Еду я аднойчы па знаёмай дарозе і бачу наперадзе вучэбны легкавы аўтамабіль. Як звычайна, збавіў хуткасць – каб не нерваваць пачаткоўца за рулём. Калісьці сам быў на яго месцы і памятаю, як важна адчуваць спакой на дарозе. Але на гэты раз нешта прыцягнула маю ўвагу. За рулём машыны была маладая дзяўчына, а побач з ёю, на месцы інструктара, была амаль што яе равесніца. «Напэўна, абедзве вучаніцы,» – падумаў я. Але пазней зразумеў, што памыляюся. Паводзіны дзяўчыны на інструктарскім месцы нагадвалі хутчэй вопытнага педагога, чым пачаткоўца.
Сітуацыя мяне зацікавіла, таму за тлумачэннямі я звярнуўся да старшыні раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Алега Міхайлавіча Шусціка. З усмешкай ён адказаў:
– Гэта наш малады інструктар Алена Анатольеўна Кучма. Працаваць яна пачала нядаўна, але паспела ўжо заслужыць давер вучняў і павагу кіраўніцтва.
Пяць год таму яна сама вучылася ў нас. Я быў яе настаўнікам. А калі нам спатрэбіліся работнікі і мы далі рэкламу аб вакансіі інструктара, магчыма, дзяўчыны, Алена прыйшла да нас. Па вучобе я добра ведаў яе, і мы вырашылі паспрабаваць. З пачатку кастрычніка мінулага года яна была прынята на работу. За той невялікі адрэзак часу, які прайшоў, ніякіх заўваг па працы з майго боку не было. Але асноўная ацэнка яе работы – каментарыі вучняў. На першых парах я даволі часта цікавіўся ў курсантаў, як праходзяць практычныя заняткі з Аленай Анатольеўнай, і заўсёды атрымліваў выключна станоўчыя адказы. Другім немалаважным паказчыкам яе працы з’яўляецца працэнт здачы экзаменаў яе навучэнцаў. Практычна амаль усе яны здаюць экзамен з першага раза. Вядома, часам бываюць некаторыя хваляванні і невялікія промахі, безумоўна, многае залежыць яшчэ і ад характару кожнага з нас. Але ж калі адной з вучаніц Алены Анатольеўны прапанавалі вучыцца ў іншай групе, яна, не раздумваючы, адказала, што ў такім выпадку проста адмовіцца ад навучання.
Грунтоўны адказ Алега Міхайлавіча толькі павялічыў маю цікавасць, і я вырашыў даведацца больш падрабязна пра гэтага асаблівага спецыяліста, які разбурае звыклыя для нас стэрэатыпы.
Маладыя і таленавітыя заўсёды выклікаюць цікавасць. Сёння мне давялося размаўляць з жанчынай, якая спалучае прафесіяналізм інструктара па ваджэнню і душу педагога. Працуючы ў ДТСААФ, яна не толькі дапамагае вучням атрымаць навыкі кіравання аўтамабілем, але і выхоўвае ў іх упэўненасць і адказнасць за рулём. Яе паважаюць не толькі за веды і вопыт, але і за ўменне знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага. Што натхняе яе ў працы? З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца? Пра гэта і многае іншае мы даведаліся ў час нашай размовы.
– Алена Анатольеўна, мне ўжо расказалі аб вашым прафесіяналізме і адданасці да далёка не жаночай прафесіі, і ўсё ж найперш не магу не задаць пытанне, чаму вы выбралі даволі не жаночую і такую складаную прафесію. Вядома ж, жанчыны і ў космас лётаюць, і працуюць вадзіцелямі аўтобусаў і трактарыстамі, а тут не проста тэхнічная работа, а ў дадатак яшчэ і навучанне будучых вадзіцеляў. І як да вашага даволі неардынарнага рашэння аднесліся блізкія вам людзі?
