Нядаўна, у рамках тыдня роднай мовы і літаратуры, які прайшоў у нашай школе, была праведзена выстава-конкурс «Маладыя гаспадынькі здзіўляюць…». Мерапрыемства падрыхтавала настаўніца Юлія Сцяпанаўна Краўчук, а яго непасрэднымі ўдзельнікамі сталі вучні 5-11 класаў, якія і прадстаўлялі ўласна прыгатаваныя стравы беларускай кухні. На выставе можна было пабачыць і пакаштаваць аладкі, клёцкі, сырнікі, суп гарохавы, калдуны, бульбу са скваркамі, пірог з яблыкаў, каравай і іншыя смакоцці. Усе стравы былі смачнымі і прывабнымі на выгляд, таму журы, у саставе якога былі настаўнікі Марыя Сцяпанаўна Грабінская, Ірына Пятроўна Дзямчук і Антаніна Міхайлаўна Гусева, цяжка было выбраць пераможцаў.
Але ж у канчатковым выніку лепшымі кулінарамі былі прызнаны пяцікласніца Вольга Клімовіч і сёстры Ангеліна, Вераніка, Арына Дзеркач, якія вучацца ў трэцім, пятым, шостым класах. Адметна, што ў школьным кулінарным конкурсе даволі паспяхова ўдзельнічалі і хлапчукі. Другое месца было прысуджана Уладзіславу Грабінскаму (6 клас) і Кацярыне Раманчук (10 клас), трэцяе – шасцікласніцам Леры Шмагінай, Элі Паўзун, Ліне Цямчык. Пераможцы выставы-конкурсу нацыянальных страў былі адзначаны падарункамі, пасля чаго юныя кулінары прапанавалі прадэгуставаць іх блюды прысутным…
З усіх бакоў даносілася шчырае: “Дзякуй!”. І арганізатарам школьнага мерапрыемства, і маладым, але такім спраўным, паварам і гаспадынькам.
Марына АНТАНОВІЧ,
юнкор, Дзеткавіцкая дз/с-СШ