4 чэрвеня ва ўрочышчы “Дубавое” адбудуцца спаборніцтвы санітарных дружын раёна. Для іх правядзення створана спецыяльная камісія. Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый і ўстаноў, на базе якіх створаны сандружыны, прапанавана арганізаваць належную падрыхтоўку асабовага складу дружын, абавязкова забяспечыць іх неабходнай формай адзення. Дарэчы, кожную сандружыну будзе ўзначальваць кіраўнік працоўнага калектыву.
***
Нядаўна сталі вядомы вынікі конкурсу эсэ “Перамога дзеда – мая Перамога”, прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі, які праводзіўся па ініцыятыве абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”. Са 138 допісаў школьнікаў лепшай названа работа вучня 9 “А” класа СШ №2 горада Драгічына Станіслава Боева.
***
У нашым раёне праводзіцца пастаянная работа па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, наркаманіі, інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам. Нягледзячы на гэта, цяпер на наркалагічным уліку стаяць 1404 чалавекі, у тым ліку 215 жанчын і 26 падлеткаў, а па наркаманіі 7 чалавек.
***
У мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2010 года № 69 “Аб аказанні матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобным катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад вынікаў вайны, у сувязі са святкаваннем 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” ажыццёўлена выплата матэрыяльнай дапамогі 431 грамадзяніну нашага раёна на агульную суму 90 млн. 550 тыс. рублёў.
***
На Драгічыншчыне цяпер пражывае 6 грамадзян, якія дасягнулі 100-гадовага ўзросту і больш.
***
З пачатку 2010 года ўстаноўлена права на забеспячэнне бясплатнымі прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця 309 сем’ям раёна, у якіх налічваецца 320 дзяцей. На аплату іх бясплатнага харчавання з бюджэту ўжо выдзелена 360,5 млн. рублёў.
Пётр МІШЫН.