– Пасля заканчэння школы я выбрала выключна жаночую работу, вучылася ў каледжы, атрымала спецыяльнасць і выйшла замуж, пазнала радасць мацярынства – у нашай сям’і падрастае чатырохгадовая дачушка. Здаецца, усё, як і ў іншых жанчын. Але пасля дэкрэтнага адпачынку вырашыла не сядзець дома, а ўладкавацца на працу. Доўга думала, перабірала розныя варыянты і раптам, нечакана нават для самой сябе, зрабіла такі нечаканы жыццёвы паварот – выбрала працу ў ДТСААФ. Сказаць, што я далёкая ад тэхнікі, ніяк нельга, бо мой бацька ўсё жыццё працаваў трактарыстам. Я паважала яго мазолістыя працавітыя рукі і такую патрэбную на вёсцы прафесію, заўсёды прыемна было засынаць і прачынацца пад рокат трактара за акном. Ды і дальнейшы мой, ужо самастойны, лёс звёў мяне з чалавекам тэхнічным: мой муж – вадзіцель-дальнабойшчык. А вадзіцельскія курсы ў ДТСААФ толькі падмацавалі маю любоў да тэхнікі, далёкіх і блізкіх дарог. Здаецца, тут, пры актыўнай дапамозе Алега Міхайлавіча, я знайшла сваё сапраўднае прызванне. А сям’я мая дагэтуль перажывае шок ад майго выбару, але не ўся. Мая любая дачушка, нягледзячы на свой узрост, разумее і падтрымлівае мяне, па ўсім відаць, што яна, як і яе бацькі і дзядуля, стане некалі таксама тэхнічным чалавекам.
– На курсах у ДТСААФ вы найперш атрымалі катэгорыю на права кіравання легкавым аўтамабілем?
– Не, найперш я вырашыла атрымаць пасведчанне вадзіцеля грузавога аўтамабіля – вельмі хацелася кіраваць вялікімі машынамі, а катэгорыю “В” я атрымала крыху пазней. Але на гэтым я не спынюся. Мару атрымаць катэгорыю “СЕ”, а таксама пасведчанне матацыкліста. Хачу навучыцца кіраваць усімі механічнымі транспартнымі сродкамі.
– Пахвальна. Скажыце, калі ласка, якія якасці і навыкі патрэбны для паспяховага інструктара?
– У першую чаргу дасканальныя веды Правілаў дарожнага руху і ўменне даступна данесці да навучэнцаў інфармацыю, што датычыцца не толькі тэарэтычных момантаў Правілаў дарожнага руху, але і практычных навыкаў кіравання транспартнымі сродкамі. Большая частка вадзіцеляў кіраваць транспартым сродкам умее даволі добра, але правільна данесці атрыманыя веды да навучэнцаў здольны не кожны.
– Кур’ёзныя выпадкі здараюцца з людзьмі розных прафесій, і будучыя вадзіцелі ў тым не выключэнне…
– На нашых курсах праходзяць навучанне даволі дарослыя людзі, з пэўным багажом ведаў, аднак падчас вучобы яны губляюцца і здольныя забыць элементарныя навыкі. Часам блытаюць нават лева і права, а на дарозе гэта даволі небяспечна. Сустракаюцца курсанты-пачаткоўцы, якія прыходзяць на першых парах на практычныя заняткі з рукамі, на якіх вялікімі літарамі напісаны словы “лева” і “права”.
– Якую параду вы далі б жанчынам, якія хацелі б вучыцца кіраваць аўтамабілем, але сумняваюцца ў сваіх магчымасцях?
– Навыкі кіравання аўтамабілем у наш час патрэбны кожнаму чалавеку, і жанчынам таксама. Ні ўзрост, ні пол чалавека ніякім чынам не могуць быць перашкодай у навучанні. Нядаўна лёс заставіў пенсіянерку, якая ў сваім жыцці нават не ўяўляла, як варочаецца руль аўтамабіля, запісацца на нашы курсы. Спачатку вельмі хвалявалася, думала, што ў яе нічога не атрымаецца, а цяпер яна даволі ўдала кіруе вучэбным аўтамабілем і рыхтуецца да здачы экзаменаў.
