Музыка, песні, танцы і гумар правілі баль у нядзелю на сцэне гарадскога Дома культуры. У адно захапляючае дзейства былі аб’яднаны адразу некалькі адметных мерапрыемстваў.
Па-першае, званне “народны” пацвярджалі аркестр народных інструментаў Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў, дырыжорам якога з’яўляецца Іна Падлужная, і ансамбль народнага танца “Прыгажосць” дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Чарнышова, а званне “ўзорны” – інструментальны ансамбль “Сакрэт” (кіраўнік Алена Міховіч) дзіцячай школы мастацтваў. Усе тры калектывы па-сапраўднаму народныя: гледачы розных узростаў шчыра апладзіруюць ім на канцэртах і шчыра радуюцца кожнай сустрэчы з іх творчасцю.
Па-другое, у нядзелю прайшлі і занальныя туры двух абласных фестываляў і свята народнага гумару “Спораўскія жарты”. Так, народны хор “Ветэран”пад кіраўніцтвам Галіны Весяловай выступіў у рамках адбору да ўдзелу ў абласным фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”. Адзінаццаць нумароў давялося праглядзець журы, каб вызначыць самадзейных артыстаў і калектывы, якім пашчасціць стаць удзельнікамі абласнога фестывалю сучаснага мастацтва “Эстрадны MIX”. У намінацыі “Эстрадная песня” свае вакальныя здольнасці паказалі Вольга Гваздоўская, Аляксандр Ляўчук, Марыя Краўчук, Дзмітрый Страпка, Крысціна Краўчук, Лейла Гарадзэ, Аляксей Радэня, Кацярына Зіновіч. У намінацыі “Эстрадны танец” – узорны танцавальны калектыў “Маскарад” і эстрадна-спартыўная студыя “Шалунишки”, у арыгінальным жанры пра сябе заявіў Аляксандр Мельянец.
Крыху пазней Лейла Гарадзэ і Кацярына Зіновіч мелі магчымасць прадэманстраваць і свой рэжысёрскі талент. Менавіта яны з’яўляюцца пастаноўшчыкамі мініяцюры “Вяселле”, якую ўдзельнікі народнага драматычнага калектыву Драгічынскага ГДК спадзяюцца паказаць на абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты”.
Ніна ТКАЧУК