Гістарычныя таямніцы даліны ракі Ясельда

Тэрыторыя вакол вёскі Какорыца ў апошні час стала адной з самых цікавых для даследчыкаў-археолагаў мясцін у нашай краіне. Ужо трэці год запар супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзяць тут летнія палявыя даследванні, а дапамагаюць ім у гэтым студэнты-гісторыкі і валанцёры. У даліне Ясельды, а таксама па паўднёвым беразе Спораўскага возера, на сёння выяўлена 16 узвышшаў, дзе яшчэ ў першабытны перыяд жылі людзі і можна знайсці рэшткі іх гаспадарчай дзейнасці, прылады працы і іншыя артэфакты. У жніўні зноў на месцы помніка археалогіі Какорыца-4 праходзілі чарговыя палявыя даследванні. Па меркаванні кіраўніка экспедыцыі кандыдата гістарычных навук Мікалая Крывальцэвіча, нашы продкі сяліліся тут, пачынаючы з 9 тысячагоддзя да н.э. Яшчэ да таго, як у Егіпце пачалі будаваць вядомыя на ўвесь свет піраміды.

– Для археалагічнай навукі какорыцкія ўзвышшы маюць вялікае значэнне. Па-першае, гэта помнікі мокрай археалогіі: яны знаходзяцца каля вады і на месцы нашых даследванняў раней стаяла вада. Па-другое, дзякуючы торфу многія рэчы, нават арганічнага паходжання, добра захаваліся. Па-трэцяе, культурныя пласты не пабураны і знаходзяцца ў сваім прыродным выглядзе. Артэфактаў вельмі шмат, асабліва з косці, на кожным квадратным метры мы знаходзім іх сотнямі, – даў характарыстыку помніку Мікалай Мікалаевіч.

Некалькі гадоў запар тут даследваецца не асноўная частка былога паселішча, а яго перыферыя, бліжэй да вады. Чаму так? У гэтым месцы можна ўбачыць, як у розныя часы рака змяняла свае берагі і аказвала ўплыў на жыццядзейнасць людзей. Географы, якія ў мінулыя гады таксама праводзілі тут даследванні, адзначылі, што два разы сюды падыходзіла пойма Ясельды і адзін раз разлівалася Спораўскае возера. Аб гэтым кажа тое, што ў профілі раскопа праглядаецца белы пясок. Клімат змяняўся, і возера павялічвалася ў сваіх памерах, балота вакол станавілася яго часткай. Зразумела, людзі адыходзілі туды, дзе вышэй.

– Асноўная частка знаходак у нас адносіцца да перыяду з 5 па 2 тысячагоддзе да н. э. Гэта частка каменнага веку (позні палеаліт, мезаліт і неаліт) і пачатак эпохі бронзы. У асноўным мы знаходзім мезалітычныя прылады працы, вырабы з косці і крэменю, элементы керамікі. Ёсць і рэчы больш ранняга часу (крамянёвыя сякеры і скрабкі), якія датуюцца перыядам з 9 па 5 тысячагоддзе да н.э. Можна вызначыць, што адразу пасля таго, як адыйшоў ледавік (у 9-8 тыс. да н. э.), людзі пачалі засяляць пясчаныя пагоркі ў гэтай мясцовасці. Спораўскае возера тады мела значна большыя памеры, – упэўнены старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Канешне, нам у першую чаргу сваімі вачамі хацелася ўбачыць знаходкі, пра якія ішла размова. Мікалай Мікалаевіч ахвотна расклаў перад намі рэчы, узрост якіх налічвае не адну тысячу гадоў. Шмат крамянёвых сякер, скрабкоў, разцоў. Яны адносяцца да перыяду позняга палеаліту і выкарыстоўваліся для скраблення, апрацоўкі шкур, дрэва і косці. Мы ўбачылі крамянёвы разец, да якога далучалася ручка. Ім рэзалі нешта жорсткае, напрыклад, шкуры жывёл. Рабочы край гэтага інструмента вылучаны і апрацаваны рэтушшу. Як прыкмеціў наш суразмоўнік, такія разцы – вельмі частая тут знаходка.

Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што сярод артэфактаў ёсць і арнаментаваныя рэчы, зробленыя з рагоў лася, аленя, зубра. Нам пашанцавала ўбачыць вельмі цікавы артэфакт – рагавы выраб, які, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваўся як клявец. На ім ёсць сляды апрацоўкі, а таксама прасвідраваная з двух бакоў дзірка. Сярод знойдзеных тут рэчаў быў і адростак рога лася з рытмічна нанесеным на яго арнаментам. Вельмі часта з такога матэрыялу нашы продкі рабілі сякеры і цяслы. Ёсць і ўпрыгожванні. У тыя часы іх ролю выконвалі зробленыя з косці падвескі, пранізкі, маністы.