– Як вы падтрымліваеце свой прафесіяналізм і працягваеце развівацца як інструктар?
– Найперш сама вывучаю ўсе змены ў Правілах дарожнага руху і іншых нарматыўных дакументах, якія неабходны для навучання будучых вадзіцеляў, а вучоба і атрыманне больш складаных вадзіцельскіх катэгорый таксама паспрыяюць пашырэнню майго прафесійнага кругагляду і педагагічнага вопыту.
– Ці змяніліся вашы адносіны да кіравання аўтамабілем пасля таго, як пачалі працаваць майстрам па кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі?
– Падчас працы я атрымала нямала новых і карысных ведаў і навыкаў і стала кіраваць аўтамабілем больш уважліва і акуратна.
– Як вы лічыце, чым адрозніваюцца на дарозе жанчыны-вадзіцелі ад мужчын?
– Жанчыны больш уважлівыя, асцярожныя і акуратныя на дарогах. У мужчын часам зашмат лішняй самаўпэўненасці, што, бывае, прыводзіць да сумных вынікаў.
– Часам вучні, асабліва пачаткоўцы, не могуць зразумець некаторыя аспекты кіравання. Што даводзіцца прадпрымаць у такім выпадку?
– Раюся з больш вопытнымі калегамі, а некаторыя навучэнцы самі прапануюць павышаць на іх голас – у такім выпадку яны хутчэй засвойваюць новыя веды. Але ж такая практыка ў нас выкарыстоўваецца даволі рэдка.
– Якім чынам забяспечваеце бяспеку падчас заняткаў з вучнямі?
– На маршруце ўважліва кантралюем кожны рух навучэнца, імкнемся прадбачыць, як паступіць вучань у складанай сітуацыі. Пры неабходнасці выкарыстоўваем дадатковыя педалі. Вучым будучых удзельнікаў руху быць уважлівымі і асцярожнымі, заўсёды бачыць перад сабой дарожную абстаноўку і прадугледзець магчымыя дзеянні іншых удзельнікаў руху, каб не дапусціць дарожна-транспартных здарэнняў.
– Ці ёсць у вас любімы маршрут руху па гораду і чаму?
– Першапачатковыя навыкі ваджэння старанна адпрацоўваем на аўтадроме – там больш бяспечна, а пазней, калі курсант нечаму ўжо навучыўся, выязджаем на вуліцы горада. Нейкага асаблівага маршруту ў нас няма. Будучаму вадзіцелю пажадана практыкавацца на розных вуліцах і скрыжаваннях, каб падчас вучобы атрымаць як мага больш практычных навыкаў.
– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць майстар-інструктар?
– Перш за ўсё патрэбна цярпенне. У людзей розныя тэмпераменты і характары: аднаму дастаткова растлумачыць нешта адзін раз – і таго будзе дастаткова, а іншаму варта распавядаць тое ж самае і некалькі разоў, і не толькі растлумачыць, але і выканаць гэта неаднаразова на практыцы.
– Як павінен паводзіць сабе на дарозе вадзіцель у час пагаршэння пагодных умоў?
– Адразу павялічыць дыстанцыю і паменшыць хуткасць руху мінімум у два разы. Дарэчы, пра гэта варта памятаць пастаянна, не толькі пры дрэнным надвор’і. Захаванне патрэбнай дыстанцыі – аснова бяспекі на дарогах, як і захаванне хуткаснага рэжыму. І заўсёды варта быць уважлівым. Звяртаць увагу не толькі на тое, што адбываецца наперадзе, але і выкарыстоўваць бакавы зрок, каб арыентавацца ў навакольнай дарожнай абстаноўцы.
– Я шчыра ўдзячны вам за гутарку і хачу пажадаць далейшай плённай працы, а вашым вучням – паспяховай здачы экзаменаў і заўсёды спрыяльных дарожных сітуацый!

Гутарыў Аляксандр РЭПІХА.
Фота аўтара.