдадзеныя кнігі, цікавыя рэцэнзіі на творчасць літаратараў! Гэтымі шчасліўцамі з’яўляюцца – знакаміты на ўвесь свет беларускі кампазітар Ігар Лучанок, выдатны аграрнік Брэстчыны Аляксей Скакун, літаратуразнаўца, прафесар, кандыдат філалагічных навук

Уладзімір Калеснік, Георгій Лебедзеў, Уладзімір Вялічка, дзяржаўныя і ваенныя служачыя, шматлікія літаратары, у тым ліку і аўтар гэтага артыкула, працаўнікі вёсак – ды хіба ўсіх пералічыш, чые прозвішчы і імёны апеты і ўвекавечаны ў аўтарскіх кнігах Міколы Панасюка?! Нават (на маё шчырае здзіўленне) “Дзеду з вёсачкі Парэ”, якая гранічыць з маім Ладаражам, прысвяціў цудоўны верш! І да касманаўтаў дабраўся – Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага, Аляксея Лявонава ды іншых. А двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку нават кнігу прысвяціў “Арыенцiр − сузор’е Арыён“, якая ў сувязі з 40-годдзем з дня яе выхаду і 75-годдзем Пятра Ільіча ў 2017 годзе перакладзена на рускую мову спецыяльна для другога кніжнага выдання “К созвездиям”.

Спасціжэнне і веданне жыцця для пісьменніка – катэгорыя не эмпірычная, яна закранае яго светапогляд, уключае ў сябе пачуццё адказнасці і гонару за кожную дробязь адлюстраванага чалавечага развіцця, філасофію жыцця, усебаковае, глыбокае і поўнае яго асэнсаванне. Руплівец таму і звяртаецца да публіцыстычнага жанру, каб чытач, як і сам пісьменнік, мог душою адчуць і сэрцам убачыць вялікія здзяйсненні народа, яго велічны духоўны свет.

Мімаволі задумваешся: адкуль гэта ў яго – хлопчыка з хутара, простага, сціплага чалавека-селяніна – столькі цікавасці, зычлівасці і спагады да людзей, столькі гонару за іх дасягненні, за росквіт краіны, столькі кіпучай энергіі, захаплення і любові да жыцця, да акаляючага свету, да хараства роднай зямлі?

Але калі зірнуць на здымкі маладога, дый 55-гадовага Міколы таксама, калі ўглядзецца ў яго вясёлыя, усмешлівыя вочы, поўныя светлых, прамяністых іскрынак непагаснай радасці, то становіцца зразумела, адкуль у гэтага ўлюбёнца ў свет, у літаратуру, закаханца ў паэзію такія чыстыя памкненні, такія свежыя думкі, узнёслыя мары. Ды – з глыбіні душы ягонай! З донца ягонага гарачага сэрца ўсё ідзе! З глыбінь жыватворных народа нашага ўсё гэта льецца, бо сам пісьменнік – выхадзец з народа, з глыбінкі палескай.

А колькі душы і сэрца, колькі цёплых пачуццяў і літаратурнага майстэрства ўкладзена ў невялічкі зборнік паэзіі “Як Божы дар”! Сама ўжо філасафічна-духоўная назва кнігі гаворыць аб глыбіні думкі і мудрасці паэта-мысліцеля. Мікола Васільевіч – сапраўдны сын, патрыёт і сучасны пясняр беларускага народа, роднага краю, зямлі нашай. На яго вершы напісана музыка знакамітым беларускім маэстра Ігарам Лучанком, брэсцкім кампазітарам Фёдарам Мазалём, Веньямінам Васіленкам, Валянцінам Перапёлкіным з Іванава ды іншымі мясцовымі кампазітарамі.

Мікола Панасюк і сапраўды – узнёслы паэт-лірык, таленавіты пісьменнік-нарысіст, публіцыст, здольны распавядальнік, шчыры закаханец у мілагучнае беларускае слова. Сваёй чыстай, вечна юнай душой аўтар, нібы летуценнік, здольны па-дзіцячы светла захапляцца хараством прыроды, узнёсла марыць, высока ўзнімацца над будзёнасцю і сумятнёй, тонка адчуваць адценні жыцця, цаніць імгненні часу. Ён сам разумее і нас прымушае задумацца над сэнсам і законамі жыцця, Божым светам, а галоўнае – узгадаць, што мова наша – гэта вялікі скарб нацыі, кожнае слова – важнае, сэнсоўнае, выпеставанае мудрасцю продкаў нашых.

Чытаеш паэзію М. Панасюка і адчуваеш біццё яго неўтаймаванага сэрца, высокі палёт ягоных думак, прыгожых мараў, трапяткой душы, уяўляеш шырокі размах яе крылля. Здаецца, разам з ёю і сам узлятаеш у блакітнае неба, пад самае сонца, туды, дзе кружляюць шчаслівыя буслы… Гэтак расчуліць і акрыліць здольна толькі сапраўдная Паэзія. Менавіта ёю і заваёўвае нашы сэрцы і душы выдатны майстар слова, ураджэнец в. Галоўчыцы Драгічынскага раёна, наш дарагі зямляк і сябра – Мікола Панасюк.

Напрыканцы свайго расповеду хочацца адзначыць, што дзяржаўныя кіраўнікі вобласці, многіх раёнаў, рэспубліканскіх СМІ ў сваю чаргу не забывалі пра рупара праўды і ідэй жыцця нашай краіны, заўважалі яго талент, клопат і адданасць патрэбнай справе, цанілі ягоную нялёгкую працу, яго недасыпанне і стараннасць і – узнагароджвалі Ганаровымі граматамі, Падзячнымі пісьмамі, дыпломамі, прэміямі. Дома ў Міколы Васільевіча ўся сцяна пісьменніцкага пакоя абвешана гэтымі ўзнагародамі. А ў цэнтры іх красуецца Дыплом ад Мінскага Патрыярхата і Беларускай Праваслаўнай Царквы і Удзячнасць за плённую працу ў гонар Святой Царквы ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта, якімі пісьменнік па-асабліваму ганарыцца і даражыць.

І ў заключэнні дабаўлю: хаця ў вершах Міколы Панасюка прама не гаворыцца, але выразна адчуваецца прыналежнасць ягонай душы да вышэйшай духоўнасці. Бо што б мы ні рабілі тут, на зямельцы нашай, чым бы ні займаліся – нас бачыць Бог, на нас глядзяць Нябёсы. І аб гэтым ведае і памятае аўтар. Нездарма ж Гасподзь так шчодра адарыў яго светлым розумам, літаратурным талентам, стваральнай душой. Як дбайны араты, ён вось ужо паўвеку з дапамогай пяра і мастацкага слова старанна рупіцца – вядзе сваю баразну ў высокую паэзію, шукае дарогу да людскіх душаў, пракладае шлях да любові і міру. Карацей кажучы, імкнецца пакінуць на зямлі глыбокі след чалавечнасці і светладушша, аддзячыць нябеснаму Творцу за яго вялікую ласку і міласць да сваёй сціплай чалавечай асобы.

Дык пажадаем і мы, чытачы і прыхільнікі ягонай творчасці, члены пісьменніцкай суполкі, нястомнаму рупліўцу – моцнага здароўя, доўгага веку, новых поспехаў на літаратурнай ніве і новых узнагарод за нялёгкую творчую працу!

Надзея ПАРЧУК,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

На комплексе «Симоновичи» ОАО «Алексеевичи-Агро» открыта новая ферма

Сегодня, 26 декабря, в ОАО «Алексеевичи-Агро» состоялось торжественное открытие...

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...