жыхар г.Драгічына
Адразу пасля Ражства пачынаюцца святкі – час вясёлых песень, забаў і гулянняў. Добраму святочнаму настрою спрыяла і канцэртная праграма “Калядныя сустрэчы”, якая была арганізавана на стары Новы год ў ГДК. У ёй прынялі ўдзел лепшыя самадзейныя артысты і творчыя калектывы гэтай установы культуры, якія дастойна прадстаўляюць наш раён на шматлікіх мерапрыемствах не толькі ў Драгічыне, але і за яго межамі.
У святочнай канцэртнай праграме былі прадстаўлены самыя розныя мастацкія накірункі: ад народных і сучасных песень у выкананні ансамбля “Зараначка”, вядомых салістаў Мікалая Ільюткі, Эльвіры Стэльмашук, Дзмітрыя Філіна, Таццяны Субоцька, Ірыны Юскавец, Арцёма Саладухі, Наталлі Чайкоўскай, Крысціны Клімчук, Вольгі Старажук, Дзмітрыя і Андрэя Страпка, Сяргея Біча, Дар’і Байдук і іншых – да прыгожых танцавальных нумароў, з якімі выйшлі на сцэну ансамбль “Прыгажосць” і танцавальны калектыў гарад- скога Дома культуры. Шчыра апладзіравалі гледачы і аркестру народных інструментаў Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў, які нядаўна адзначыў сваё 40-годдзе.
Пакідаючы гарадскі Дом культуры, наведвальнікі з захапленнем адзываліся пра мясцовыя “Калядныя сустрэчы” і сыходзіліся ў перакананні: каб атрымаць асалоду і задавальненне для душы, цяпер не трэба далёка ехаць, бо свае артысты – не горшыя за сталічных. Мясцовыя выканаўцы, у сваю чаргу, шчыра пажадалі прыхільнікам сваёй творчасці кахання і ажыццяўлення запаветных мараў.