Што тычыцца знаходак эпохі бронзы, тут сабрана вялікая калекцыя кавалкаў керамікі розных памераў. На многіх з іх таксама можна разлічыць арнамент. Гэта адбіткі шнура, характэрныя для археалагічнай культуры шнуравой керамікі Палесся. Узрост знаходак – канец 3-пачатак 2 тысячагоддзя да н. э.

– Вельмі шмат знойдзена рэчаў арганічнага паходжання. Яны добра захаваліся ў тарфяных пластах. Гэта косткі жывёл, фрагменты панцыра балотнай чарапахі, нават косці рыбы. Тут быў вельмі разнастайны жывёльны свет. Мы знайшлі частку пазваночніка рыбы, якая ў таўшчыню падобная на вялікую манету. Можна сабе толькі ўявіць, якая рыба вадзілася ў гэтай мясцовасці – мятровыя самы і шчупакі, – здзівіў нас навуковец.

Гэтае паселішча мела сезонны характар. Людзі не маглі жыць тут пастаянна, таму што было вельмі сыра і мокра, а прыходзілі летам для палявання і рыбалоўства. На какорыцкім балоце шмат такіх узвышшаў, якія ў старажытныя часы выкарыстоўваліся для пэўных гаспадарчых мэт. Асноўнымі заняткамі людзей каменнага веку былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Таму выжыць можна было толькі пераходзячы з месца на месца. На адно з іх людзі прыходзілі ў сезон палявання на пэўнага звера ці ў час, калі паспявалі ягады або рыба ішла на нераст і г. д. На сёння такіх узвышшаў-помнікаў зафіксавана 15-16, і гэта яшчэ не мяжа. Мікалай Крывальцэвіч выказаў меркаванне, што іх тут будзе 30 і нават болей.

–У перспектыве ў нас – даследваць цэнтральную частку ўзвышша. Там павінны быць рэшткі жытлаў, пахаванняў. Работу будзем працягваць, каб больш дакладна вызначыць, калі тут існавала паселішча, калі мясцовыя жыхары пачалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй, адкуль сюды прывозілі крэмень (хутчэй за ўсё, з сучаснага Бездзежу). Спадзяемся знайсці яшчэ бурштын, які трапляў на сучасныя беларускія землі з Балтыкі, басейнаў Віслы і Буга і меў вялікую на той час каштоўнасць. Работы тут хопіць яшчэ і малодшаму пакаленню археолагаў, – вызначыў кіраўнік экспедыцыі.

Мы спыталі ў навукоўца, ці будзе калі-небудзь створаны музей рэчаў, знойдзеных у Какорыцы.

– Канешне, калекцыя будзе кудысьці перадавацца, толькі не раней, чым у бліжэйшыя дзесяць гадоў. Такая колькасць матэрыялу вельмі доўга павінна апрацоўвацца. Каб толькі з керамікай разабрацца, патрэбна некалькі гадоў: усё трэба сабраць, склеіць, замаляваць. Касцяныя знаходкі – ідэнтыфікаваць, закансерваваць. Магчыма, у бліжэйшы час мы зробім некалькі выстаў-прэзентацый, здымем відэафільм пра нашы даследванні. Але пакуль аб гэтым гаварыць не прыходзіцца, – дадаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Разам з кіраўніком экспедыцыі і іншымі навукоўцамі ў сярэдзіне жніўня тут працавалі і валанцёры. Для кагосьці з іх гэта не першыя такія даследванні. Юнакоў і дзяўчат прываблівае палявая археалогія сваім дакрананнем да таямніц мінулага, магчымасцю знайсці нешта цікавае і ўнесці свой уклад у гістарычную навуку. Івану Русецкаму са Слоніма 17 гадоў, у гэтым годзе ён стаў студэнтам біялагічнага факультэта. Удзельнічае ў археалагічных даследваннях у якасці валанцёра хлопец з 12 гадоў. Іван пералічыў самыя цікавыя са знойдзеных ім артэфактаў. Гэта крамянёвыя сякеры, нуклеусы, рагавыя свідраваныя прылады працы і інш.

Таксама працаваў тут жыхар Бабруйску, студэнт БДУ Максім Вячэрак. Для яго гэта была сёмая па ліку археалагічная экспедыцыя. Акрамя Какорыцы-4 ён таксама ўдзельнічаў у даследваннях на тэрыторыі Лаўрышэўскага манастыра ў Навагрудскім раёне пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Тэльмана Віктаравіча Маслюкова. Хлопец мае ў калекцыі знойдзеных ім рэчаў крамянёвыя прылады працы і артэфакты эпохі Сярэднявечча.

Шмат цікавага за апошнія чатыры гады знойдзена ў Какорыцы, але не менш таямніц яшчэ ляжыць у пластах зямлі. Калі даведаемся аб новай гістарычнай сенсацыі, абавязкова вам раскажам.

Андрэй РАСАФОНАЎ

Фота Максіма РОДЗЬКА